«Кампанія прыняла такое рашэнне». Уладальнік «Вострава чысціні» пра перспектывы сеткі


Заснавальнік групы кампаніяў «Ромакс» Віктар Рамук у інтэрв’ю probusiness.io пракаментаваў чуткі, якія ходзяць адносна магчымага закрыцця сеткі «Востраў чысціні і смаку».

Крама «Востраў чысціні і смаку» ў Віцебску.
Фота: triomall.by

Паводле яго, цяпер не вядзецца пра закрыццё крамаў, а «ідзе аптымізацыя сеткі пад цяперашнія фінансавыя ўмовы праз тое, што многія пастаўшчыкі змянілі форму аплаты».

«Адпаведна, кампанія прыняла такое рашэнне – прысутнасць ва ўсіх гарадах пакінуць, але тыя аб’екты, якія стаялі побач адзін з адным, часова закрыць», – сказаў Віктар Рамук.

Пры гэтым, дадаў ён, ідзе праца над напаўненнем паліцаў, развязаць гэтае пытанне плануецца «на працягу лютага – сакавіка».

Рамук заверыў, што звальняць супрацоўнікаў не плануецца, але ім прапануюць перавесціся ў іншыя крамы або працаваць на паўстаўкі.

«У нас ёсць наўпроставыя кантракты, якія дазваляюць нам трымаць нізкі ўзровень цэнаў, які адпавядае нашаму пазіцыянаванню як дыскаўнтара, і мы будзем працягваць яму адпавядаць», – заявіў кіраўнік кампаніі.

Разам з тым Рамук плануе адмовіцца ад іншых сваіх структураў, такіх як сетка аптэкаў, сетка крамаў «Тры ласі», крамы для жывёлы.

«На бягучы момант мы будзем спецыялізавацца толькі на «Астравах чысціні і смаку». Мы хочам сфакусаваць сваю ўвагу на іх, бо такі фармат крамы адзіны, мусіць, у краінах СНД. Ён адаптаваны для нашага беларускага спажыўца. Пакупнік яго ацаніў, палюбіў, і мы не хочам ад гэтага адыходзіць», – адзначыў кіраўнік кампаніяў.

Агляд
«Буслік», «Востраў чысціні», «Алмі». Што адбываецца з папулярнымі крамамі ў Беларусі
2024.02.02 07:20

У Беларусі «Ромакс» працуе з 1998 года, але сетка ўласных крамаў «Востраў чысціні» пачала развівацца ў 2010-м. Рамука разам з жонкай арыштоўвалі ўвосень 2022-га. Некаторы час Віктар Рамук правёў у СІЗА і выйшаў, пагадзіўшыся выплаціць налічаныя штрафы. Ходзяць чуткі, што багаты выкуп за гаспадара моцна адбіўся на фінансавым стане кампаніі.

З 30 кастрычніка 2023 года прыпыняла працу інтэрнэт-крама «Вострава чысціні». А з 1 снежня крама нават выдаліла ўсе асабістыя кабінеты і звесткі кліентаў «да аднаўлення карэктнай працы сайту». Апроч таго, у сеткі закрыліся некалькі фізічных крамаў у рэгіёнах. Праўда, з 27 снежня інтэрнэт-крама аднавіла прыём заказаў для дастаўкі ў Менску, а з 18 студзеня 2024 года яна паэтапна адкрывае прыём заказаў ва ўсіх абласных гарадах і Іўі.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў