У Беларусі не выконваюць амаль 30 % даручэнняў Лукашэнкі


Заява, што ў 2022 годзе амаль траціна даручэнняў Аляксандра Лукашэнкі засталася нявыкананай, прагучала 20 красавіка на семінары, што прайшоў у Віцебску. Гэтыя лічбы агучыла начальніца галоўнага ўпраўлення арганізацыйнай працы, кантролю і замежных сувязяў Камітэту дзяржкантролю Беларусі Аксана Белавец.

Гаворка ішла пра задачы, што закранаюць пытанні аграпрамысловага комплексу, развіцця прадпрыемстваў, будавання жылых дамоў, мадэрнізацыі аб’ектаў аховы здароўя, прывядзення ў парадак зямельных тэрыторыяў, ЖКГ.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: reform.by

«Удзельная вага нявыкананых даручэнняў агулам у краіне ва ўсіх даручэннях склала за 2022 год 31 %. Гэта шмат, – адзначыла Аксана Белавец. – У аблвыканкамах гэты паказнік значна горшы, у сярэднім ён складае 56 %. У Віцебскім і Гарадзенскім аблвыканкамах удзельная вага нявыкананых даручэнняў кіраўніка дзяржавы складае 57 %. Што датычыцца даручэнняў, якія трымае на кантролі КДК (гэта даручэнні складаныя, стратэгічна важныя), то тут паказнік нявыкананых у сярэднім складае 46 %. Па Віцебскім аблвыканкаме гэтая доля вышэйшая – 73 %, а ў цэлым па ўсіх аблвыканкамах яна набліжаецца да 70 %».

Намеснік старшыні КДК Станіслаў Наркевіч адзначыў, што неабходна перагледзець фарматы працы ў Віцебскай вобласці, а таксама падкрэсліў, што камітэт выпрацаваў такую сістэму, якая выключае невыкананне даручэнняў Аляксандра Лукашэнкі.

Сярод прычынаў невыканання даручэнняў былі названыя слабое прапрацоўванне праектаў, нізкая выканальніцкая дысцыпліна, нескаардынаванасць дзеянняў, фармалізм, халатнасць і некаторыя іншыя.

Віцебская вобласць стала першым рэгіёнам, дзе прайшоў такі семінар, раней анансаваны старшынёй КДК.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў