За антываенную пазіцыю ў Расеі былі пакараныя 21 000 чалавек


Паводле «Amnesty International», цягам 2022 года ў Расеі былі пакараныя больш як 21 000 чалавек, якія выказваліся супраць вайны ва Украіне, піша «DW».

«Amnesty International».
Фота: imago stock&people / Global Look Press

Гэтыя звесткі прыводзяцца ў новым дакладзе міжнароднай праваабарончай арганізацыі «Amnesty International», апублікаваным 20 ліпеня.

У дакладзе, у прыватнасці, гаворыцца пра тое, што ў Расеі здушэнне іншадумства «ўсеабдымнае». На тое, каб прымусіць людзей маўчаць і не выказвацца супраць захопніцкай вайны, скіраваны цэлы шэраг захадаў. У выніку несправядлівых працэсаў людзі трапляюць у турэмнае зняволенне ці атрымліваюць буйныя штрафы, адзначаюць аўтары.

Адною з тактык, якія найбольш шырока выкарыстоўваюцца супраць людзей з антываеннымі настроямі, ёсць адміністратыўны разбор. Гэта патрабуе найменшага аб’ёму дакументацыі і дазваляе ўладам пераследаваць дзясяткі тысяч асобаў за розныя «адміністратыўныя парушэнні». У той жа час, адзначаюць праваабаронцы, хоць гэтыя парушэнні лічацца нязначнымі, пакаранні за іх бываюць супастаўляльнымі ці нават большымі, чымся за крымінальныя злачынствы.

Згодна з «Amnesty International», большасць асобаў, якія адчулі на сабе рэпрэсіі за антываенную пазіцыю, атрымалі штрафы, у той жа час 2307 з іх былі арыштаваныя. За «фэйкі пра армію» і «паўторную дыскрэдытацыю» ўзброеных сілаў Расейскай Федэрацыі былі прыцягнутыя да адказнасці больш за 150 чалавек.

Аўтары дакладу называюць рэпрэсіўныя законы, прынятыя ў Расеі, абсурднымі, яны задакументавалі выпадкі, калі некаторых грамадзянаў краіны прыгаворвалі да зняволення ў лагерах – такіх людзей арганізацыя прызнае палітычнымі вязнямі.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў