Ці будзе ваяваць АДКБ?


16 траўня Пуцін прымаў чарговы, юбілейны саміт АДКБ. Паседжанне адбылося напружанае у некаторых краінаў назапасіліся пытанні да арганізацыі, і калі б ні Лукашэнка з ягонымі заявамі і хлуснёю, напружанасць адчувалася б яшчэ мацней. Што адбывалася за зачыненымі дзвярыма Крамля і якія высновы з гэтага можна зрабіць, каментуюць Аляксандр Класкоўкі і Рыгор Ніжнікаў.

Лукашэнка зноў расчахліў свой самалёт і накіраваўся ў Крэмль, на саміт АДКБ. Прыляцеў, з усімі павітаўся, усіх паабдымаў, зрабіў калектыўнае фота. Ягоны твар на фота, бадай, быў самы радасны. Гэта і зразумела – з часу абвяшчэння Пуціным гэтак званых ЛНР і ДНР самастойнымі дзяржавамі хіба толькі Лукашэнка падтрымлівае палітыку Расеі.

«Дарагія сябры, сённяшняя сустрэча адбываецца ў няпросты час, як толькі што Уладзімір Уладзіміравіч сказаў, час перадзелу свету. Аднапалярная сістэма ўладкавання свету беспаваротна сыходзе ў мінулае, аднак калектыўны Захад вядзе жорсткую барацьбу за тое, каб захаваць свае пазіцыі».

Усё як звычайна: навокал адныя ворагі. Захад у выглядзе NATO толькі і робіць, што «бразгае зброяй» ды вядзе «гібрыдную вайну». Яшчэ і Швецыю з Фінляндыяй зацягнуў у свае сеці. Маецца на ўвазе рашэнне Швецыі і Фінляндыі ўступіць у NATO. Пра гэта на саміце выказаўся і Пуцін. Маўляў, «нічога супраць не маем, але адказ будзе».

Рыгор Ніжнікаў, фінскі Інстытут міжнародных адносінаў:

«Я думаю, мы можам убачыць гібрыдныя атакі, у тым ліку кібератакі, мы можам убачыць нейкія вайсковыя вучэнні на мяжы. Урэшце мы можам убачыць частую з’яву, якая адбывалася: парушэнне паветраных межаў у той жа Фінляндыі альбо Швецыі. То бок Расея ўвесь час будзе ціснуць, але я думаю, што на дадзеным этапе Расея не пагражае, таму што «а сэнс?». Яна прыўкрасна разумее, што акурат цяпер у Расеі няма рэсурсаў, каб насамрэч пагражаць, а пагражаць маленькімі нязначнымі правакацыямі – ніхто сур’ёзна гэта не ўспрыме».

Расеі больш няма за што зачапіцца – гэтак званая «дэнацыфікацыя», якую яна зладзіла ва Украіне, праваленая. Настолькі, што Пуцін па-першае перанакіроўвае сваю армію на Севераданецк, які яшчэ ў 2014 годзе Украіна адбіла ад акупацыі. І па-другое, – паводле ўкраінскага эксперта Сяргея Згурца, будуе новую вайсковую базу на тэрыторыі Беларусі, за 50 кіламетраў ад мяжы з Чарнігаўскай вобласцю – у вёсцы Зябраўка. Там размешчаны вайсковы палігон. Тэрыторыю вёскі выкарыстоўвалі падчас супольных вайсковых вучэнняў «Саюзная рашучасць», у абыход афіцыйнага плану. Дарэчы, цяпер Лукашэнка выкарыстоўвае свой жа ход – калі расейскія войскі засталіся на тэрыторыі Беларусі па заканчэнні гэтых вучэнняў, вінаваціць у падобным манеўры Захад, спасылаючыся на вучэнні NATO, якія праводзяцца штогод і ў адрозненне ад беларуска-расейскіх у тэрмін і канчаюцца.

Пра ворагаў на Захадзе на саміце Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы казаў толькі Лукашэнка. Гэтым разам сходка больш нагадвала калектыўнае паседжанне з кіраўніком кампаніі ў выглядзе Пуціна, да якога назапасіліся пэўныя пытанні. Арменія выказала прэтэнзіі наконт продажу зброі Азербайджану падчас канфлікту ў Нагорным Карабахе. Казахстан, які дагэтуль не прызнаў гэтак званых ЛНР і ДНР, абмінуў тэму вайны ва Украіне ды ўвогуле заклікаў далучыцца АДКБ да міратворчай дзейнасці ААН.

Размова
Лукашэнка адзіны падтрымаў Пуціна на саміце АДКБ
2022.05.18 11:31

Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік:

«Фактычна, АДКБ – гэта вельмі друзлая, сырая і малаэфектыўная структура, дзе ў кожнага чальца свае інтарэсы. Фактычна, Масква, Крэмль, яны працягваюць імперскую палітыку, яны хочуць як мага болей жорстка прылеглыя і не толькі прылеглыя тэрыторыі кантраляваць. А былым савецкім рэспублікам, якія сталі самастойнымі дзяржавамі, хаця яны не могуць ад Масквы адвязацца з розных прычынаў, але ім хочацца жыць сваім жыццём, весці сваю палітыку ўнутраную і замежную. Той самы Казахстан, адрозна ад Беларусі, паказваў і паказвае прыклад сапраўды шматвектарнай і моцнай палітыкі. Яны і з Кітаем маюць добрыя дачыненні, і з Амерыкай, і з Еўропай маюць добрыя дачыненні – нафту сваю гоняць туды без праблемаў, а Менск даскакаўся да таго, што экспарт нафтапрадуктаў спынены фактычна».

АДКБ – гэта ўсяго шэсць краінаў. Увесь саміт цалкам бы змясціўся за столікам у кавярні. Арганізацыя стваралася як адказ NATO. Але які можа быць адказ, калі на такім афіцыйным узроўні, на юбілейным саміце гучаць такія прапановы?

«Актыўнее прасоўваць АДКБ у сацыяльных сетках, якія інтэнсіўна выкарыстоўваюць нашыя заходнія апаненты. З мэтай хуткага рэагавання на фэйкі і інфармацыйныя ўкіды».

Справаздача, напэўна, будзе на наступным паседжанні. Яно адбудзецца ў Беларусі і, падаецца, ужо зусім у іншым складзе.

Надзея Бельская для праграмы «ПраСвет»

Стужка навінаў