На Сцяпана Пуцілу і Яна Рудзіка заведзеная крымінальная справа за тэрарызм


Чарговая крымінальная справа была распачатая супраць заснавальніка тэлеграм-каналу «NEXTA» Сцяпана Пуцілы. Пуцілу і ягонага калегу Яна Рудзіка абвінавачваюць у кіраванні тэрарыстычнай арганізацыяй.

Сцяпан Пуціла – беларускі журналіст, аўтар і заснавальнік тэлеграм-каналу «NEXTA».
Фота: ДД / Белсат

Галоўнае ўпраўленне ў расследаванні злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі цэнтральнага апарату Следчага камітэту завяло крымінальную справу паводле арт. 290-5 ч. 1 КК РБ. СК абвінавачвае дзеячаў у арганізацыі і кіраванні дзейнасцю тэрарыстычнай арганізацыі «NEXTA».

Паводле следчых органаў, з 2020 года абвінавачаныя выкарыстоўвалі свае інфармацыйныя рэсурсы для дэстабілізацыі абстаноўкі на тэрыторыі Беларусі і радыкалізацыі акцыяў пратэсту.

«Тэрарысты неаднаразова заклікалі да распальвання сацыяльнай варожасці, блакавання дарог і каардынацыі вулічных беспарадкаў, учынення тэрактаў на чыгунцы і дыверсіяў на прадпрыемствах, якія маглі прывесці да тэхнагенных катастрофаў», – адзначылі ў СК.

Санкцыя гэтага артыкулу прадугледжвае пазбаўленне волі да 15 гадоў.

Нагадаем, што рашэннем Вярхоўнага Суда паводле заявы генеральнага пракурора «NEXTA» са структурнымі падраздзяленнямі «NEXTA Live» і «LUXTA» былі прызнаныя тэрарыстычнай арганізацыяй.

У Беларусі на Сцяпана Пуцілу заведзеныя крымінальныя справы яшчэ паводле 10 артыкулаў КК РБ.

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў