«Беларусы – еўрапейцы ў сабе, а не для сябе»: чаму мы выбіраем нейтралітэт і што з гэтым рабіць


Адносіны Беларусі з ЕЗ сёння знаходзяцца на ніжэйшым гістарычным пункце. З-за саўдзелу Менску ў вайне еўрапейскія абмежаванні ў тым ці іншым выглядзе ўсё часцей распаўсюджваюцца на ўсіх уладальнікаў беларускага пашпарту. Прамыя авіязносіны перарваныя, атрымаць шэнгенскую візу стала яшчэ больш складана. Сумесныя беларуска-еўрапейскія праекты спыненыя, навуковыя і культурныя абмены замарожаныя. Антыеўрапейская прапаганда ў дзяржаўных СМІ стала мэйнстрымам. Як у такой сітуацыі змяніліся веды і настроі беларусаў адносна Еўропы і што рабіць, каб Беларусь і беларусы сталі больш еўрапейскімі?

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Viktor Drachev / TASS / Forum

Пра гэта на пляцоўцы эспертна-аналітычнага клуба разважалі эксперты:

Генадзь Коршунаў – старшы аналітык Цэнтру новых ідэй, экс-дырэктар Інстытуту сацыялогіі НАН Беларусі;

Аляксандр Мілінкевіч – канцлер Вольнага беларускага ўніверсітэту;

Станіслава Гліннік – сузаснавальніца Беларускага моладзевага хабу, сябра Каардынацыйнай рады.

Трэці шлях

«Узаемаадносіны беларусаў і Еўропы парадаксальныя, – адзначыў сацыёлаг Генадзь Коршунаў. – Першы парадокс: каштоўнасны. Па некаторых каштоўнасцях беларусы вельмі блізкія да Еўропы. Не скажу за ўсе, бо Еўропа таксама розная: ёсць больш кансерватыўная, больш ліберальная. Але калі мы возьмем стаўленне да прыватнага сектару, раздзяржаўлення і некаторыя іншыя пункты, то пабачым, што беларусы ў сваіх поглядах вельмі праеўрапейскія. Але пры гэтым беларусы не атаясамліваюць свае памкненні, каштоўнасці з еўрапейскімі. Беларусы – еўрапейцы ў сабе, а не для сябе, да ўзроўню самасвядомасці яшчэ не дайшло».

Другі парадокс, па словах эксперта, тычыцца геапалітычнага нейтралітэту. У Беларусі склалася вельмі спецыфічная сітуацыя для постсавецкай прасторы. Краіны, якія выйшлі з-пад Саветаў, выбіраюць той ці іншы адказ – ідуць яны на Усход ці на Захад. У Беларусі гэта логіка паламалася на мяжы нулявых-дзясятых гадоў.

«Тады галоўным геапалітычным вектарам Беларусі стаў запыт на нейтральнасць. Калі беларусаў прымушалі рабіць выбар, саюз з Расеяй ці з ЕЗ, для іх гэты выбар выглядаў штучным. Згодна даследаванням, людзі хацелі, каб ім не заміналі на іх іншым, трэцім шляху. Пасля 2014 года гэты запыт на трэці шлях толькі замацаваўся. Менавіта праз гэта ў 2020 годзе беларуская рэвалюцыя не мела геапалітычнага складніка», – сказаў Генадзь Коршунаў.

Аднак, згодна даследаванням, пад канец 2020 года прага да нейтралітэту пачала змяншацца. Беларусы зразумелі, што ім самім будзе цяжка вырашаць свае пытанні, і пачалі шукаць бок, з якім можна збліжацца. Калі Расея падтрымала Лукашэнку, прыхільнасць да Расеі тым не менш захавалася. Падзеі 2022 года, вайна таксама прынцыпова не паўплывалі на гэту сітуацыю.

Разам з тым, запыт на нейтральнасць яшчэ больш знізіўся, упершыню за дзесяцігоддзі доля тых, хто выступаў за нейтралітэт Беларусі, менш за 50%. І яна пакрысе змяншаецца. Чаму людзі выбіраюць нейтралітэт?

«Большая частка з іх зусім не супраць у Еўропу, дзве траціны гарадскіх беларусаў, якія карыстаюцца інтэрнэтам, ставяцца да еўрапейскага ладу жыцця станоўча. Але яны выбіраюць нейтралітэт фактычна па двух прычынах. Першая: з мэтаў бяспекі. Яны лічаць, што калі Беларусь будзе схіляцца ў бок Еўропы і бліжэй з ёй сябраваць, з’явіцца небяспека з боку Расеі. Гэта тое, што здарылася з Украінай у 2014 годзе. Другі момант: недавер беларусаў да Еўропы. Беларусу незразумела, што Еўропа можа прапанаваць. Разгорнутага дакладнага наратыву – навошта, дзеля чаго і як беларусам імкнуцца ў Еўропу – няма. І навошта Еўропе беларусы – таксама. Гэта выклікае пэўны недавер, які быў падмацаваны 2014 годам, калі Еўропа фактычна «зліла» пытанне Крыму, паказала сябе як слабая. Страх паглынання Расеяй у выпадку шляху на Захад дае нам бурлівы кіпень, на які людзі не ведаюць, што адказваць», – разважае Генадзь Коршунаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Simon Daval / MAXPPP / Forum

Кандыдат на прэзідэнта ў 2006 годзе Аляксандр Мілінкевіч у сваю чаргу зазначыў, што беларусы ў сваім геапалітычным выбары хутчэй кіруюцца не каштоўнасным, а эканамічным чыннікам. І перавага ў бок ЕЗ была ў моманты, калі Расея пачынала эканамічныя войны супраць Беларусі. Стаўленне да Еўропы пагаршалася, калі ЕЗ уводзіў санкцыі.

«Пры гэтым беларусы яшчэ не гатовыя ісці ў ЕЗ. Трэба спачатку зрабіць Еўропу ўнутры Беларусі, гэта доўгі каштоўнасны шлях, на якім еўрапейцы гатовыя нас падтрымаць. Мы жывем зараз у класных стратэгічных умовах. Ніколі Еўропа так не цікавілася Усходам, ніколі не думала, што Беларусь настолькі важная пры пабудове бяспекі ва Усходняй Еўропе. Захад нарэшце кансалідаваўся ў гэтым пытанні. Ім патрэбна дэмакратычная, а значыць – прадказальная Беларусь, што ёсць гарантам бяспекі ў рэгіёне», – адзначыў спадар Мілінкевіч.

Ён выказаў упэўненасць, што гэтая цікаўнасць да Беларусі не знікне, будзе модна і перспектыўна інвеставаць у Беларусь.

«Нам зараз цяжка, але не трэба вешаць нос, перспектыва ёсць. Калі беларусы выйшлі на вуліцы ў 2020 годзе, яны хацелі годна жыць. А гэта і ёсць рыса еўрапейца. Толькі для гэтага трэба пабудаваць годную сістэму», – падкрэсліў Мілінкевіч.

Ён зазначыў, што сёння нам трэба думаць над праектам «Беларусь», пра тое, што мы будзем рабіць у першы час, калі рэжым сыдзе, каб не згубіць шанцу. Для таго, каб Беларусь абрала дэмакратычны шлях, ужо зараз трэба працаваць над тым, каб беларусы станавіліся больш праеўрапейскімі. Што для гэтага можна рабіць?

«Нам трэба быць больш эгаістычнымі»

«Большая частка беларусаў ужо жыве па беларускіх каштоўнасцях. Тое, што беларусы падчас пратэстаў станавіліся на лавы і здымалі абутак, тое, што беларусы прагнуць свабодны выказвацца – гэта таксама еўрапейскія каштоўнасці, але гэта не асацыюецца з Еўропай. Трэба распавядаць у Беларусі пра Еўропу. Што еўрапейскасць гэта не толькі павага да ЛГБТ, як навязвае прапаганда, але гэта найперш узаемапавага на ўсіх узроўнях. У 2020 годзе мы хацелі людзьмі звацца, і гэта натуральны еўрапейскі лад жыцця. Трэба на ўсіх узроўнях распавядаць, што Еўропа – гэта калі ты жывеш нармальна, не баішся, можаш быць самім сабой. Гэта не толькі адукацыйны напрамак, але і пэўнае супрацьстаянне прарасейскай прапагандзе, якая малюе Еўропу нейкай вычварэнкай», – упэўнены Генадзь Коршунаў.

Другі напрамак дзейнасці, па яго словах, гэта несці веды пра Беларусь у Еўропу.

«Пра нас мала ведаюць. Трэба распавядаць пра нас палітыкам, робячы акцэнт, што без Беларусі бяспекі ва Усходняй Еўропе не будзе. Распавядаць навукоўцам, што такое Беларусь, распавядаць у медыя простым еўрапейцам, што беларусы і беларускі рэжым – гэта розныя рэчы. Што беларусы робяць для беларусаў у краіне, для ўкраінцаў – а значыць, і для Еўропы. Нам трэба быць больш эгаістычнымі, больш прасоўваць сябе ў Еўропу, расказваць, якія мы годныя, таленавітыя, еўрапейскія», – адзначыў эксперт.

Ён падкрэсліў: не трэба думаць, што ў Беларусі усё выпалена. Мы проста не ўсё бачым, але гэта не азначае, што ўнутры краіны зараз нічога не адбываецца. Доказ гэтаму – тая ж рэйкавая вайна, ці тое, што беларусы дасылаюць у «Беларускі Гаюн» звесткі пра перасоўванні расейскіх войскаў, прыклады, калі дзясяткі людзей выязджаюць за мяжу і вяртаюцца.

«Гэта вельмі важна: Беларусь і ў Беларусі жыве. Закатаная пад асфальт, але, як кажуць, яна як дом, які не гарыць, але дыміцца. Жыццё там ёсць, і не трэба пагарджаць тымі, хто там застаецца. Гэта вялікая моц. А мы, хто з’ехаў, павінны іх усяляк падтрымліваць: інфармацыйна, фінансава, усяляк», – сказаў Генадзь Коршунаў.

На яго думку, патрэбна сфармуляваць вельмі канкрэтнае, дакладна прагаворанае бачанне, што Еўропа можа прапанаваць Беларусі. Ці інакш: як Еўропа бачыць Беларусь. Мусіць быць распрацаваная стратэгія з тэрмінамі, што з пункту гледжання Еўропы мусіць рабіць Беларусь. Што з гэтага атрымаюць беларусы – трэба даводзіць да беларусаў у Беларусі, якія вагаюцца.

«Галоўная праблема, якая ёсць у беларусаў у Беларусі – адсутнасць бачання будучыні, неразуменне таго, куды мы рушым. Трэба ім даводзіць, што Еўропа не вораг, яна не будзе замахвацца на тэрытарыяльную цэласнасць, наш суверэнітэт. Гэта сям’я народаў, дзе ўсе жывуць так як хочуць. Нам патрэбныя сфармуляваныя візія, стратэгія і абгрунтаванне. І данясенне гэта праз медыя да беларусаў», – перакананы эксперт.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Simon Daval / MAXPPP / Forum

Эксперты акрамя іншага зазначылі небяспеку таго, што еўрапейцы ўсё больш ускладняюць атрыманне візаў беларусамі – гэта значна аддаляе беларусаў ад Еўропы і штурхае яшчэ далей да Расеі. Тое самае з санкцыямі. Але ўсё можна змяняць сіламі дыяспары, праз адвакацыйныя праекты, кампаніі. На думку экспертаў, зараз санкцыі самыя вялікія, якія былі кольвек, але яны не працуюць, іх абыходзяць.

«Санкцыі ёсць, а іх маніторынгу няма. Адвакатаваць тое, каб быў створаны механізм эканамічнага кантролю выканання гэтых санкцыяў, якія ўжо ёсць, адсочванне абыходаў гэтых санкцыяў – тое, што ў магчымасцях Еўропы і дыяспараў. Разам з тым, прыўносячы ў Беларусь еўрапейскія каштоўнасці, не варта забываць пра нашы нацыянальныя інтарэсы», – адзначыла Станіслава Гліннік.

Вялікая роля ў еўрапеізацыі беларусаў надаецца журналістам. Як адзначыў Аляксандр Мілінкевіч, гэтая роля нават большая, чым у палітыкаў.

«Нам трэба пазбавіцца ілюзіі слабой нацыі. У гэтым вялікая роля асветы – чым больш людзей будзе мець магчымасць атрымаць праеўрапейскую асвету, тым бліжэй мы будзем да Еўропы», – дадаў Мілінкевіч.

СП belsat.eu

Стужка навінаў