Дзясяткі людзей гінуць і знікаюць: што сёння адбываецца на мяжы Беларусі і ЕЗ


20 чэрвеня адзначаецца Міжнародны дзень уцекача. Эксперты праваабарончай арганізацыі «Human Constanta» распавялі пра сітуацыю з гуманітарным крызісам на мяжы Беларусі і Еўразвязу, які пачаўся ў 2021 годзе, пра смерці на мяжы і тое, чаму ўцекачы выбіраюць лес, а не беларускую «абарону».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мігранты трымаюць плакаты ля транспартна-лагістычнага цэнтру «Брузгі» на беларуска-польскай мяжы. 25 лістапада 2021 года.
Фота: Kacper Pempel / Reuters / Forum

Крызіс на мяжы працягваецца: цяпер – больш рызыкаў і смерцяў

Нагадаем, у 2021 годзе на мяжы паміж Беларуссю і сумежнымі дзяржавамі Еўрапейскага Звязу пачаўся прыгранічны гуманітарны крызіс, калі дзясяткі тысяч транзітных уцекачоў пачалі прыбываць паасобку ці групамі ў Беларусь для перасячэння мяжы з ЕЗ. Калі ў 2021 годзе праваабаронцы назіралі арганізаванае прыбыццё замежнікаў пераважна з краінаў Блізкага Усходу паводле турыстычных візаў, масавыя навалы ўцекачоў на вуліцах Менску і лагер для ўцекачоў у Брузгах, то ў 2022 годзе карціна змянілася: гуманітарны крызіс працягнуўся, але стаў больш небяспечны для людзей.

У студзені 2022 года ў лагеры для ўцекачоў заставаліся каля 700 мігрантаў. У сакавіку 2022 года лагер зусім спыніў сваё існаванне, а ўцекачы, якія заставаліся ў ім, былі адпраўленыя дадому або расселеныя па Беларусі ў чаканні дэпартацыі. Скарачэнню патоку ўцекачоў паспрыяла адмена авіярэйсаў з краінаў Блізкага Усходу і будаўніцтва плоту на польскай мяжы (праваабаронцам вядома шмат выпадкаў, як людзі атрымлівалі траўмы, ламалі ногі і нават хрыбет, падаючы з платоў на мяжы). Паток скараціўся, але не спыніўся, толькі цяпер уцекачы сутыкаюцца з больш сур’ёзнымі рызыкамі для свайго здароўя і нават жыцця.

Hавiны
Польскія памежнікі ўратавалі з балота 10 мігрантаў, якія нелегальна перайшлі беларуска-польскую мяжу
2022.11.08 15:07

Некаторыя ўцекачы, не трапіўшы ў ЕЗ, вырашылі звярнуцца па абарону ў Беларусі і застацца тут.

«Сітуацыя з уцекачам застаецца складаная да гэтай пары. Працэдура звяртання па абарону ў Беларусі непразрыстая, вельмі складаная. Грамадзянам некаторых краінаў аўтаматычна адмаўляюць у разглядзе заяваў на абарону. Больш-менш станоўчую статыстыку ў сферы ўцекачоў робяць грамадзяне Украіны, якім прадстаўляецца дадатковая абарона з 2014 года», – канстатуюць праваабаронцы.

Галоўная прычына – палітыка ігнаравання праблемы з боку беларускай дзяржавы. Дзяржаўныя органы не звяртаюць увагі на людзей, іхную сітуацыю. Акрамя гэтага, пасля зачысткі грамадзянскай супольнасці рэжымам у Беларусі няма грамадскіх арганізацыяў і валанцёраў, якія на месцы дапамагалі б людзям. Такім чынам уцекачы застаюцца сам-насам са сваімі праблемамі.

Як вынік – у гэтым годзе даволі востра паўстала праблема смерцяў і знікнення ўцекачоў на мяжы. На канец 2022 года беларускі памежны камітэт заяўляў пра 17 знойдзеных целаў у памежнай зоне на тэрыторыі Беларусі. Паводле стану на 7 чэрвеня 2023 года дадалося яшчэ 16 целаў. То бок лік загінулых уцекачоў расце з кожным месяцам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сям’я жыве ў намёце ў лесе на беларуска-польскай мяжы ў Гарадзенскай вобласці, Беларусь. 9 лістапада 2021 года.
Фота: Leonid Shcheglo / BelTA / AFP / East News

«Але і гэтая лічба можа быць недакладнай. Некаторыя ўцекачы могуць памерці ў кватэры, дзе жывуць, бо баяцца звяртацца па медычную дапамогу, і іхнаясмерць не будзе ўлічвацца ў зводках памежнага камітэту. Наогул, нам вельмі складана збіраць інфармацыю. Мы бяром яе з адкрытых крыніцаў, а таксама ад літоўскіх, польскіх і латышскіх праваабаронцаў. Часта звесткі розняцца», – адзначаюць у Human Constanta.

Так, напрыклад, паводле звестак літоўскіх праваабаронцаў, на мяжы зніклі мінімум 30 уцекачоў. Паводле інфармацыі польскіх праваабаронцаў, на мяжы загінулі 37 чалавек, зніклі – 317.

Лічбы і геаграфія

У 2022 годзе па міжнародную абарону ў Беларусі звярнулася 2571 чалавек – гэта ў пяць разоў больш, чым у 2021 годзе. Рашэнні былі прынятыя адносна 1559 чалавек. Статус уцекача атрымалі толькі 19 чалавек. Атрымалі дадатковую абарону 1540 чалавек (з іх 1517 – грамадзяне Украіны). Адмовы атрымалі грамадзяне Конга, Нігерыі, Самалі.

У 2022 годзе змянілася геаграфія, адкуль прыязджаюць людзі. Так, дадаліся ўцекачы з Кубы. Зменшылася колькасць афганцаў – яны пачалі шукаць іншых шляхоў трапляння ў ЕЗ. Прычыны ўцёкаў застаюцца традыцыйнымі: узброеныя канфлікты і гвалт унутры краінаў, з якіх едуць транзітныя ўцекачы. У гэтым годзе вырас яшчэ і эканамічны фактар – з-за павелічэння колькасці грамадзянаў Кубы.

Большасць уцекачоў – адзіночкі, але шмат і сем’яў. Перыядычна едуць цяжарныя жанчыны. Паводле звестак ЮНІСЭФ, у 2022 годзе каля 10 дзяцей нарадзіліся ў нерэгулярных мігрантаў у Беларусі.

«Тое, што лічба зваротаў па абарону ў Беларусі ўзрасла ў разы – вынік крызісу, які стварыла беларуская дзяржава ў надзеі выклікаць праблемы ў суседзяў. Палітыка суседніх дзяржаваў па вяртанні ўцекачоў назад прывяла да таго, што ўцекачы пачалі звяртацца па абарону ў Беларусі. Але, нягледзячы на тое, што ў краіне няма празрыстага механізму абароны, Беларусь усё ж больш бяспечны варыянт, чым ісці ў лес і кожны дзень рызыкаваць сваім жыццём. І нават у такой сітуацыі людзі працягваюць ісці ў лес, бо баяцца звязвацца з дзяржаўнымі органамі і службоўцамі ў Беларусі», – кажуць праваабаронцы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Група людзей прыкладна з 30 чалавек з Блізкага Усходу затрымалася на нейтральнай тэрыторыі паміж Беларуссю, якая не пускае мігрантаў назад, і Польшчай, якая таксама не дазваляе людзям мінуць мяжу. 28 траўня 2023 года.
Фота: Agnieszka Sadowska / AP Photo / East News

Падацца на абарону ў Беларусі і не памерці з голаду

Паводле беларускага заканадаўства, чалавеку, які падаў заяву на атрыманне статусу ўцекача і абарону, павінны аказаць аднаразовую фінансавую дапамогу ў памеры 1 базавай велічыні (гэта 37 рублёў). Усё астатняе даецца паводле запыту. Уцекача могуць адправіць у цэнтр размяшчэння (іх засталося два, там усяго каля 50 месцаў). Таксама людзі могуць запытаць дапамогу на пакрыццё самастойнага пражывання (не больш як 10 базавых на месяц), але гэта будзе вырашаць дзяржава – даць дапамогу ці не даць. Уцякач можа аднаразова атрымаць дапамогу на ежу і вопратку (5 базавых). Гэта ўся дапамога, якую могуць атрымаць уцекачы ў Беларусі.

