У бліжэйшы час на тэрыторыі Беларусі Расея плануе правядзенне шэрагу тэрактаў – штучна справакаваных тэхнагенных катастроф на аб’ектах крытычнай інфраструктуры. Пра гэта паведамляе Галоўнае ўпраўленне выведкі Міністэрства абароны Украіны.
Паводле ўкраінскай выведкі, зладзіць тэракты плануецца на памежных з Еўрапейскім Звязам і Украінай тэрыторыях у Гарадзенскай і Берасцейскай вобласцях, у тым ліку на Беларускай АЭС.
«Распрацоўкай і рэалізацыяй «праекту» займаюцца расейскія спецслужбы. У той жа час беларускі КДБ проста праінфармаваны. Адказнымі за тэракты традыцыйна прызначаць грамадзянаў краін NATO і Украіны, якія будуць пераапранутыя ў беларускую ваенную форму», – гаворыцца ў паведамленні.
Таксама адзначаецца, што падраздзяленні беларускіх КДБ, МУС і памежнікі ўжо прыведзеныя ў стан павышанай баявой гатовасці.
«На думку распрацоўнікаў «праекту», усё гэта павінна паскорыць уцягванне беларускай арміі ў вайну ва Украіне на баку акупантаў. А таксама стварыць неабходную для крамля грамадскую думку ў беларускім грамадстве», – заявілі ва ўкраінскай выведцы.
Тым часам 19 і 20 лістапада аднавіліся абстрэлы Запарожскай АЭС. У выніку пашкоджанняў стала немагчыма запусціць два энергаблокі ЗАЭС, якая мусіла пайсці на патрэбы ўкраінскіх электрасетак.
Якуб Хруст belsat.eu