Літоўцы прыдумалі арыгінальны спосаб развітацца з літамі – грошы заплакалі


Ад пачатку 2015 года ў Літве плануюць увесці еўра, якое заменіць цяперашнюю літоўскую валюту – літ. Прыхільнікі нацыянальных грошай прыдумалі арыгінальны спосаб развітання – на банкнотах яны дамалёўваюць слёзы.
На банкноце вартасцю 10 літаў плачуць літоўскія лётчыкі Сцяпонас Дарус і Стасіс Гірэнас, на 20-літавым слёзы лье паэт Майроніс, а на 50-літавым – патрыярх літоўскага народу Ёнас Басанавічус.
timthumb.php

Банкнота са слязамі. Фота facebook.com/pages/Verkiantys-Litai

У сацыяльнай сетцы «Facebook» паўстала адмысловая суполка «Літы, якія плачуць» для тых, хто хоча развітацца з нацыянальнай валютай праз дамаляваныя слёзы. Паводле выдання delfi.lt, гэтая група аб’ядноўвае ўжо 6 тысячаў карыстальнікаў інтэрнэту. Пасля таго, як актывісты намалююць на банкнотах слёзы, яны пускаюць літы ў далейшае абарачэнне.

Тыя, хто задумаў акцыю, не выступаюць супраць увядзення еўра, аднак падкрэсліваюць, што гэтак сімвалічна аплакваюць нацыянальную валюту.

Прадстаўнікі Банку Літвы лічаць, што пашкоджанне банкнотаў – не найлепшы сродак, каб сказаць літам «бывай». У адпаведнасці з дзейнымі правіламі, знішчаныя, брудныя ці пашкоджаныя грошы выключаюцца з абарачэння. Банкноты можна памяняць на новыя ў кожным банку.

«Акрамя фармальных патрабаванняў ёсць і маральны аспект. З 1 студзеня 2015 года Літва будзе ўжываць супольную валюту Еўразвязу – еўра. Літ зойме пачэснае месца ў гісторыі літоўскіх грошай, таму мы заклікаем годна з ім развітацца і не пашкоджваць банкнотаў», – сказала прадстаўніца Банку Літвы Дангуоле Ляўгмініене.

МЯ, belsat.eu, паводле wilnoteka.lt, delfi.lt
Стужка навінаў