Раней фінансава дапамагаў Чырвоны Крыж, але гэта рабілася выбарачна. Таму часта людзі збягаюць з працэдуры атрымання статусу ўцекача і зноў ідуць у лес, бо ім проста няма чаго есці. Ёсць праблема і з медычнай дапамогаю. Для нерэгулярных мігрантаў нават тэрміновая медычная дапамога будзе платная. Некалькі жанчын, у якіх пачыналіся роды ў Беларусі, баяліся ісці ў беларускую больніцу, бо сярод мігрантаў ходзяць чуткі, што ў іх могуць адабраць дзяцей (хаця такога ніколі не адбывалася). Але страх сустрэцца з якімі-небудзь органамі ў Беларусі прыводзіць у тым ліку да смерцяў.

Hавiны
Польшча дабудавала плот на мяжы з Беларуссю. Мігранты пералазяць
2022.10.01 14:46

Польскія медыі вельмі шмат пішуць пра выпадкі смерцяў уцекачоў. Грамадзянская супольнасць шмат абмяркоўвае гэтую праблему. У Беларусі ж пра выпадкі смерці ўцекачоў піша толькі памежны камітэт, і тое каб стварыць негатыўны вобраз краін-суседзяў. Гэтыя выпадкі дастаткова не расследуюцца.

Праваабаронцы заўважаюць: парушэнні ёсць не толькі з боку Беларусі, але і памежнікаў Польшчы, Літвы, Латвіі, якія парушаюць права людзей на звяртанне па абарону, працягваюць выштурхоўваць іх назад за мяжу. На сённяшні дзень усё часцей мігранты спрабуюць перасякаць латышскую мяжу, але яны не застаюцца ў Латвіі, а накіроўваюцца ў Літву, дзе іх ловяць літоўскія памежнікі і траспаруюцть назад у Латвію.

Праваабаронцы заклікаюць урады Беларусі, Польшчы, Літвы і Латвіі:

  • у поўнай меры забяспечыць выкананне правоў чалавека, правы мігрантаў і ўцекачоў;
  • адмовіцца ад практыкі выкарыстання транзітных уцекачоў у якасці інструменту палітычнага ціску;
  • забяспечыць доступ на тэрыторыі краінаў і ў памежныя зоны міжнародным арганізацыям і НДА да транзітных уцекачоў, якія жывуць у нястачы;
  • адмовіцца ад практыкі неправамерных адмоваў у прыёме заяваў на міжнародную абарону і гвалтоўнага выштурхоўвання транзітных уцекачоў на тэрыторыю Беларусі; перагледзець дзейную палітыку выдзялення фінансавай падтрымкі толькі асобным людзям, якія шукаюць прытулку, і даць роўны доступ да падтрымкі ўсім шукальнікам прытулку;
  • не прызнаваць Беларусь першай бяспечнай краінай для транзітных уцекачоў, патрабаваць большай публічнасці і празрыстасці ў дзейнасці прадстаўніцтваў Міжнароднай арганізацыі міграцыі і ААН у Беларусі;
  • забяспечыць міжнародны і/або грамадзянскі маніторынг абароны правоў чалавека пры вяртанні замежнікаў у краіны грамадзянскай прыналежнасці;
  • забяспечыць максімальна поўны збор інфармацыі аб транзітных уцекачах і мігрантах у краінах і спробах перасекчы мяжу, даваць гэтую інфармацыю грамадскасці;
  • стварыць незалежны механізм для дакументавання і расследавання выпадкаў смерці і знікненняў на мяжы;
  • забяспечыць бяспечную і спрыяльную прастору для працы арганізацыяў грамадзянскай супольнасці і праваабаронцаў, актывістаў, свабодных ад запалохванняў і пераследу.
Hавiны
Улады Польшчы рыхтуюцца да новай хвалі міграцыйнага крызісу з удзелам Беларусі і РФ
2023.03.04 09:57

СП belsat.eu 

Стужка навінаў