Аляксандр Лукашэнка 20 ліпеня правёў нараду з кіраўнікамі беларускіх дыпламатычных установаў за мяжой. На ёй ён, сярод іншага, застрашваў наступствамі ў выпадку, калі яны перастануць яго падтрымліваць.
«Цырымоніцца не будзем. Зрабіце для сябе высновы. Усе, хто не апраўдаў высокага звання дыпламата, пазбаўленыя адпаведных пасадаў. Так будзе і надалей», – цытуе яго «Пул Первого».
Агулам, паводле яго, дыпламаты павінны быць «або з прэзідэнтам, або такія кадры краіне не патрэбныя».
«Прыйшоў час усю сістэму сур’ёзна страсянуць. Яшчэ раз падкрэсліваю: кіраўніку ўраду, Адміністрацыі, міністру трэба даць прынцыповую ацэнку працы з кадрамі нашага вонкавапалітычнага ведамства», – сказаў Лукашэнка.
Ён адзначыў, што «ў міністэрстве павінны дакладна разумець, што сучасны свет не абмяжоўваецца толькі краінамі Еўрапейскага Звязу». Ён прывёў у прыклад такія краіны, як Кітай, Індыя, Пакістан, Вʼетнам, Турцыя, краіны Афрыкі, Лацінскай Амерыкі, Блізкага Усходу.
Нагадаем, што пасля выбараў 2020 года праз нязгоду з фальсіфікацыяй волевыяўлення народу і гвалтам з боку сілавікоў свае пасады пакінулі кіраўнікі беларускіх амбасадаў у Славаччыне і Аргентыне (па сумяшчальніцтве таксама ў Перу, Парагваі і Уругваі). Быў пазбаўлены пасады і амбасадар Беларусі ў Латвіі. Таксама з МЗС сышло шмат супрацоўнікаў сярэдняга звяна.
МГ belsat.eu