Супраць жыхаркі Івацэвічаў, якой прысудзілі «хатнюю хімію» за смайлік, могуць распачаць новую справу


Працаўнікі міліцыі наведаліся да жыхаркі Івацэвічаў, якую раней асудзілі нібыта за абразу міліцыянта Руслана Куцка, які працуе ў Івацэвіцкім РАУС. Паводле міліцыянтаў, супраць Вольгі могуць завесці яшчэ адну крымінальную справу.

Вольга распавяла «Белсату», што міліцыянты патэлефанавалі 19 жніўня і паведамілі, што мусяць дапытаць яе ў справе каментароў у Telegram-чаце «Салідарнасць Івацэвічы».

«Я была ў банку, мне патэлефанавалі з міліцыі і запыталі, дзе я. Я распавяла, што ў банку. Калі выйшла, то яны чакалі мяне, пасадзілі з дзіцём у машыну і паехалі да мяне дадому.

Там яны прапанавалі знайсці сведак і пасля гэтага забралі мой тэлефон. Я пачала патрабаваць, каб мне яго вярнулі, бо мушу патэлефанаваць адвакату. Але супрацоўнік пачаў штурхаць мяне, абражаць. Я не стрымалася і ўдарыла яго ў грудзі. У выніку яны выклікалі нарад, каб забраць мяне ў СІЗА. Але тэлефон апынуўся ў маіх руках, і я патэлефанавала адвакату. Дзіця спалохалася і пачало плакаць. Адвакатка пачула ўсё і пачала казаць на гучнай сувязі, што яны не могуць мяне забраць, бо дачка застанецца сама. У выніку міліцыянты адмянілі выклікі. Але забралі мой тэлефон на экспертызу», – распавяла Вольга К.

Артыкулы
2 гады «хатняй хіміі» і 2 тысячы рублёў маральнага кампенсаванн за абразу міліцыянта з Івацэвічаў
2021.08.04 12:25

Жанчына прызнае, што пасля суда, калі яе прызналі вінаватай у абразе міліцыянта, у чаце напісала каментар, у якім адзначыла, што жадае, каб «спагнаныя грошы пайшлі яму на пахаванне».

Паводле Вольгі, міліцыянт пабачыў гэты каментар і напісаў заяву. Падчас ператрусу міліцыянты папярэдзілі жанчыну, што супраць яе могуць распачаць яшчэ адну крымінальную справу.

Нагадаем, у пачатку жніўня Вользе К. нібыта за абразу міліцыянта Руслана Куцка прысудзілі паўтара года «хатняй хіміі» і 2 тысячы рублёў маральнай кампенсацыі. Абразаю суд палічыў смайлік у выглядзе фекаліяў з усмешкай, які жанчына пакінула пад здымкам міліцыянта ў сеціве.

Hавiны
У Магілёве вынеслі прысуд 81-гадовай пенсіянерцы за абразу Лукашэнкі. Відэа з ёй трапіла ў TikTok
2021.08.19 13:30

СК belsat.eu

Стужка навінаў