Некаторым беларусам пачалі прыходзіць электронныя лісты быццам бы ад імя «валанцёрскай службы праекту новага нацыянальнага пашпарта Беларусі» з прапановаю пакінуць персанальныя звесткі дзеля «невялікага сумоўя». Гэта фэйк рэжыму Лукашэнкі, паведамляе прадстаўніцтва замежных справаў Аб’яднанага пераходнага кабінету.
Такім чынам сілавікі хочуць сабраць персанальныя звесткі беларусаў, адзначае прадстаўніцтва замежных справаў АПК.
«У праекту новага нацыянальнага пашпарта Беларусі няма ніякай валанцёрскай службы. Мы не збіраем і не плануем збіраць аніякія персанальныя звесткі беларусаў праз інтэрнэт і звязвацца праз Gmail.
Калі вам хтосьці напісаў ад імя Прадстаўніцтва / Кабінету / Офісу / «пашпартнага цэнтру», перад тым як адказваць, зазірніце ў афіцыйныя сацыяльныя сеткі Прадстаўніцтва па замежных справах, Абʼяднанага пераходнага кабінету Беларусі і кіраўніцы Кабінету Святланы Ціханоўскай. Толькі там публікуецца афіцыйная інфармацыя аб праекце новага нацыянальнага пашпарта Беларусі!» – піша прадстаўніцтва.
Раней рэжым неаднаразова дасылаў фэйкі нібыта ад імя плану «Перамога». Потым сілавікі сцвярджалі, што затрымалі тых, хто адгукнуўся на ілжывыя паведамленні.
Арсен Рудэнка belsat.eu