Сябар Аўтуховіча: «Мікола – рамантык. Ён жадаў падняць масы, абвінавачванне абсурднае»


У гарадзенскай турме № 1 працягваецца судовы працэс над 12 беларусамі, якіх следчыя аб’ядналі ў так званую групу Аўтуховіча і вінавацяць у тэрарызме. Максім Сямёнаў, сябар палітзняволенага Міколы Аўтуховіча, распавёў «Белсату» ў жывым эфіры пра стаўленне да абвінавачвання.

Мікола Аўтуховіч у 2014 годзе.
Фота: svaboda.org

Максім Сямёнаў паведаміў, што ягонае сяброўства з Аўтуховічам пачалося пасля папярэдняга палітычнага зняволення Міколы.

«Калі пачаліся акцыі ў 2020 годзе, мы бачыліся амаль кожны дзень і планавалі, як актывізаваць мясцовых прадпрымальнікаў для пратэстаў. Мы ўздымалі сцягі ўздоўж трасы Менск – Заслаўе. Ездзілі на маршы», – кажа Максім Сямёнаў.

Мужчына пракаментаваў дзяржаўнае абвінавачванне. Ён мяркуе, што Аўтуховіч ёсць дасведчаным вайскоўцам і не раз казаў, што малая група з некалькіх чалавек не можа супрацьстаяць аграмаднай сілавой машыне.

«Мікола – рамантык. Служыў у Афганістане добраахвотнікам. Пра сілавое ўздзеянне ён казаў толькі пра шырокія масы, якія б маглі бараніцца ад беззаконнікаў на маршах», – адзначыў Сямёнаў.

Судовы працэс над «групай Аўтуховіча». Горадня, Беларусь. 18 траўня 2022 года.
Фота: БелТА

Мужчына дадаў, што Аўтуховіч меў вялікі аўтарытэт у Ваўкавыску. Паводле Максіма Сямёнава, Мікола быў своеасаблівым «айцом гораду» і меў павагу сярод прадпрымальнікаў. Ён шмат камунікаваў і выязджаў на рынкі. Казаў, што ёсць патэнцыял для зменаў. Паводле Сямёнава, Аўтуховіч не раз казаў, што цяпер не 1940 год, калі можна было хавацца са зброяй у лесе.

У той жа момант Сямёнаў дадаў, што ў 1990-я гады шмат якія бізнесоўцы мелі зброю, бо былыя спартоўцы і крымінальнікі тэрарызавалі бізнес.

«Былі сховішчы ў крымінальных бандаў, але цяпер шматлікія з іх перайшлі да сілавых структураў», – дадаў Сямёнаў.

Такім чынам, Максім Сямёнаў выказаў упэўненасць у абсурднасці дзяржаўнага абвінавачвання.

Аналітыка
Суддзя Вітольда Ашурка і «расстрэльны» артыкул. За што і дзе будуць судзіць «групу Аўтуховіча»
2022.05.17 15:19

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў