«Тактыка салямі». Арменія прапанавала Азербайджану мір, але ёсць шмат нюансаў


Улады Арменіі заявілі пра гатоўнасць прызнаць тэрытарыяльную цэласнасць Азербайджана і заключыць мірную дамову. Але ў Баку ў адказ вылучылі свае ўмовы. Карэспандэнт «Белсата» разам з экспертамі з гэтых дзвюх краінаў разбіраліся ў рэальнасці хуткага заключэння мірнай дамовы і тым, якія ўмовы вылучаюць бакі адзін аднаму.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Alexander Ryumin / TASS / Forum

Прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян, выступаючы 18 красавіка ў парламенце, заявіў аб гатоўнасці заключыць мірнае пагадненне з Азербайджанам з узаемным прызнаннем тэрытарыяльнай цэласнасці. Паводле яго слоў, неабходна «зрабіць усё магчымае для чым хутчэйшага заключэння мірнага пагаднення».

«Мірная дамова паміж Арменіяй і Азербайджанам стане рэальнай, калі абедзве краіны выразна, без двухсэнсоўнасцяў і падводных камянёў прызнаюць тэрытарыяльную цэласнасць адзна адной і абавяжуцца не прад’яўляць адна адной тэрытарыяльных прэтэнзій сёння ці калі-небудзь», – сказаў Пашынян.

Як адзначыў армянскі прэм’ер, гэтае становішча было ўзгоднена з азербайджанскім бокам на апошніх сустрэчах высокага ўзроўню ў кастрычніку 2022 года ў Празе і Сочы.

Аналітыка
Хто спрабуе «перавярнуць стол» у Закаўказзі? Што стаіць за канфліктам паміж Арменіяй і Азербайджанам
2022.09.13 18:00

«Цяпер я хачу пацвердзіць, што Рэспубліка Арменія цалкам прызнае тэрытарыяльную цэласнасць Азербайджана, і мы чакаем, што Азербайджан зробіць тое ж самае, прызнаўшы ўсю тэрыторыю Армянскай ССР у якасці Рэспублікі Арменія», – падкрэсліў Пашынян.

Паводле яго слоў, Ерэван прапануе Баку «прыкласці да дамовы зацверджаныя СССР мапы Армянскай і Азербайджанскай ССР у якасці асновы тэрытарыяльнай цэласнасці дзвюх краін». Пры гэтым Пашынян падкрэсліў важнасць таго, каб былі створаны міжнародныя механізмы гарантый рэалізацыі мірнага пагаднення.

«Інакш на наступны дзень пасля падпісання дакумента можа пачацца вайна або адбыцца новая эскалацыя», – сказаў прэм’ер-міністр.

А што з Нагорным Карабахам?

Пры гэтым заявы Пашыняна ставяць пад пытанне далейшы лёс Нагорна-Карабахскай Рэспублікі (НКР) – непрызнанай армянскай дзяржавы Арцах, самаабвешчанай у 1991 годзе на тэрыторыі Азербайджанскай ССР, якая часта з’яўляецца падставай для канфліктаў паміж краінамі. На ўмовах ананімнасці высокапастаўлены азербайджанскі чыноўнік сказаў Politico, што Баку вітае апошнія каментары з Ерэвана:

«Мы спадзяемся, што Пашынян гатовы падпісаць пагадненне, якое ўключае ў сябе ўсё, што ён сказаў… уключаючы вывад войскаў [з Нагорнага Карабаха. – Рэд. Belsat.eu]».

Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў і наогул заявіў, што Ерэван павінен афіцыйна прызнаць: «Карабах – гэта Азербайджан».

«Мы неаднаразова заяўлялі, што не будзем абмяркоўваць свае ўнутраныя справы ні з адной краінай. Карабах – наша ўнутраная справа. Армяне, якія пражываюць у Карабаху, альбо павінны прыняць грамадзянства Азербайджана, альбо павінны шукаць для сябе іншае месца пражывання», – сказаў ён.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі праходзяць міма банэра са сцягамі Арменіі і самаабвешчанай Нагорна-Карабахскай Рэспублікі і надпісам «Мы пераможам!» у жылым раёне Сцепанакерта. 4 снежня 2020 года.
Фота: Alexander Ryumin / TASS / Forum

Са слоў дарадцы дзяржаўнага міністра Нагорнага Карабаха Артака Бегларана, Пашынян «не павінен наносіць шкоду абароне нашай бяспекі і правоў, уключаючы права на самавызначэнне». Тэрытарыяльная цэласнасць Азербайджана павінна быць прызнана толькі ў кантэксце незалежнасці Нагорнага Карабаха, падкрэсліў ён.

Розны погляд на тэрытарыяльную цэласнасць

У каментары «Белсату» армянскі палітолаг, дырэктар Інстытута Каўказа Аляксандр Іскандаран адзначыў, што Пашынян раней ужо рабіў падобныя заявы, у тым ліку восенню 2022 года. Аднак, падкрэсліў ён, Рэспубліка Арменія ніколі і не выстаўляла прэтэнзіі на тэрыторыю Нагорнага Карабаха.

«Арменія выйшла са складу Савецкага Саюза паводле савецкага закону, і яна атрымала сваю незалежнасць згодна рэферэндуму, што быў праведзены на тэрыторыі Армянскай ССР. І, адпаведна, у межах, якія былі ў Армянскай ССР», – адзначыў палітолаг.

А карабахская праблема – «асобная ад праблемы прызнання Рэспублікі Арменія як такой». І жыхары НКР не з’яўляюцца грамадзянамі Арменіі, заявіў Іскандаран. Заявы ж Аліева, з ягоных слоў, паказваюць, што ў Ерэване і Баку зусім розныя погляды на сітуацыю.

У сваю чаргу кіраўнік азербайджанскага Цэнтра палітычных даследаванняў Мубарыз Ахмедоглу заявіў, што Арменія павінна без нейкіх умоў прызнаць Нагорны Карабах часткай Азербайджана.

«Нам трэба, каб Пашынян адкрыта заяўляў, што Карабах – гэта Азербайджан. Армяне, якія жывуць у Нагорным Карабаху – грамадзяне Азербайджана. Толькі Азербайджан павінен займацца імі», – сказаў азербайджанскі палітолаг.

Прадастаўленне ж армянам НКР якіх-небудзь пераваг, лічыць ён, можа прывесці да падобных патрабаванням і ад прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў і рэлігій.

Таксама, са слоў Ахмедоглу, Ерэван не павінен перашкаджаць таму, каб у Лачынскім калідоры, які злучае Арменію і Нагорны Карабах, стаяў кантрольна-прапускны пункт. Пры гэтым у Баку павінен быць бесперашкодны праход па армянскай тэрыторыі праз Зангезурскі калідор да Нахічэванскай аўтаноміі, якая аддзеленая ад астатняй часткі Азербайджана Арменіяй.

«Вось Пашынян на гэта не згодны», – адзначыў Ахмедоглу.

Рэгіянальны гегемон

Азербайджанскі палітолаг падкрэсліў, што Баку прэтэндуе на ролю рэгіянальнага гегемона, таму што «Азербайджан і па магчымасцях, і па геаграфіі, і па колькасці насельніцтва большы за Арменію і Грузію разам узятыя».

«Мы думаем, што асноўная адказнасць на Паўднёвым Каўказе на нашых плячах», – сказаў Ахмедоглу.

Паводле яго слоў, пасля прызнання Арменіяй тэрытарыяльнай цэласнасці Азербайджана на ўмовах Баку, «цалкам рэгіён Паўднёвага Каўказа ператворыцца ў вялікую эканамічную пляцоўку». У прыватнасці, краіны змогуць рэалізоўваць сумесныя праекты, а армяне змогуць «вельмі шмат зарабляць ад азербайджанскага газу і нафты». У тым ліку таму, што Азербайджан зможа пусціць свае газавыя або нафтавыя трубаправоды ў Турцыю не праз Грузію, як цяпер, а праз Арменію, што прыкладна на 400 км скароціць адлегласць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Журналісты ля дарожнага знака на армянскай мове на ўездзе ў сяло Мінджыван у Зангеланскім раёне. 21 кастрычніка Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў абвясціў аб атрыманні кантролю над 22 населенымі пунктамі ў Нагорным Карабаху, уключаючы гэтае сяло. 8 лістапада 2020 года.
Фота: Gavriil Grigorov / TASS / Forum

Пры гэтым Ахмедоглу заявіў, што Баку хоча як мага хутчэй заключыць мірную дамову, таму што «цяпер ужо сутыкаюцца ў нашым рэгіёне розныя геапалітычныя інтарэсы»: «Трэба, каб бакі, якія хочуць весці барацьбу або ваяваць за Паўднёвы Каўказ, убачылі, што на Паўднёвым Каўказе ўжо ўсё нармальна».

Іранскі чыннік

Аднак, мяркуе Ахмедоглу, «у Пашыняна зусім іншыя мэты». На думку азербайджанскага палітолага, усе імкненні армянскага прэм’ера накіраваныя на зацягванне працэсу нармалізацыі ў надзеі на паслабленне ўлады ў Азербайджане або пратэсты, якія маглі б змяніць сітуацыю.

Ахмедоглу адзначыў, што ў 2022 годзе ў рэгіёне з прычыны пазіцыі Арменіі «вельмі ўзмацніліся пазіцыі Захаду». Але цяпер «пазіцыі ЗША сталі больш аб’ектыўнымі», а армяне прымаюць іх «як антыармянскія». Пагоршыліся таксама стасункі Ерэвана з Брусэлем, праз што Пашынян «зноў вярнуўся да Расеі».

Цяпер жа, заявіў азербайджанскі палітолаг, Арменію «вельмі моцна падтрымлівае» Іран, у выніку чаго ў рэгіёне сутыкаюцца пазіцыі Ірана, Захаду і Расеі. На думку Ахмедоглу, менавіта Іран натхняе Арменію на далейшае супрацьстаянне з Азербайджанам, абяцаючы дапамогу ў звяржэнні ўлады ў Баку.

Вайны не будзе. Пакуль

Армянскі палітолаг Іскандаран не вельмі аптымістычны адносна перспектываў мірнай дамовы паміж краінамі. Ён адзначыў, што эскалацыі паміж імі здараюцца ўвесь час, і апошняя страляніна на мяжы адбылася ўсяго некалькі дзён таму. А ў верасні 2022 года ў памежным сутыкненні загінулі сотні людзей.

«Таму я не думаю, што так проста адной прамовай, адной заявай можна прыйсці да мірнага пагаднення», – заявіў палітолаг.

На яго думку, «гэтыя эскалацыі, на жаль, будуць увесь час працягвацца»: «Гэта ж не тактыка, гэта стратэгія. Гэта адзін са спосабаў Азэрбайджана ціснуць на армянскія бакі з тым, каб дамагчыся таго, чаго яны хочуць пасля вайны. Гэта звычайна называецца тактыкай салямі. Ты не можаш з’есці каўбасу адразу, але ты адкройваеш па кавалачку паўнамоцтваў, кавалачку тэрыторыі, кавалачкі розных тыпаў і відаў кантролю. І гэта будзе працягвацца, цалкам відавочна».

Фота мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Aziz Karimov / Reuters / Forum

А вось вялікай вайны, як была ў 2020 годзе, эксперт пакуль не прадбачыць.

«Для таго каб [Азербайджану. – Рэд. Belsat.eu] захопліваць Карабах так, як спрабавалі яго захапіць у 2020 годзе, прыйдзецца забіваць не толькі армян, але і рускіх. Там стаяць расейскія міратворцы. У такім выпадку Расеі давядзецца на гэтую справу нейкім чынам рэагаваць, нават калі яна не хоча. Гэта не самы добры варыянт», – лічыць Іскандаран.

І хоць вялікая вайна, па яго словах, на сённяшні дзень не вельмі верагодная, эскалацыі будуць працягвацца.

Макар Мыш / АА belsat.eu

Стужка навінаў