Адкуль на Беларусь рыхтавалася нападзенне. Што азначае дакумент, апублікаваны ўкраінскай выведкай


Галоўнае ўпраўленне выведкі Міністэрства абароны Украіны сцвярджае, што здабыло дакумент, які даказвае, што Расея рыхтавала ваеннае ўварванне ў Беларусь, каб здушыць народныя пратэсты ў 2020 годзе. Belsat.eu аналізуе гэты дакумент і спрабуе разабрацца, ці варта яму давяраць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Масква, Расея. 27 лютага 2022 года.
Фота: Vot Tak TV / Белсат

Што ў гэтым дакуменце

Дакумент, які апублікавала ГУР, называецца «Легенда да задумы на перагрупоўку злучэнняў і вайсковых частак 1-й танкавай арміі ў раён выканання задачы». Калі канкрэтна мог быць падрыхтаваны гэты план, невядома. Даты (як і подпісаў) на дакуменце няма.

У дакуменце адзначаецца, што пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года сітуацыя ў Беларусі «застаецца напружанай, мае тэндэнцыю да далейшага абвастрэння». Падкрэсліваецца, што цяпер у Беларусі працягваюцца масавыя пратэсты з мэтай арганізацыі паўторных выбараў і прыходу да ўлады «празаходняга» ўраду на чале са Святланай Ціханоўскай, якая «цяпер перабывае на тэрыторыі Літвы і вядзе падрыўную дзейнасць адтуль».

Далей гаворка ідзе пра тое, што праціўнік (што за праціўнік – не ўдакладняецца) хоча стварыць умовы для захопу тэрыторыі Беларусі і выхаду да заходняй мяжы РФ. У выніку Расея «можа быць уцягнутая ў еўрапейскім кантынентальным раёне ў рэгіянальную або шырокамаштабную вайну з краінамі – чальцамі NATO на Захадзе».

У дакуменце прагназуецца, што ў бліжэйшай перспектыве могуць працягнуцца пратэсты і забастоўкі ў Беларусі.

«Пры далейшай эскалацыі абстаноўкі найбольш імаверны сцэнар, пры якім прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка звернецца па ваенную дапамогу да Расейскай Федэрацыі ў тым ліку для навядзення «канстытуцыйнага парадку» на тэрыторыі краіны.

Ацэначна, дадзенае рашэнне ўмацуе аўтарытэт Лукашэнкі сярод прадстаўнікоў сілавых структур, а таксама кансерватыўнай часткі насельніцтва, а таксама зменшыць пратэставую актыўнасць у сувязі з нежаданнем большасці грамадзянаў рэспублікі (у тым ліку сярод пратэстоўцаў) ісці на канфлікт з Расейскай Федэрацыяй».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Менск, Беларусь. 30 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

Пры такім развіцці падзеяў падраздзяленні 1-й танкавай арміі пад выглядам супольных вучэнняў з беларускай арміяй будуць перакінутыя ў раён аператыўнага прызначэння і мусяць быць гатовыя выконваць «спецыяльныя задачы» на тэрыторыі Беларусі.

У чым асаблівасці гэтага дакументу

Галоўная асаблівасць гэтага плану – ён разлічаны на тое, што ўвод расейскіх войскаў у Беларусь адбудзецца на просьбу Лукашэнкі і ва ўзаемадзеянні з беларускімі Узброенымі сіламі (прынамсі, сіламі СПА і ВПС). Ні баявых сутыкненняў з беларускай арміяй, ні нават яе блакавання дакумент не прадугледжвае. Праўда, пры гэтым згадваюцца нейкія незаконныя ўзброеныя фармаванні (НВФ), сілы спецыяльных аперацыяў (ССА), дыверсійна-разведвальныя групы (ДРГ) і беспілотнікі праціўніка. Прычым з дакументу вынікае, што яны могуць пагражаць расейскай арміі яшчэ падчас разгортвання на тэрыторыі Расеі.

Хто «праціўнік», пры гэтым не тлумачыцца. Гэта не могуць быць беспілотнікі, ССА і ДРГ беларускай арміі, бо ў дакуменце прапісанае ўзаемадзеянне з беларускімі УС. Адкуль могуць узяцца НВФ, тым больш на тэрыторыі Расеі, проста незразумела. «Праціўнік» у дакуменце пазначаны вельмі абстрактна.

Вайсковы эксперт Ягор Лебядок лічыць адсутнасць планаў для нейтралізацыі беларускай арміі галоўным аргументам на карысць таго, што дакумент – несапраўдны. Ён мяркуе, што дакумент, хутчэй за ўсё, створаны на аснове вытрымак з задумы вучэнняў «Каўказ-2020», магчыма нават, «Захад-2021» і з «даданнем сваёй неабходнай да распаўсюду інфармацыі».

Як гэта суадносіцца з рэальнымі падзеямі

Сапраўды на сённяшні момант няма пацверджанняў таго, што гаворка ідзе пра рэальны план уварвання ў Беларусь, а не падробку. Але ў дакуменце няма нічога такога, што супярэчыла б тым фактам, якія сталі вядомыя яшчэ ў 2020 годзе. Ніхто і не хаваў, што магчымасць увядзення расейскіх сілаў у Беларусь для здушэння пратэстаў сапраўды разглядалася. Пра гэта адкрыта казалі і ў Маскве, і ў Менску.

15 жніўня 2020 года Лукашэнка заявіў, што ў беларускіх пратэстах зʼявіліся элементы вонкавага ўмяшання. «Фактычна паводле сцэнара разгортваецца агрэсія супраць Беларусі. Трэба звязацца з Пуціным, прэзідэнтам Расеі, каб я мог з ім перагаварыць зараз. Таму што гэта ўжо пагроза не толькі Беларусі», – заявіў ён.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Менск, Беларусь. 30 жніўня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

У той жа дзень Лукашэнка наведаў Цэнтр стратэгічнага кіравання Мінабароны, дзе пачаў развіваць сваю выдумку аб вонкавай агрэсіі. Ён заявіў, што нібыта «ідзе эскалацыя і нарошчванне ўзброенага кампаненту» на тэрыторыі Польшчы і Літвы.

«Калі размова ідзе аб вайсковым складніку, у нас ёсць дамова з Расейскай Федэрацыяй у рамках Саюзнай дзяржавы і АДКБ. Якраз гэтыя моманты падыходзяць пад гэтую дамову», – падкрэсліў ён. Лукашэнка паведаміў, што ў яго ўжо адбылася размова з Пуціным на гэты конт.

«І мы з ім дамовіліся: пры першым жа нашым запыце будзе нададзеная ўсебаковая дапамога для запэўнівання бяспекі Рэспублікі Беларусь», – заявіў ён. Калі зыходзіць з таго, што ГУР апублікаваў сапраўдны дакумент, то складаўся ён, напэўна, у гэтыя дні.

27 жніўня ў інтэрвʼю тэлеканалу «Россия» Пуцін пацвердзіў, што Лукашэнка звярнуўся да яго па сілавое падтрыманне:

«Аляксандр Рыгоравіч папрасіў мяне сфармаваць пэўны рэзерв з супрацоўнікаў праваахоўных органаў, і я гэта зрабіў. Але мы дамовіліся таксама, што ён не будзе выкарыстаны да таго часу, пакуль сітуацыя не будзе выходзіць з-пад кантролю».

Якія аддзелы былі задзейнічаныя ў гэтым «рэзерве», ніколі не паведамлялася. Словы Пуціна пра «рэзерв з супрацоўнікаў праваахоўных органаў» некаторыя ўспрымалі як сведчанне таго, што гаворка ідзе не пра армію, а менавіта пра паліцыю і Нацыянальную гвардыю Расеі. Сапраўды, канцэнтрацыю сілаў Расгвардыі ля беларускай мяжы сталі заўважаць яшчэ 17 жніўня 2020 года. Аднак гэта зусім не азначае, што расейскае ўмяшанне абавязкова абмежавалася б Расгвардыяй.

Лукашэнка, звяртаючыся да Пуціна, прасоўваў наратыў аб вонкавай ваеннай пагрозе з боку краінаў NATO. Ён ездзіў на заходнюю мяжу і перакідваў туды віцебскіх дэсантнікаў. Увядзенне ў Беларусь толькі сілаў Расгвардыі, без армейскіх падраздзяленняў, наўпрост супярэчыла б гэтаму наратыву.

Да таго ж цяпер ёсць прэцэдэнт Казахстану. У 2022 годзе ўнутраныя пратэсты ў Казахстане былі абвешчаныя вонкавай агрэсіяй, на падставе чаго ў краіну былі перакінутыя армейскія (а зусім не праваахоўныя) падраздзяленні Расеі і іншых краінаў АДКБ, якія ўзялі пад кантроль ключавыя аб’екты. Можна выказаць здагадку, што прыкладна такім жа чынам была б аформленая і расейская інтэрвенцыя ў Беларусі ў 2020 годзе, калі б да гэтага сапраўды дайшло.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Алматы, Казахстан. 5 студзеня 2022 года.
Фота: PAVEL MIKHEYEV / Reuters / Forum

Але неўзабаве актуальнасць расейскага ўмяшання знікла. Сілавы апарат Лукашэнкі стаў паступова браць сітуацыю пад кантроль. 14 верасня, пасля перамоваў Лукашэнкі і Пуціна, у Крамлі заявілі, што рэзерв расейскіх сілавікоў, створаны на мяжы з Беларуссю, адправяць у месцы сталай дыслакацыі.

Каму гэта выгадна

Шэраг аналітыкаў пасля публікацыі ГУР выказалі меркаванне, што гэты ўкід можа быць выгадны афіцыйнаму Менску.

Сапраўды, зусім нядаўна з’явілася неафіцыйная інфармацыя пра тое, што Лукашэнка паставіў задачу аднавіць стасункі з Захадам. У сярэдзіне красавіка стала вядома, што Уладзімір Макей даслаў у Брусель ліст, у якім заклікаў Еўразвяз аднавіць дыялог з афіцыйным Менскам і адмовіцца ад палітыкі санкцыяў. Чыста тэарэтычна дакумент, які б выкрываў агрэсіўныя планы Расеі ў дачыненні Беларусі, мог бы быць карысным рэжыму ў такой гульні з ЕЗ. Афіцыйны Менск раней неаднаразова спекуляваў на нежаданні Захаду дапусціць пашырэнне ўплыву Расеі, якое можа прывесці да паглынання Беларусі.

Але недахоп гэтай версіі палягае на тым, што дакумент, апублікаваны ГУР, якраз выстаўляе ўлады Беларусі ў непрывабным святле. У гэтым плане Лукашэнка фігуруе не як абаронца беларускага суверэнітэту, а як расейскі памагаты. Уся задума ўвядзення 1-й танкавай арміі ў Беларусь будуецца на тым, што Лукашэнка сам запросіць расейскую армію, каб захаваць асабістую ўладу. Такі дакумент можа пераканаць заходніх палітыкаў толькі ў тым, што для Лукашэнкі суверэнітэт Беларусі не мае ніякага значэння.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Менск, Беларусь. 30 жніўня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Таксама няясна, якую карысць ад такога ўкіду можа мець афіцыйны Кіеў. Пасварыць Лукашэнку і Пуціна праз гэта не атрымаецца, бо Лукашэнка сам прасіў расейскай дапамогі ў жніўні 2020 года. Стаўленне беларускага грамадства да Расеі таксама наўрад ці можа змяніцца, бо, зноў жа, пытанне аб расейскім умяшанні адкрыта абмяркоўвалася ў жніўні 2020 года. Звесткі пра тое, што ў Беларусь маглі накіраваць не толькі Расгвардыю, а таксама і 1-ю танкавую армію, якасна нічога не змяняе ў гэтай сітуацыі.

РР belsat.eu

Стужка навінаў