У ЕЗ баяцца вяртання да вугалю з-за скарачэння Расеяй паставак газу


Прэзідэнт Еўрапейскай камісіі перасцерагла краіны ЕЗ ад вяртання да выкарыстання выкапнёвага паліва. Урзуля фон дэр Ляен заклікала павялічваць інвестыцыі ва аднаўляльную энергетыку ва ўмовах скарачэння паставак газу з РФ. Пра гэта палітык распавяла ў інтэрв’ю выданню Financial Times.

Здабыча вугалю.
Фота: Rueconomics.ru

Брытанскае выданне паведамляе, што непазбежны рост спажывання вугалю, хаця і часовы, выклікаў занепакоенасць, што шэраг краін ЕЗ можа выкарыстоўваць энергетычны крызіс, каб адтэрмінаваць пераход да больш чыстых крыніц энергіі.

«Мы павінны пераканацца, што мы выкарыстоўваем гэты крызіс, каб рухацца наперад і не вяртацца ў бруднае выкапнёвае паліва», – заявіла Урзуля фон дэр Ляен.

ЕЗ, паводле слоў фон дэр Ляен, ужывае экстраныя захады, каб рэагаваць на пагрозу спынення паставак газу з Расеі, уключаючы меры па энергазберажэнні і вызначэнні галін, якія будуць атрымліваць газ паводле прыярытэту.

Еўрапейскае спажыванне газу ўжо скарацілася на 9% у першым квартале ў параўнанні з аналагічным перыядам у мінулым годзе. Гэта сталася, бо прамысловасць скарачае спажыванне газу ў адказ на амаль рэкордныя кошты. Прэзідэнт Еўракамісіі выказала меркаванне, калі спажыўцы аслабяць тэмпературу кандыцыянераў на 2°C, гэта можа прывесці да значных змяненняў у выкарыстанні газу.

«FT» паведамляе, што ў Еўразвязе спадзяюцца, што павелічэнне паставак газу з Ізраілю, Кіпру і Егіпту можа забяспечыць дадатковыя пастаўкі энерганосьбітаў для Еўропы. Фон дэр Ляен таксама адзначыла, што такія вытворцы, як Нарвегія і Азербайджан, павялічваюць свае аб’ёмы вытворчасці, каб даць ЕЗ альтэрнатыву расейскаму газу, які да поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну складаў 40 працэнтаў ад агульнага абʼёму ў Еўрапейскім Звязе.

Hавiны
Еўразвяз канчаткова зацвердзіў шосты пакет санкцыяў супраць Расеі і Беларусі. Туды трапіў і беларускі банк
2022.06.03 12:29

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў