Расейскія вайскоўцы прымусова вывозяць жыхароў Марыупалю на тэрыторыю Расеі


Марыупальская гарадская рада паведамляе, што частку жыхароў Левабярэжнага раёну Марыупалю гвалтоўна вывозяць у Расею ці на акупаваныя тэрыторыі Луганскай і Данецкай вобласцяў.

Абстрэлены Марыупаль, Украіна.
Фота: Polk_Azov / Twitter

На 8-ю гадзіну раніцы 20 сакавіка ў Марыупальскай гарадской рады ёсць інфармацыя, што жыхароў вуліцаў Азоўстальскай і Украінскага казацтва Левабярэжнага раёну незаконна дэпартуюць на расейскую тэрыторыю. У людзей, якіх вывозяць, забіраюць украінскія пашпарты і выдаюць замест іх «паперку, якая не мае юрыдычнай вагі і не прызнаецца ва ўсім цывілізаваным свеце».

Расейскія войскі цягам амаль трох тыдняў трымаюць блакаду Марыупалю, пры гэтым бамбуюць і абстрэльваюць горад. Па гуманітарных калідорах да гэтага часу здолелі выехаць толькі некалькі тысяч марыупальцаў. Расейцы забараняюць падвозіць у горад гуманітарныя грузы.

Hавiны
Улады Марыупалю кажуць, што Расея разбамбіла 80-90 % гораду
2022.03.17 10:12

19 сакавіка расейскія войскі скінулі бомбы на Школу мастацтваў у Марыупалі, дзе хаваліся 400 чалавек. Людзі застаюцца пад заваламі.

Раней, 16 сакавіка, расейскі самалёт скінуў бомбу на будынак тэатру ў Марыупалі, дзе хаваліся больш за тысячу чалавек. Тэатр быў цалкам знішчаны, аднак бамбасховішча вытрымала, людзі выжылі.

Hавiны
Бамбасховішча пад тэатрам у Марыупалі вытрымала расейскі авіяўдар
2022.03.17 11:33

За час блакады ў Марыупалі загінулі больш за 2 тысячы чалавек. Дарадца мэра Марыупалю Пятро Андрушчанка заяўляў, што колькасць ахвяраў можа сягаць 20 тысячаў чалавек.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў