Сілавікі вярнуліся з адпачынкаў? Праваабаронцы заўважылі ўзмацненне рэпрэсіяў у Беларусі


Кіраўнік фонду «BySol» Андрэй Стрыжак заявіў «Белсату», што ў верасні ў беларускіх сілавікоў здарылася абвастрэнне: вырасла колькасць затрыманняў, ды і дзейнічаць яны сталі больш брутальна. Паводле адной з версіяў, гэта можа быць звязана з завяршэннем сезону адпачынкаў, пасля якога рэпрэсіўная машына запрацавала з новай сілай.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Затрыманне ў Менску ў лютым 2022 года.
Фота: Белсат

«У кастрычніку мы вельмі добра адчулі дынаміку, здарылася некалькі важных гісторыяў і агулам павысілася колькасць зваротаў і праблемных пунктаў», – кажа «Белсату» заснавальнік і кіраўнік фонду «BySol» Андрэй Стрыжак.

Ён адзначыў, што апошнім часам паболела выпадкаў, калі на эвакуацыю асобы, што звярнулася па дапамогу, застаецца вельмі мала часу.

«Раней былі сітуацыі, што людзі або мелі даволі простыя гісторыі, або вызначыліся, што трэба з’язджаць праз гіпатэтычную пагрозу, то зараз нам даводзіцца выцягваць, калі атрымліваецца, ледзь не ў апошні момант, і часта людзі не паспяваюць, і іх арыштоўваюць», – канстатаваў Стрыжак.

З меркаванняў бяспекі раскрываць падрабязнасці такіх гісторыяў ён не стаў:

«Маецца шмат непублічных гісторыяў, якія пачалі з’яўляцца апошнім часам, пазней пра іх можна будзе казаць адкрыта. Паболела больш цяжкіх кейсаў – больш пільных, больш складаных, калі ўжо маюцца канкрэтныя дзеянні з боку сілавых структураў. Гэта і спробы вербавання, і брутальныя затрыманні, і гэта працяг практыкі пераследу за данаты».

Прасачыць нейкую логіку ў цяперашніх затрыманнях складана. «Шмат людзей, скажам так, з розных слаёў, людзей рознай ступені актыўнасці. Гэта не адна нейкая група, гэта людзі, якія нешта рабілі ў 2020 годзе. І розныя акцыі – вобшукі, затрыманні, арышты – вядуцца дастаткова брутальна», – заўважыў кіраўнік «BySol».

Андрэй Стрыжак. Вільня, Літва. 19 верасня 2023 года.
Фота: Белсат

З чым звязаная актывізацыя рэпрэсіўнага апарата, невядома. «Былі версіі, што гэта рыхтаванне да выбараў, дык да іх яшчэ далёка. Другая версія, што ў іх скончыўся летні сезон адпачынкаў, і яны пачалі працаваць больш актыўна», – кажа Стрыжак.

Таксама нельга выключаць, што сілавікі схапілі некага, у каго знайшлі інфармацыю аб іншых асобах, або скончылі апрацоўваць нейкую базу дадзеных, або ўзламалі чыйсь сканфіскаваны камп’ютар.

Hавiны
Польшча абвесціла ў вышук сілавікоў Лукашэнкі, датычных да рэпрэсіяў
2023.10.09 21:40

Паводле апошняй статыстыкі праваабарончага цэнтру «Вясна», у верасні зафіксавана 245 выпадкаў – тут лічацца затрыманні, судовыя пасяджэнні, вобшукі, арышты і штрафы. За кастрычнік падагульненых звестак пакуль няма.

Пры гэтым штодня праваабаронцы паведамляюць пра факты рэпрэсіяў, што не спыняюцца пасля пратэстаў 2020 года.

З апошніх выпадкаў, што адбыліся ў цягам апошніх тыдняў – затрыманне мужчын, якія нібыта дарылі кветкі ўдзельніцам мітынгаў, кіраўнікоў танцавальнай студыі ў Менску, штрафы і арышты за фотаздымкі з Пагоняю або бел-чырвона-белым сцягам у сацсетках, за срэбна-чырвоныя святлоадбівальнікі на ровары (міліцыянты і суддзя пабачылі спалучэнне белага і чырвонага ды палічылі гэта пікетаваннем).

Агляд
6 гадоў за данаты і аблавы на цэнтры, дзе вучаць польскай мове. Рэпрэсіі 18 кастрычніка
2023.10.19 00:32

Затрымлівалі работнікаў «Белспецэнерга», «Нафтану», «Паліміра», «Магілёўхімвалакно», нібыта за «непадпарадкаванне» судзілі блогерку Ганну Бонд (інфармацыя афіцыйна не пацверджаная, вырак невядомы), арыштавалі і звольнілі з дзіцячай спартовай школы бацькоў і брата самбіста Сцяпана Папова.

Беларусаў працягваюць хапаюць за словы падтрымання Украіны ў сацсетках, за падпіску на «экстрэмісцкія» старонкі і акаўнты, за ўпадабанні «не тых» допісаў, за данаты беларускім добраахвотнікам і ў фонды салідарнасці.

Паводле непацверджаных звестак, у візавых цэнтрах былі затрыманыя некалькі беларусаў, якія некалі ўдзельнічалі ў пратэстах, а цяпер падвалі дакументы на польскую візу.

Асацыяцыю беларускага бізнесу за мяжою прызналі экстрэмісцкім фармаваннем, а сайт праекту «Нашы грошы», які піша толькі пра эканоміку, – экстрэмісцкімі матэрыяламі.

Hавiны
Суд над унукам вядомага футбаліста, смяротны прысуд і новае «экстрэмісцкае фармаванне»
2023.10.20 00:03

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў