«Спадзяемся на вас, як на чараўніка». Парафіяне зачыненага Чырвонага касцёлу напісалі ліст Лукашэнку


На сайце зачыненага ўладамі менскага Чырвонага касцёлу апублікаваны перадсвяточны зварот. У ім распавядаецца, у якім стане сёння знаходзіцца парафія, ужо другі год пазбаўленая святыні, а таксама размешчаны ліст да Аляксандра Лукашэнкі, да якога звяртаюцца як да чараўніка, па слове якога адкрыюцца дзверы.

Касцёл святых Сымона і Алены. Менск, Беларусь. 13 лістапада 2022 года.
Фота: Белсат

Менская парафія Святых Сымона і Алены налічвае каля 10 тысяч чалавек. Пасля закрыцця Чырвонага касцёлу парафіяне вымушаныя збірацца ў маленькай плябаніі, адключанай ад камунікацыяў. Вернікі самі дастаўляюць туды ваду.

«Працягваем шчыра прасіць Госпада, каб як мага хутчэй было адноўлена парафіяльнае жыццё ў нашым храме (…) Шчыра дзякуем тым, хто дапамагае нашым святарам сваім дзяжурствам у плябаніі, куды штодня звяртаюцца людзі ў розных духоўных патрэбах. Няхай Гасподзь аддзячыць вас, паважаныя браты і сёстры, якія рэгулярна ўжо на працягу года, прывозяць гарачую і халодную ваду ў плябанію для розных патрэб. Нашы святары штодня моляцца за сем’і нашых дабрадзеяў, якія ў цяжкі час выпрабавання для нашай парафіі не засталіся абыякавымі», – гаворыцца ў паведамленні на сайце касцёлу.

Распавядаецца, што ў нядзелю 17 снежня скаўты даставілі ў парафію Бэтлеемскі агонь – лампаду паставілі перад касцёлам, каля пахавальні Слугі Божага Эдварда Вайніловіча.

Вігілійную Святую Імшу для парафіі Святога Сымона і Святой Алены будуць адпраўляць 24 снежня а 19 гадзіне ў архікатэдральным касцёле, там жа 25 снежня а 15-й адбудзецца святочная калядная Імша.

На сайце касцёлу таксама з’явіўся ліст да Аляксандра Лукашэнкі ад імя бацькоў дзяцей парафіі, якіх сярод вернікаў больш за 1,5 тысяч. Сцвярджаецца, што менавіта дзеці настаялі на публікацыі «ліста Каляднай надзеі». Прыводзім яго тэкст (у арыгінале ён апублікаваны па-расейску):

«Паважаны Аляксандр Рыгоравіч! Мы – парафіяне касцёлу Святога Сымона і Святой Алены, сямейныя пары, бацькі і дзеці. Набліжаецца час Божага Нараджэння і Новага году – час, калі ўсе людзі, вернікі яны ці атэісты, чакаюць калядных і навагодніх цудаў. Для нас, дарослых і маленькіх парафіянаў, цудам можа быць толькі адно – дзверы касцёлу адчыняцца, і мы зможам там маліцца. Маліцца пра здароўе сваіх сем’яў, дабрабыце сваёй краіны і яе жыхароў.

Дзеці ўсяго свету загадваюць свае жаданні, малююць і пішуць лісты Дзеду Марозу ці Санта Клаўсу. Нашыя дзеці ў сваіх малюнках да свята Божага Нараджэння малююць расчыненыя дзверы Чырвонага касцёлу. Мы, іхныя бацькі, звяртаемся да Вас: напярэдадні зімовых святаў дапамажыце нам паверыць у цуды, дапамажыце нам адчыніць дзверы касцёлу, дапамажыце мець магчымасць прыходзіць да Бога менавіта ў наш улюбёны касцёл, станавіцца дабрэйшымі, больш велікадушнымі, больш цярплівымі ў яго сценах. Спадзяемся на Вас, як на чараўніка; Вашае слова – і дзверы адчыняцца, і людзі змогуць увайсці». Рамонты, пашкоджаная праводка, іншыя абставіны – нічога немагчымага няма для таго, хто здольны дапамагчы.

З вялізнай верай у цуд і надзеямі, дарослыя і маленькія грамадзяне нашай Беларусі».

Гісторыі
Забраны і забыты: год таму ўлады зачынілі Чырвоны касцёл. Чаго рэжым хоча ад каталікоў?
2023.09.26 08:00

Чырвоны касцёл у Менску зачынены ўжо 15 месяцаў. Паводле афіцыйнай версіі Міністэрства надзвычайных здарэнняў, уночы 26 верасня 2022 года, у 03:35, у касцёле Святых Сымона і Алены ў Менску спрацавала пажарная сігналізацыя. Нібыта загарэлася электраправодка і была пашкоджаная маёмасць на плошчы каля 20 кв.м. Тады практычна разам з МПЗ прыбылі АМАП і Следчы камітэт, якія забралі са збудавання камп’ютары і сістэму відэаназірання.

Неўзабаве адмысловая камісія вырашыла «часова забараніць эксплуатацыю будынку», каб аднавіць працу сістэмаў пажаратушэння, электрычнага абсталявання і праводкі, абследаваць канструкцыі. Аднак вернікі падкрэслівалі, што ў выніку ўзгарання амаль нічога не пацярпела. Пасля гэтага КУП «Менская спадчына» скасавала дамову арэнды, а ад каталіцкай абшчыны запатрабавалі вызваліць будынак для правядзення рамонту. Таксама пасля пажару ў прадстаўнікоў касцёлу ўзніклі цяжкасці з уваходам у будынак, яны не маглі забраць нават свае асабістыя рэчы.

Вернікі ў спадзеве вярнуць касцёл працягваюць пісаць звароты да чыноўнікаў. Чарговы з іх напярэдадні гадавіны закрыцця святыні яны накіравалі ў Адміністрацыю Лукашэнкі, аднак сустрэцца з каталікамі чыноўнікі не пажадалі.

Працы па аднаўленні касцёлу плануюць пачаць толькі ў наступным годзе.

Hавiны
Рамонтныя работы ў Чырвоным касцёле пачнуцца толькі ў наступным годзе
2023.10.25 18:16

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў