Кракаўская дыяспара праводзіць летні фестываль беларускай культуры


Беларуская дыяспара ў Кракаве 29 ліпеня ладзіць Вялікі Пікнік. Гэта сямейны фестываль беларускай культуры, поўны розных актыўнасцяў, які адбываецца чацвёрты год запар. Гэтым разам ён пройдзе ў парку Jordana, уваход на мерапрыемства вольны.

Вялікі Пікнік у Кракаве, які арганізавала беларуская дыяспара ў Кракаве. 9 ліпеня 2022 года.
Фота: bialorusiniwkrakowie.pl

Сёлета Пікнік займеў афіцыйную назву Letucień і свой унікальны дызайн, а яго арганізацыяй займаецца больш за 40 чалавек, усе валанцёры. Мэта фестывалю – аб’ядноўваць беларусаў і беларусак, каб умацоўваць дыяспару ў Кракаве і разам увасабляць у жыццё карысныя і яркія праекты.

На Пікніку плануюцца:

  • трохгадзінны канцэрт з беларускімі музыкамі на галоўнай сцэне;
  • вялікая дзіцячая пляцоўка з гульнямі, конкурсамі, квэстам і заняткамі;
  • пляцоўка салідарнасці з палітзняволенымі;
  • DJ-зона;
  • спартовая зона з конкурсамі і актыўнасцямі – беларускія народныя танцы, валейбол, бадмінтон, ёга і іншае;
  • адукацыйная пляцоўка з чатырма выступоўцамі;
  • зона майстар-класаў для працы рукамі – маляванне, пляценне, ганчарства і іншае;
  • фудтракі з ежай і напоямі;
  • кірмаш з беларускімі і ўкраінскімі майстрамі;
  • мерч у лімітаванай серыі.

Каманда Пікніка збірае грошы на яго арганізацыю: яны пойдуць на арэнду намётаў, сталоў і крэслаў, арганізацыю санітарнай зоны, ганарары артыстам і выступоўцам, дзіцячым аніматарам, набыццё матэрыялаў для мастацкіх майстар-класаў. На момант публікацыі беларусы ахвяравалі на Пікнік больш за чатыры тысячы злотых. Падтрымаць фестываль можна на сайце Zrzutka.pl.

У мінулым годзе ў фестывалі ўдзельнічалі да трох тысяч чалавек, на сцэне выступалі Shuma і Dlina Volny, а на адукацыйнай пляцоўцы расказвалі пра нейрасеткі і беларускую сімволіку. Таксама на фестывалі гралі беларускія дыджэі, адбываліся майстар-класы пляцення і малявання, а дзеці забаўляліся на пляцоўцы з гульнямі і заняткамі.

Вялікі Пікнік у Кракаве, які арганізавала беларуская дыяспара ў Кракаве. 9 ліпеня 2022 года.
Фота: bialorusiniwkrakowie.pl
Вялікі Пікнік у Кракаве, які арганізавала беларуская дыяспара ў Кракаве. 9 ліпеня 2022 года.
Фота: bialorusiniwkrakowie.pl

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў