«Відаць, з грашыма ўсё дрэнна». Былы палітвязень распавядае пра краму з таварамі зняволеных


У Дзяржынскім раёне 20 красавіка адкрыўся шоу-рум з мэбляй ды іншымі таварамі, што вырабілі вязні беларускіх калоніяў і зняволеныя на «хіміі» за капеечны заробак. На адкрыцці крамы «МАГАЗИН еДИН» прысутнічаў міністр унутраных справаў Іван Кубракоў, які ўрачыста перарэзаў чырвоную стужку на ўваходзе. Але пры якіх умовах вырабляецца гэтая прадукцыя і ці варта яе набываць, паразмаўлялі з былым палітвязнем і блогерам Аляксандрам Кабанавым.

Адкрыццё крамы прадпрыемстваў Дэпартаменту выканання пакаранняў. 20 красавіка 2023 года.
Фота: belta.by

Аляксандр Кабанаў адзначае, што ва ўладаў Беларусі практыка продажу тавараў, зробленых вязнямі, існуе даўно:

«У іх такая практыка існуе дастаткова даўно, але да такога не даходзіла, каб краму адкрывалі. У лагеры прыязджаюць нейкія прадпрымальнікі ці прадпрыемствы, заключаюцца пэўныя дамоўленасці і робяць розную прадукцыю. Гэта даўно існуе. Але цяпер сваю краму [адкрылі] – вырашылі падзарабіць трохі, відаць, з грашыма ўсё дрэнна».

У шоу-руме і пункце выдачы заказаў інтэрнэт-крамы «МАГАЗИН еДИН» прадпрыемстваў Дэпартаменту выканання пакаранняў (ДВП) прысутнічаюць каля 500 найменняў тавараў: мэбля, кухні з масіву, садовая каваная і драўляная мэбля, мангалы, альтанкі, будаўнічыя матэрыялы, гаспадарчыя тавары, медычнае і спецыяльная адзенне, адзенне для палявання і рыбалкі, тэкстыль, абутак.

Адкрыццё крамы прадпрыемстваў Дэпартаменту выканання пакаранняў. 20 красавіка 2023 года.
Фота: belta.by

Цэны ў краме рынкавыя. Напрыклад, вулічная альтанка каштуе Br 1500–2000. Аднак вязні, што вырабляюць гэтую прадукцыю, атрымліваюць капеечны заробак.

«У іх [вязняў] цяпер горшая сітуацыя, чым у рабоў, бо ў рабоў ёсць нейкая каштоўнасць – іх куплялі за нейкія грошы і гэта была такая «маёмасць», за якой трэба было неяк сачыць. Са зняволенымі ўсё нашмат горш, таму што гэта людзі, якім не трэба заробак. Іхны заробак – 50–80 капеек, можа, рубель у месяц. І чамусьці нашая дзяржава лічыць, што людзям там далі нейкі матрац, каб яны адпачывалі, нейкую талерку з ежай – і ўсё, досыць», – распавядае былы палітзняволены.

Таксама Кабанаў дадае, што ўмовы працы беларускіх вязняў не такія, як на прадпрыемствах: «У іх свае наглядчыкі, кантралёры, відэакамеры, якія цяпер стаяць ува ўсіх цэхах і за відэа з якіх таксама сочаць».

«Людзі насамрэч працуюць, каб не трапіць у ШІЗА, а не для таго каб нешта зарабіць», – кажа Кабанаў.

Адкрыццё крамы прадпрыемстваў Дэпартаменту выканання пакаранняў. 20 красавіка 2023 года.
Фота: belta.by

Між тым міністр унутраных справаў Іван Кубракоў заявіў, што адкрыццё крамы «прадыктаванае пажаданнямі грамадзянаў і прадстаўнікоў юрыдычных асобаў Менску і Менскай вобласці». Паводле яго, прадукцыя прадпрыемстваў ДВП «даўно і паспяхова прадаецца ўва ўсіх вобласцях Беларусі, шмат тавараў ідзе на экспарт». Але чаму не варта купляць тавар, зроблены беларускімі зняволенымі?

Аляксандр Кабанаў лічыць, што рэчаў, зробленыя вязнямі ў калоніях, ні ў якім разе не варта набываць:

«Тыя рэчы, якія зробленыя на людскім горы, на людской бядзе, на слязах, на крыві, – гэтыя рэчы не трэба нават рукамі чапаць. Гэта тычыцца не толькі гэтай крамы, а тых жа крамаў канфіскатаў і іншых, не трэба да гэтага нават падыходзіць, бо гэта дрэнная энергетыка. Хай яны як мага хутчэй прагараць і пазакрываюцца».

Аднак улады Беларусі плануюць пашыраць продаж тавараў, зробленых беларускімі вязнямі, на ўсю Беларусь. У іх планах – адкрыццё шоу-румаў у сталіцы і вобласцях.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў