Лявон Вольскі пра дзяржаўны шоу-бізнес: Сабралі трох зорак, якія цяпер застаюцца з гэтай уладай, і паехалі


Лявон Вольскі.
Фота: Белсат

Твар беларускага шоу-бізнесу пасля выбараў істотна змяніўся. Многія з тых, хто цяпер мае дазвол на канцэрты і бярэ ўдзел у праўладных імпрэзах, не знаёмыя шырокаму колу беларусаў. Чорныя спісы артыстаў у Беларусі з’явіліся яшчэ задоўга да мінулых выбараў – у пачатку 2000-х. Лявон Вольскі быў адным з першых, хто ў іх трапіў. Але ён распавядае «Белсату», як тыя спісы адрозніваліся ад сённяшніх. І як музыкі спрабавалі іх абыходзіць.

– У 2004-м тыя, хто забараняў, рабілі гэта ўпершыню. Для іх гэта быў першы досвед. Яны не ведалі, як гэта рабіць, бо з канца 80-х забараняць нічога было нельга. Падчас першай забароны мы маглі рабіць нейкія напалову падпольныя акцыі, напрыклад, у рэстаране, дзе ёсць сцэна. З’яўляўся таямнічы арганізатар, ён дамаўляўся. Я так разумею, што кантрольныя органы гэта ўсё бачылі. Пачынаючы з 2010-га, ужо нічога нельга было. Толькі кватэрнік і з-за мяжы. Больш нічога. Людзі ведалі, што з намі небяспечна звязвацца. І калі ўлада не мяняецца – ты назаўсёды ў гэтым спісе.

– Вы ў сваёй музыцы ўжо даўно выказваліся супраць дзейнай улады. А ёсць артысты, якія выказаліся толькі пасля выбараў. Як вы да іх ставіцеся?

– Іх можна зразумець. Яны рабілі сваю справу, зараблялі нармальна грошы, мелі шэраг аматараў творчасці альбо дзяржаўную падтрымку. Бо там свае нюансы дзяржаўнага беларускага шоу-бізнесу. У іх была схема: 40 % прафсаюзных. Гэта калі менеджар прыязджае ў нейкі горад, на паспяховае прадпрыемства, і гаворыць, што, маўляў, у нас дзяржаўны артыст, на ягоным канцэрце сам прэзідэнт быў, таму забяспечце 40 % яўкі вашых супрацоўнікаў на канцэрт. Калі 40 % забяспечваецца, тады яны ў плюсе. Плюс у дзяржаўных выканаўцаў ільготы, ім не трэба арэнды плаціць. А ў незалежных вельмі ўшчэмленае становішча ў параўнанні з дзяржаўнымі. Таму шмат музыкаў было ў гэтай структуры, яны хочуць проста іграць. Некаторыя з іх вымушаныя проста гэтым займацца. І мне іх шкада.

Лявон Вольскі падчас выступу ў Менску.
Фота: Белсат

– Што сабой уяўляе дзяржаўны шоу-бізнес?

– Дзяржаўныя зоркі спяваюць пад «мінус 1», але, калі няма, тады пад «фанеру». У іх няма моцнай градацыі. Проста зарабляюць грошы. Дзяржаўны шоу-бізнес часта бывае такі, што дзве калоначкі загрузілі ў машынку, сабралі дзвюх-трох зорак, якія цяпер застаюцца з гэтай уладай, і паехалі. Цэнтр Паплаўскай і Ціхановіча гэта быў. У мінівэн загружалі дзве калонкі на 200 ватаў, пульцік, мікрафон, стойку. Тэхнік, ён жа гукарэжысёр, ён жа кіроўца гэтага мінівэна давозіць артыстаў да пансіянату, напрыклад, «Беларусачка», дзе масава адпачываюць расейскія пенсіянеры. Атрымалі грошы, загрузіліся зноў у гэты мінівэн, паехалі ў другі пансіянат. Дзяржаўны шоу-бізнес. Такім чынам гэта робіцца.

Чытайце таксама:

АМ belsat.eu

Стужка навінаў