«Калі мы з Расеяй – значыць, з Расеяй». Лукашэнка разгледзеў абноўленую Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі


Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з дзяржаўным сакратаром Савету бяспекі Аляксандрам Вальфовічам 20 верасня абмеркаваў абноўленую Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка і Аляксандр Вальфовіч.
Фота: БелТА

Перад разглядам канцэпцыі Лукашэнка заявіў Вальфовічу, што яна павінна быць «абсалютна шчырая»:

«Не трэба нічога хаваць, зыходзячы з нейкіх палітычных матываў ці нават эканамічных. Мы павінны шчыра прапісаць тыя рызыкі, пагрозы, якія існуюць, і нашую рэакцыю на іх. Каб і суседзі, і іншыя ведалі, як мы будзем рэагаваць. Каб не казалі, што для некага гэта была нечаканасць».

Канцэпцыя бяспекі Беларусі абнавілася на 70 %. У пералік стратэгічных нацыянальных інтарэсаў цяпер уваходзяць «гістарычная памяць», «канстытуцыйная катэгорыя «народ» і яго ўсямерная абарона». Прапісаныя новыя нацыянальныя інтарэсы: «сацыяльная адказнасць грамадзянаў, а не толькі дзяржавы», бяспека персанальных звестак, развіццё атамнай энергетыкі, біялагічная бяспека.

Асобна Лукашэнка выказаўся пра саюз з Расеяй:

«Калі мы з Расеяй – значыць, з Расеяй. Мы стварылі абаронную прастору, у нас агульныя ўзброеныя сілы фактычна. Нашая армія на вастрыі. Дзеіць рэгіянальная групоўка. І няхай ніхто там нас не крытыкуе і не робіць з гэтага нейкіх ні то фэйкаў, ні то надзвычайных заяваў, што «ах, ох, там вось Лукашэнка, расейскія войскі ды іншае». А што тут дзіўнага? Мы даўно пра гэта заявілі. Ужо, напэўна, гадоў 20, як мы дамовіліся пра гэта».

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў