Дзень рэальнай незалежнасці. 10 гадоў таму сілавікі масава расстрэльвалі пратэстоўцаў у Кіеве


Роўна 10 гадоў таму – 20 лютага 2014 года ўкраінскія сілавікі паспрабавалі «зачысціць» цэнтр Кіева, выгнаўшы пратэстоўцаў, якія патрабавалі адстаўкі прэзідэнта Віктара Януковіча і змены замежнапалітычнага курсу краіны з прарасейскага на праеўрапейскі. Журналіст-міжнароднік, вайсковец Узброеных сілаў Украіны Юрый Мацарскі напісаў для сайту «Вот Так» калонку, прысвечаную падзеям таго дня, які лічыць днём рэальнай украінскай незалежнасці. «Белсат» перадрукоўвае яго меркаванне.

Ва Украіне дагэтуль расследуюць злачынствы, учыненыя падчас пратэстаў у цэнтры Кіева зімой 2013–2014 года. Яны пачаліся праз адмову тагачаснага прэзідэнта Віктара Януковіча падпісваць пагадненне аб асацыяцыі з Еўразвязам. 18–20 лютага 2014 года на Майдане Незалежнасці і прылеглых да яго вуліцах сілавікі паспрабавалі разагнаць дэманстрантаў, выкарыстоўваючы ў тым ліку агнястрэльную зброю. Тады, паводле афіцыйных звестак, загінулі 71 дэманстрант і 11 сілавікоў. Абвінавачванні па гэтым эпізодзе вылучаныя Януковічу, экс-кіраўнікам сілавых ведамстваў, экс-намесніку кіраўніка МЗС і былому камандзіру спецпадраздзялення МУС «Беркут». Рашэння суда пакуль няма. Усяго за час Еўрамайдану ў розных рэгіёнах Украіны загінулі 106 пратэстоўцаў. Іх называюць «Нябеснай сотняй».

20 лютага 2014 года міліцэйскаму спецназу ўдалося захапіць і знішчыць некалькі барыкад на Крашчаціку і суседніх вуліцах, але неўзабаве пратэстоўцы перахапілі ініцыятыву і вярнулі сабе страчаныя тэрыторыі. У адказ міліцыя адкрыла агонь па бяззбройных людзях. У той дзень ва ўкраінскай сталіцы ад міліцэйскіх куль загінула каля 50 чалавек.

Вось як успамінае гэты дзень Юрый Мацарскі.

Вид на Майдан Незалежности в Киеве. 20 февраля 2014 года
Від на Майдан Незалежнасці ў Кіеве. 20 лютага 2014 года.
Фота: Юрый Мацарскі / «Вот Так»

Ад металічнага слупа кулі рыкашэцяць з мяккім музычным звонам. Ты паспяваеш пачуць «дзінь» на высокай ноце і ціхі свіст кулі, што імкліва страчвае хуткасць пасля ўдару аб сталь. Гэты гук зманліва прыемны, амаль заспакаяльны. Але ніякага спакою за ім не наступае.

Наадварот. Пачуць рыкашэтныя кулі ў мірным горадзе – значыць апынуцца ўнутры рэактара радыкальных гістарычных пераменаў. Таму што з моманту вынаходніцтва агнястрэльнай зброі гэтае мяккае «дзінь» служыла сігналам да пачатку рэвалюцый, войнаў, бунтаў і паўстанняў.

Сотні і тысячы ішлі пад кулі

Кіеўскі Майдан стаў Рэвалюцыяй годнасці менавіта тады, калі на Інстытуцкай вуліцы, якая спускаецца да яго, пачалі рыкашэціць кулі адпраўленых Віктарам Януковічам на падаўленне пратэстаў сілавікоў. І першая ж куля, што стукнулася аб слуп насупраць гасцініцы «Украіна», сыходзіла са свістам ў неба не проста так. Яна прадвяшчала крах праўлення Януковіча ў той самы момант, калі гэта праўленне павінна было перарадзіцца ў сапраўдны аўтарытарны рэжым.

Калі гэтая першая куля празвінела, я ўпаў на асфальт недалёка ад уваходу на станцыю метро «Крашчацік». Побач са мной быў фатограф з Кыргызстана і хлопец-санітар у медыцынскім халаце зверху курткі, пластыкавай будаўнічай касцы і з бляшаным міліцэйскім шчытом у руках – хутчэй за ўсё, трафейным, які дастаўся пасля рукапашных яшчэ баёў сілавікоў з мітынгоўцамі ў цэнтры Кіева. Дзясяткі людзей вакол нас, пачуўшы гэты стрэл і мноства наступных, таксама ўпалі на зямлю. Хтосьці хаваўся ад куль за дрэвамі, хтосьці – за рэкламнымі шчытамі або пластыкавымі будкамі біяпрыбіральняў.

Протестующий в центре Киева. 20 февраля 2014 года
Пратэстовец у цэнтры Кіева. 20 лютага 2014 года.
Фота: Юрый Мацарскі / «Вот Так»

Снайперы і міліцыянты, якія заселі на дахах дамоў і ўзброенымі групамі стаялі наверсе вуліцы, што ўздымалася ў гару, на час спынілі агонь. Падобна на тое, яны лічылі, што некалькіх залпаў будзе дастаткова, што перад абліччам рэальнай смяротнай небяспекі людзі спыняцца і не пойдуць далей.

Але яны пайшлі. Спачатку павольна, па адным, з кавалкамі вулічнаго бруку або палкамі ў руках стомленыя змерзлыя людзі ўставалі і ішлі ў бок накіраваных у іх аўтаматаў. А потым, калі па гэтых адзіночках адкрылі агонь, ужо сотні і тысячы ішлі пад кулі — выцягваць параненых і гнаць сілавікоў.

Протестующие в центре Киева прячутся от пуль за рекламный щитом. 20 февраля 2014 года
Пратэстоўцы ў цэнтры Кіева хаваюцца ад куль за рэкламны шчытом. 20 лютага 2014 года.
Фота: Юрый Мацарскі / «Вот Так»

У гэтым супрацьстаянні было нешта эпічнае, нешта абсалютна нерэальнае. Натоўп людзей у матацыклетных шлемах, у хакейнай экіпіроўцы, у шчытках для адзінаборстваў, з самаробнымі бітамі ў руках ішоў скрозь дым падпаленых апонаў пад кулі выдатна ўзброеных, граматна арганізаваных «беркутаўцаў». Ішоў, і перамагаў. Цяжка, крывава, але перамагаў. На месца забітых і параненых тут жа ўставалі новыя.

«Беркут» адступаў уверх па Інстытуцкай, прыкрываючыся шарэнгамі няўзброеных салдат тэрміновай службы ў міліцэйскай форме. З-за іхніх спінаў сілавікі стралялі па пратэстоўцах. Некалькіх гэтых салдат рэвалюцыянерам удалося захапіць. Іх прывялі на Майдан, прымусілі вывярнуць кішэні, каб прадэманстраваць адсутнасць зброі. Хтосьці спрабаваў ударыць аднаго з гэтых перапалоханых бледных хлопцаў, але людзі вакол не далі гэтага зрабіць: «Мы ж не яны».

Медики оказывают помощь раненому участнику протестов в центре Киева. 20 февраля 2014 года
Медыкі аказваюць дапамогу параненаму ўдзельніку пратэстаў у цэнтры Кіева. 20 лютага 2014 года.
Фота: Юрый Мацарскі / «Вот Так»

У холе гасцініцы «Украіна» арганізавалі медпункт, які тут жа ператварыўся ў палявую аперацыйную. Параненых неслі туды і перадавалі медыкам, якія дзяжурылі. Там жа, за перагародкай з коўдраў, быў і морг, куды прыносілі загінулых. Цэнтр Кіева быў засыпаны аскепкамі бітага шкла, занесены попелам ад падпаленых паўсюль вогнішчаў, перарэзаны барыкадамі і ахутаны з’едлівым дымам, але горад жыў і біўся, а разам з ім жыла і білася ўся краіна.

Дзень, якога было не пазбегчы

Усе ўкраінцы жывуць у той гісторыі, ход якой вызначыла 20 лютага 2014 года. Пасля таго дня свет змяніўся незваротна. Улада Януковіча скончылася тады, калі ён адважыўся на масавыя забойствы ў цэнтры Кіева. Тое, што павінна было выратаваць гэтую ўладу, насамрэч яе загубіла. Дурны, слабы і баязлівы Януковіч не разумеў і не адчуваў таго народа, прэзідэнтам якога ён сябе называў і, напэўна, называе да гэтага часу.

Боец «Беркута» ведет огонь по протестующим в центре Киева. 20 февраля 2014 года.
Баец «Беркута» вядзе агонь па пратэстоўцах у цэнтры Кіева. 20 лютага 2014 года.
Фота: Юрый Мацарскі / «Вот Так»

А яшчэ гэты дзень прадэманстраваў сапраўдную ментальную бездань у светаадчуваннях украінцаў і расейцаў. Сярод апошніх дагэтуль распаўсюджана меркаванне, што Майдан стаяў за «карункавыя майткі і падачкі з Еўразвязу», як пра гэта казалі і ўсё яшчэ кажуць маскоўскія прапагандысты. Расейцы ў масе сваёй паверылі ў тое, што ўкраінцы памянялі, як ім гэта бачыцца, агульную гісторыю і (на справе наўрад ці якія наогул існавалі) братэрскія адносіны – на еўрапейскія траншы. А таму і акупацыю Крыма, і развязванне гібрыднай вайны на Данбасе, і поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну шмат хто ў Расеі ўспрымаюе як адэкватнае пакаранне ўкраінцаў за гэтую «здраду».

Расейцы дагэтуль злацешацца — «даскакаліся на сваім Майдане» — як бы намякаючы, што без Майдана не было б ні вайны, ні акупацыі. Але гэта не так. Да 2014 года ўкраінцы даўно ўжо адбыліся як палітычная нацыя. Нацыя, якой цесна ў навязваемых Крамлём рамках, якія адводзяць Украіне ролю малодшага брата, заўсёды і ва ўсім арыентаванага на старэйшага. Запыт на рэальную, а не дэкларатыўную незалежнасць, на магчымасць без аглядкі на Маскву прымаць любыя дзяржаўныя рашэнні, да 2014 года даўно ўжо быў вызначальным ва ўкраінскай палітыцы.

Рана ці позна ўкраінская ўлада павінна была адказаць на гэты запыт і адмовіць Крамлю ў праве візаваць і ветаваў свае рашэнні. І тады ў Расеі абавязкова б завялі сваю песню пра «абарону правоў рускамоўных», федэралізацыю,«спрадвечна рускія землі» і іншую лухту, якой прыкрываюць украінофобію і імперскія замашкі і пад якую адпраўляюць на захопніцкія войны свае танкі і самалёты.

Сотрудники милиции и «Беркута» отдыхают в центре Киева. 20 февраля 2014 года
Супрацоўнікі міліцыі і «Беркута» адпачываюць у цэнтры Кіева. 20 лютага 2014 года.
Фота: Юрый Мацарскі / «Вот Так»

І таму 20 лютага 2014 года, пры ўсёй сваёй трагічнасці — гэта дзень, якога было не пазбегчы. Гэта дзень рэальнай украінскай незалежнасці. Менавіта 20 лютага ўкраінцы прадэманстравалі, што хочуць быць гаспадарамі на сваёй зямлі, што ў іх няма і не можа быць ніякіх старэйшых братоў, з якімі трэба лічыцца, і што дзеля ўсяго гэтага можна нават пайсці на смерць.

Ва Украіне часта кажуць, што мы ўсе жывем у лютым 2022 года, калі Расея пачала поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну. Але мне здаецца, што ва ўкраінцаў усё яшчэ люты 2014. Галоўная мэта ўкраінцаў – жыць сваім розумам і не глядзець у бок Масквы — з тых часоў не змянілася. Толькі колькасць людзей, якія ўсвядомілі неабходнасць дасягнення гэтай мэты, вырасла шматкроць. І тыя, хто цяпер ваюе супраць расейскіх акупантаў — гэта наўпроставыя прадаўжальнікі справы «Нябеснай сотні». І вельмі важна памятаць, што «Нябесная сотня» аддала свае жыцці за свабоду ўкраінцаў, і ўкраінцы не могуць апаганіць памяць загінулых пройгрышам у гэтай вайне.

Юрый Мацарскі / ВВ vot-tak.tv

***

Меркаванне аўтара можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі

Гісторыі
«Тады, на Майдане, і пачалася вайна ва Украіне». 10 гадоў таму забілі Міхаіла Жызнеўскага
2024.01.22 07:00
Стужка навінаў