Прысуды за богаслужэнні, журналістыку і немаведама што. Хроніка рэпрэсіяў у Беларусі 20 верасня


«Белсат» працягвае расказваць пра факты рэпрэсіяў беларускага народу рэжымам Лукашэнкі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: pikist.com

Вярхоўны Суд разгледзеў апеляцыйную скаргу журналісткі «Белсату» Кацярыны Андрэевай і пакінуў вырак без зменаў: 8 гадоў і 3 месяцы пазбаўлення волі. Але пры гэтым крыху змянілася фармулёўка абвінавачання. Адпаведнае рашэнне прынялі на паседжанні Вярхоўнага Суда 20 верасня. Разгляд апеляцыйнай скаргі адбываўся ў закрытым рэжыме. Цяпер прысуд набыў моц. Журналістку неўзабаве маюць этапаваць з гомельскага СІЗА № 3, дзе Кацярына была з лютага 2022 года, у папраўчую калонію.

Артыкулы
Вярхоўны Суд пакінуў без зменаў пакаранне для Кацярыны Андрэевай
2022.09.20 13:54

Пракурор патрабуе пакараць былую журналістку дзяржаўнага тэлебачання Ксенію Луцкіну пазбаўленнем волі на 8 гадоў. У працэсе над Ксеніяй адбыліся спрэчкі бакоў. 21 верасня журналістка павінна выступіць з апошнім словам. Яе абвінавачваюць у «Змове ці іншых дзеяннях, здзейсненых з мэтай захопу дзяржаўнай улады».

Мастака і былога кіраўніка творчай суполкі «Пагоня» Генадзя Драздова затрымалі ў сярэдзіне жніўня. Суд прызначыў яму 15 сутак арышту, але на волю ён так і не выйшаў, паведамляе «Наша Ніва». 19 верасня ў тэлеграм-канале сілавікоў з’явілася «пакаяннае відэа» з мастаком, у якім ён кажа, што затрыманы «невядома за што». Паведамляецца, што супраць Генадзя «заведзеная крымінальная справа за актыўны ўдзел у акцыях пратэсту».

Судовы працэс у «справе Аўтуховіча» з 19 верасня абвясцілі закрытым. Фігурант справы палітвязень Уладзімір Гундар зноў абвясціў галадоўку і на 10 содняў трапіў у карцар гарадзенскай турмы №1.

Мікалая Аўтуховіча таксама змясцілі ў карцар на 10 содняў. Яго ўтрымліваюць за кратамі больш за 21 месяц. Аўтуховіча абвінавачваюць па 12 артыкулах Крымінальнага кодэксу. З 11 ліпеня па 1 жніўня Аўтуховіч трымаў галадоўку, пратэстуючы супраць таго, што яму перадаюць лісты толькі ад маці і не дастаўляюць газет.

У Менску затрымалі пастара евангельскай царквы «Новае жыццё» Вячаслава Ганчарэнку. Раніцаю 20 верасня пастара запрасілі на размову ў Фрунзенскі РАУС, а потым дзяржалі да суда. А 14:00 2- верасня адбыўся суд, Ганчарэнку  прызначылі штраф у памеры 100 базавых велічынь за правядзенне сходу 18 верасня 2022 года і адпусцілі. Цягам апошніх двух гадоў вернікі царквы «Новае жыццё» кожную нядзелю ладзілі набажэнствы на паркінгу каля будынку царквы, які раней у прыходу забралі ўлады.

У судзе Цэнтральнага раёну Менска 20 верасня вынеслі прысуды траім палітзняволеным: Анатолю Латушку, Ліліі Ананян і Алене Маліноўскай, паведамляе «Вясна». Анатоль прыходзіцца стрыечным братам Паўлу Латушку. Іх затрымалі 31 студзеня за маляванне па трафарэце на паштовых скрынях у падʼездах герба «Пагоня» і змясцілі пад варту. Пасля затрымання Анатоля моцна збілі. Палітвязняў асудзілі па пяці артыкулах Крымінальнага кодэксу. На судзе Латушка і Маліноўская віну не прызналі, Ананян – прызнала цалкам. Суддзя Дзмітрый Карсюк  прысудзіў Латушку 6 гадоў калоніі, Маліноўскай – 4 гады калоніі, Ананян – 5 гадоў хатняй хіміі, яе вызвалілі ў зале суда. Латушку яшчэ аштрафавалі на 300 базавых велічынь, ён павінен кампенсаваць шкоду пацярпелым.

Аналітыка
Палітвязень Уладзімір Гундар зноў галадае. Што вядома і чаму закрылі працэс у «справе Аўтуховіча»
2022.09.20 18:38

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў