Папаўненне «экстрэмісцкага» і «тэрарыстычнага» спісаў, ператрус у назіральніка: рэпрэсіі 20 снежня


Серада 20 снежня адзначылася навіной пра тое, што ў нобэлеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч беларускія ўладу хочуць забраць менскую кватэру. Таксама стала вядома пра шэраг затрыманняў і ператрус у назіральніка на выбарах 2020 года. Хроніка рэпрэсіяў – у нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Engin Akyurt / Pexels

Беларускай пісьменніцы, нобэлеўскай лаўрэатцы Святлане Алексіевіч пагражаюць, што могуць забраць ейную менскую кватэру. Пра гэта паведаміла ў X абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская.

Пісьменніца набыла кватэру ў Менску за сродкі ад Нобэлеўскай прэміі. У верасні 2020 года, калі Алексіевіч увайшла ў прэзідыум Каардынацыйнай рады, у кватэру спрабавалі трапіць сілавікі. Але, каб не дапусціць гэтага, да пісьменніцы на знак салідарнасці прыходзілі заходнія дыпламаты. Пасля гэтага Святлана Алексіевіч з’ехала ў Берлін, дзе цяпер жыве.

Hавiны
Ціханоўская: Нобэлеўскай лаўрэатцы Алексіевіч пагражаюць, што забяруць менскую кватэру
2023.12.20 08:40

У судзе Маскоўскага раёну Берасця 14 снежня асудзілі Ірыну Санкоўскую паводле арт. 370 КК РБ («Глумленне з дзяржаўных сімвалаў»), ч. 1 арт. 368 КК («Абраза прэзідэнта»), арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»). Суддзя Марыя Аліфярук прызначыла Ірыне адзін год і шэсць месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Жанчыну абвінавацілі ў тым, што яна пакінула каментары ў тэлеграм-чаце ў бок Лукашэнкі і Юрыя Караева, якія суд палічыў абразлівымі. Таксама жанчына апублікавала выяву чырвона-зялёнага сцяга, на фоне якога была выяўлена нацысцкая свастыка.

Сяргей Бяляеў. Крыніца: Праваабарончы цэнтр «Вясна» / Telegram

Праваабаронцам стала вядома, што напрыканцы мінулага тыдня ў Бабруйску правялі ператрус у Сяргея Бяляева, які з’ехаў з Беларусі два гады таму. Нагодай для ператрусу, верагодна, стала тое, што Бяляеў быў актыўным удзельнікам выбарчай кампаніі 2020 года і назіральнікам за выбарамі.

У Беларусі 16 новых палітвязняў. Гэта: Андрэй Цалюк, Сяргей Грыцэня, Аляксандр Жандараў, Іван Пуздроў, Вадзім Саскавец, Сяргей Навумчык, Андрэй Сініцкі, Дзмітрый Удалееў, Мікалай Амельчанка, Максім Фралоў, Таццяна Трафімчык, Іван Кашко, Аляксей Маеўскі, Аляксей Кавалёў, Андрэй Лаўрыновіч, Кірыл Крошкін.

Як мінімум 13 медыкаў з Горадні судзілі ў лістападзе за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, піша Hrodna.life. Сярод аштрафаваных – нейрахірург і неанатолаг. Як правіла, медыкаў паводле арт. 19.11 КаАП штрафавалі на 10−30 базавых велічыняў (370−1100 рублёў). У некаторых таксама канфіскавалі тэлефоны. Аднаго медыка арыштавалі на 3 содняў з канфіскацыяй мабільнага тэлефону.

Таксама судзілі трох медсясцёр, лекара, лекара-тэрапеўта, супрацоўніцу БХМД. Судзілі за падпіскі «УКантакце», Facebook і Instagram, рэпосты ў «Аднакласніках», падпіскі на Zerkalo і «Официальная группа Хартыяʼ97», і захоўванне «візуальнай экстрэмісцкай прадукцыі».

ГУБАЗіК затрымаў жыхара Нарачы. На «пакаяльным відэа» затрыманы кажа, што распаўсюджваў нацысцкую сімволіку і пакідаў «палітычныя каментары».

Таксама сілавікі затрымалі дваіх жыхароў Берасця. На «пакаяльным відэа» яны «прызнаюцца» ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту ў абласным цэнтры.

Hавiны
Instagram-старонка Лявона Вольскага прызнаная «экстрэмісцкай»
2023.12.20 19:41

Міністэрства інфармацыі Беларусі папоўніла Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Сярод іншых, «экстрэмісцкай» была прызнаная Instagram-старонка Лявона Вольскага. Адпаведнае рашэнне прынятае судом Ленінскага раёну Берасця 19 снежня.

У «спіс тэрарыстаў» унеслі яшчэ шасцярых беларусаў. Сярод іх 61-гадовы Алег Ермаковіч, прадпрымальнік Валянцін Штэрмер, 43-гадовы Аляксандр Піскуноў, 58-гадовы Уладзімір Ворашань, 37-гадовы Аляксандр Яшкін, 32-гадовы Аляксей Кузьмін. Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1 156 чалавек, з іх 397 – беларусы.

Аляксей Навагродскі. Крыніца: Праваабарончы цэнтр «Вясна» / Telegram

48-гадовага айцішніка Аляксея Навагродскага судзяць за «здраду дзяржаве». Мужчына доўгі час жыў у Нямеччыне, але вярнуўся ў Беларусь. Невядома, калі яго затрымалі, але ў апошні раз ён быў онлайн на сваёй старонцы «Укантакце» 29 снежня 2022 года, хоць раней заходзіў туды рэгулярна. Суд над Аляксеем пачаўся 18 снежня ў Гарадзенскім абласным судзе. Справа закрытая і сутнасць яе невядомая. Аляксею пагражае да пятнаццаці гадоў пазбаўлення волі паводле арт. 356 КК РБ – «Здрада дзяржаве».

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў