Гімнастка Наталля Лешчык: Я за спорт без гвалту


З 2012 года беларуская мастацкая гімнастыка ў сваім каронным відзе – групавых практыкаваннях – ні разу не ўзнімалася на п’едэстал Алімпійскіх гульняў. Прааналізаваць сітуацыю мы паспрабавалі ў гутарцы са срэбнаю прызёркаю лонданскай Алімпіяды дзесяцігадовай даўніны і падпісанткаю ліста вольных спартоўцаў, дыпламаваным псіхолагам Наталляю Лешчык.

Гімнастка Наталля Лешчык.
Фота: асабісты архіў суразмоўцы

– Я цяпер у Фінляндыі. Амаль два месяцы чакаю візу ў іншую краіну, дзе для мяне ўжо ёсць праца трэнерам, дзе мяне чакаюць. То бок планы пакуль вельмі няпэўныя, бо невядома, які будзе вынік.

– Я запрасіў вас на размову як першую і адзіную прадстаўніцу беларускай мастацкай гімнастыкі, якая адкрыта выступіла супраць гвалту і беззаконня ў Беларусі. Але вы адказалі, што не адзіная і не першая. Каго мелі на ўвазе?

– У першую чаргу гэта, канечне, Меліціна Станюта, якая таксама падпісала ліст Вольнага аб’яднання спартоўцаў. Яшчэ гутарыла з Вераю Давідовіч. Яна ўжо доўгі час жыве ў ЗША і там актыўна супрацоўнічае з беларускаю дыяспарай. Добра вядомая Яўгенія Паўліна, якая ў Вялікай Брытаніі ды таксама вельмі пераймаецца за Беларусь, імкнецца чым можа падтрымліваць суайчыннікаў. Акрамя іх, ёсць яшчэ шэраг гімнастак, якія падпісалі ліст за сумленныя выбары.

«Што прыходзіць на памяць – жудасная стомленасць»

– Згадваеце тую лонданскую Алімпіяду-2012, калі пасля кваліфікацыі ішлі трэцімі, але ў фінале ў драматычнай барацьбе адваявалі срэбра ў зборнай Італіі?

– Што прыходзіць на памяць спачатку – гэта жудасная стомленасць. Падчас першага віду ў нас была невялікая памылка (у Марыны Ганчаровай крыху выслізнуў мячык), і я, як магла, супакойвала калегу. Мы ўпершыню ў жыцці нават панюхалі нашатырны спірт, якім нас імкнуліся засцерагчы ад напалову непрытомнага стану. І ўдалося. Пайшлі паказваць свой максімум.

Наталля Лешчык (крайняя справа) на алімпіядзе ў Лондане ў 2012 годзе. Крыніца: tribuna.com

– Чаму адразу пасля Алімпіяды пастанавілі скончыць актыўныя заняткі спортам?

– У мяне была траўма спіны, утварыліся некалькі міжпазваночных кілаў, адна з іх моцна ціснула на нервовы карэньчык. Я ніколі не думала, што скончу так рана, заўсёды разлічвала, што буду трэнавацца да «пенсійннага» гімнастычнага ўзросту. Але перспектыва атрымаць інваліднасць, натуральна, не вабіла.

– Вы маеце сувязі са сваймі трэнерамі?

– Так, з маёй першаю настаўніцай Ірынаю Дамбровай, якой я вельмі ўдзячная.

– Здавалася, для высокай і пластычнай гімнасткі самы верны шлях пасля кар’еры – у мадэльную школу. Не імкнуліся?

– Крыху спрабавала. Я займалася ў школе Нагорнага. Ды не адзін раз. Але мне было крыху сумна проста хадзіць па подыуме. Ды яшчэ так доўга. Не хапала імпэту пасля каардынацыйнага віду спорту. Думаю, я крыху адрознівалася ад мадэльных параметраў.

– Вы казалі ў ранейшых інтэрв’ю, што дзяўчаткі-гімнасткі – у вельмі жорсткіх умовах. Трэнеры часам даводзяць да слёзаў адчаю. Чаму менавіта на тэрыторыі былога СССР настаўніцы лічаць, што толькі праз крыкі, а часам і знявагі спартоўкі здольныя дасягнуць поспеху? Імёны, як і метады «жорсткай рукі» Ірыны Дзяругінай, Ірыны Вінэр добра вядомыя тым, хто блізкі да мастацкай гімнастыкі.

Для мяне таксама вялікае пытанне, чаму не жадаюць памяняць гэтай сістэмы. Маўляў, і нас білі, і мы ішлі гэтаю сцежкаю 40 гадоў, таму і будзем так рабіць надалей. Навошта штосьці змяняць, калі ёсць добра спраўджаны варыянт. І калі быў вынік, то яго можна дасягаць толькі так. Але ж дастаткова і розных навуковых даследаванняў, як выхаваць гімнастку найвышэйшага ўзроўню. І вынік там выходзіць значна лепшым. Толькі калі ты паспрабуеш прапанаваць у гэтай сістэме штосьці альтэрнатыўнае, сістэма цябе, хутчэй, праглыне, чымся табе ўдасца нешта змяніць. Хаця менавіта мая першая трэнерка Ірына Дамброва была акурат па-за гэтым і таксама здолела закласці неабходную базу ў будучую прызёрку Алімпійскіх гульняў. Маё дзяцінства было іншым: мяне не білі, не прыніжалі, не зневажалі. На жаль, людзі і не толькі ў спорце часта ставяць знак роўнасці паміж гвалтам і дысцыплінаю.

Гімнастка Наталля Лешчык.
Фота: асабісты архіў суразмоўцы

Пакрычаць, прынізіць, нават пабіць – гэта лягчэй, чымся сабрацца, апантаць свае эмоцыі ды падумаць, як яшчэ можна патлумачыць дзіцяці, штосьці паказаць спакойна. Нават калі гэта соты раз. Прасцей павысіць голас, каб дзяўчынка ў шоку перастала штосьці рабіць, а потым выключна на страху ведала, што гэтага руху ні ў якім разе дапусціць нельга. Але ж гэта больш застрашвае, чымся натхняе. Нерэальна спадзявацца, што дзяўчынка будзе мець моцны характар і не заўважаць усяго маральнага ды фізічнага ціску дзеля дасягнення мэты. Зразумела, гэта адбіваецца на гімнастках. Я толькі за тое, каб не паказвалі выніку толькі дзеля выніку, а каб мы маглі яго дасягнуць нармальнымі, здаровымі спосабамі. Я вучылася ва ўніверсітэце, чытала навуковыя артыкулы, трэнавала дзяцей і ведаю, наколькі цяжка малым усё патлумачыць, але гэта не падстава пачаць біць і прыніжаць. Мне падаецца, існуе проста нежаданне рабіць неяк па-іншаму.

«Было такое правіла, што калі ты паскардзішся, то будзе яшчэ горш»

– Трэнеры заходніх школаў мастацкай гімнастыкі працуюць не так?

Калі пасля заканчэння актыўная спартовай дзейнасці я праводзіла зборы ў Эстоніі, Швецыі, Фінляндыі, то бачыла гэта на свае вочы. Іншае хаця б у тым, што над спортам не пануе дзяржава. Там клубная сістэма, там самазабеспячэнне. У іх яскрава падаецца абарона дзяцей ад гвалту. Калі дзяўчынка заявіць, што яе пабілі ці яшчэ неяк пакрыўдзілі, то гэта прывядзе да вельмі сур’ёзных наступстваў, ажно да прыцягнення паліцыі. Законы працуюць, і ніхто нікога не пакрые.

– Але ж у нас маладая асоба як толькі паскардзіцца, то адразу рызыкуе быць выдаленай увогуле з мастацкай гімнастыкі. Таму цярпяць яны, цярпяць бацькі.

Сапраўды. Было такое правіла, што калі ты паскардзішся, то будзе яшчэ горш. Таму я ўвогуле не бачыла на сваім веку гімнастычным, каб бацькі прыходзілі і разбіраліся з трэнерамі. Цяпер, як мне падаецца, сітуацыя крыху змяняецца, бо змяняецца і пакаленне гэтых самых бацькоў. І цяпер больш верагоднасці таго, што яны будуць абараняць сваіх дзяўчатак. Можна дапусціць, што і трэнеры змяняюцца. Хаця, на маю думку, гэтая сістэма настолькі глыбока ўкаранілася, што пакуль нічога кардынальна не зрушыцца. Маўляў, мы разбяромся, але адносіны папраўдзе застануцца тымі ж. У цывілізаваным свеце гэта абсалютна непрымальна.

Наталля Лешчык (другая справа) на алімпіядзе ў Лондане ў 2012 годзе. Крыніца: commons.wikimedia.org

– І вы адназначна вырашылі, што ў гэтай сістэме трэнерам працаваць не будзеце…

У мяне ніколі не было ілюзіяў, што ў нас усё добра, усё працуе. Бліжэй да 2020 года я стала больш уважліва сачыць за палітыкаю, хаця дасюль амаль не брала ўдзелу ў электаральных кампаніях. Хіба што адзін раз узяла ўдзел у выбарах дэпутатаў. І аднойчы ад універсітэту нас звезлі на ўсебеларускі сход. Тады ўвесь час лавіла сябе на думцы, што губляю час дарэмна. Што нічога не зменіцца, што няма ніякай карысці і мне проста прыходзіцца адбываць час, бо мяне накіравалі ад універсітэту. Мне было гэта абсалютна не цікава.

– У часе крымскіх падзеяў, адказваючы на гвалтоўнае далучэнне паўвострава да Расеі, украінская паэтка Анастасія Дмытрук напісала верш «Ніколі мы не будзем братамі». Памятаеце? «Никогда мы не будем братьями ни по родине, ни по матери. Духа нет у вас быть свободными – нам не стать с вами даже сводными». Так выйшла, на жаль, што і мы, беларусы, можам такое сказаць нават у дачыненні нашых суайчыннікаў, якія падтрымалі лукашэнкаўскі рэжым з ягонымі катаваннямі і забойствамі. Цяпер, выходзіць так, што падтрымалі і вайну. Як нам пасля гэтага жыць з імі? Вашае добрае сэрцайка здольнае зразумець і прабачыць?

Цяжка даць на гэтае пытанне адназначны адказ. Цяпер мы ўяўляем адно, а як зменіцца сітуацыя, то, можа, і памяняем сваё меркаванне. Таму ніхто нават тэарэтычна не спрагназуе, як будзе потым, пасля вызвалення Беларусі. Мне падаецца, што я здольная разумець іншых людзей. Асабліва тых, хто мае ў сабе сілы раскаяцца і асэнсаваць, што ён зрабіў. Але ў мяне пераважае жаданне найперш глядзець на сябе, што я зрабіла добрага ці няправільнага ў гэтым жыцці, а потым толькі, калі адчуваю сілы яшчэ на нешта, выходжу ў вонкавы свет. Таму я не сачу за жыццём іншых, хто падтрымаў рэжым. Я проста імкнуся атачаць сябе асобамі, з якімі ў нас аднолькавыя каштоўнасці. Упэўненая, што трэба заўсёды пачынаць менавіта з сябе. І калі хтосьці пажадае пайсці на кантакт, я дам магчымасць паспрабаваць быць пачутай. Сама наўрад ці буду шукаць такой размовы. І з часам нічога не зменіцца.

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў