Маўчанне прэзідэнтаў. Ці атрымаў Лукашэнка адказ ад Пуціна на галоўнае пытанне


За тыдзень да гадавіны пачатку расейскага ўварвання ва Украіну Аляксандр Лукашэнка злётаў у Маскву на спатканне з Уладзімірам Пуціным, а працоўны тыдзень пачаў з паседжання Рады бяспекі. Разбіраліся з удзелам палітолага Валерыя Карбалевіча, што ўвогуле адбываецца.

Тэмы візіту

Гэта візіт Аляксандра Лукашэнкі да Уладзіміра Пуціна ў Маскву першы пасля перапынку амаль у 1,5 месяцы. У 2022 годзе яны сустракаліся 13 разоў, часцей чым раз у месяц. Палітолаг Валеры Карбалевіч у інтэрвью «Белсату» звярнуў увагу, што паўза паміж апошнімі сустрэчамі нават завялікая.

«Частата іх сустрэч не здзіўляе. Гэта фактычна два саюзнікі ў вайне супраць вялізнай кааліцыі, якая ўключае ў сябе звыш 50 дзяржаваў. І цалкам натуральна, што яны сустракаюцца гэтак інтэнсіўна, бо на сёння яны адзіныя хаўруснікі. Ім ёсць што абмеркаваць, шмат пытанняў», – расказаў Валерый Карбалевіч.

Аляксандр Лукашэнка на перамовах з Уладзімірам Пуціным у Маскве. 17 лютага 2023 г.
Фота: SPUTNIK / Reuters / Forum

Важны пункт маскоўскай сустрэчы – з вуснаў Лукашэнкі прагучала свайго роду справаздача, што Беларусь выконвае на 100 адсоткаў усе дамоўленасці з Расеяй у галіне абароны і бяспекі. Былі названыя і сферы супрацы – камплектуючыя для самалётаў, вытворчасць мікраэлектронікі ў замену падсанкцыйнай імпартнай і нават зборка штурмавікой Су-25.

«Я так разумею, што Беларусь увайшла ў заказы расейскага ВПК, беларускія прадпрыемствы выконваюць пэўныя замовы, і чыста з эканамічнага гледзішча гэта выгодна Беларусі. Калі не разважаць пра тое, што гэтая зброя ці каплектуючыя садзейнічаюць вайне ва Украіне», – падкрэсліў эксперт.

У сваю чаргу Амерыканскі інстытут вывучэння вайны ISW западозрыў, што Пуцін мае планы не проста задзейнічаць беларускія прадпрыемствы, а нават рэквізаваць іх і пераабсталяваць пад патрэбы расейскай арміі. Тым самым, лічаць эксперты ISW, Лукашэнка расплачваецца за адмову дасылаць беларускіх вайскоўцаў ва Украіну.

Аднак не сумесныя праекты Беларусі з Расеяй, імаверна, былі галоўнай тэмай і мэтай візіту. Прынамсі, для Лукашэнкі. Менскі дыктатар спрабаваў даведацца з першых вуснаў пра расейскія планы ў вайне. Зноў жа, па праву адзінага саюзніка.

«Відавочна, што зыход вайны вызначае вельмі шмат у лёсе палітычных рэжымаў у Расеі і ў Беларусі, і таму для Лукашэнкі гэта важнае пытанне. Яму важна ведаць гэтыя планы, каб неяк адаптавацца да іх. Ці атрымаў ён адказы на сваё пытанне – ніхто дакладна распавесці не зможа. Але гэта была яго мэта», – мяркуе Валер Карбалевіч.

Пасля пратакольных заяў і некалькі інфармацыйных укідаў на пачатку сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным далей ніякай інфармацыі аб яе выніках не было. Крамлеўскі прэсавы сакратар Дзмітрый Пяскоў паабяцаў журналістам потым даслаць справаздачу, але на сайце Крамля вісіць толькі сценаграма пратакольнай часткі сустрэчы. Не было інфармацыі і пра заканчэнне візіту, толькі што самалёт Лукашэнкі вярнуўся ў Менск.

Валерый Карбалевіч адзначыў, што і гэтая дэталь не павінна выклікаць ніякага здзіўлення, бо «гэта ўжо звычайная зʼява падобных перамоваў, што ўсё абмяжоўваецца пратакольнымі заявамі для прэсы на пачатку».

Тэмы Рады бяспекі: нічога экстраардынарнага

На праведзенае ў панядзелак 20 лютага паседжанне Рады бяспекі нічога экстраардынарнага не выносілася. Насуперак некаторым чаканням, у публічнай частцы паседжання не былі раскрытыя аніякія дадатковыя дэталі пятнічных маскоўскіх перамоваў. Мяркуючы ж па парадку дня самога паседжання, яно «было планавым, даўно стаяла ў графіку і ніякіх сенсацыяў там быць не магло».

Паседжанне рады бяспекі РБ. 20 лютага 2023 года, Менск.
Фота: БелТА / belta.by

Валерый Карбалевіч лічыць, што ні разгляд тэмы апалчэння, ні тым больш разгляд Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, не зʼяўляюцца нейкімі лёсавызначальнымі тэмамі. На паседжанні было заяўлена, што распрацавана новая рэдакцыя дакументу, якую зацвердзіць павінен «усенародны сход» узамен папярэдняй.

«На колькі я разумею, усебеларускі народны сход пройдзе толькі ў 2024 годзе, а гэта праз год. Гэта значыць, што канцэпцыя такая не важная, калі можна цэлы год жыць без яе. Я ўвогуле скептычна стаўлюся да такіх дакументаў, бо не яны вызначаюць палітыку», – патлумачыў палітолаг.

Пры гэтым, эксперт адзначыў, што па сілавой тэматыцы важная нарада яшчэ адбудзецца, а ў панядзелак гэта была не яна.

«Калі Лукашэнка прымаў генпракурора Андрэя Шведа і абмяркоўвалі камісію па збеглых, то ён даручыў тады падрыхтаваць вялікую нараду з сілавікамі, дзе будзе разбор іх дасягненняў і недахопаў. Гэта нарада яшчэ наперадзе, вось яна будзе важная, там магчыма будуць прымацца нейкія рашэнні», – кажа Карбалевіч.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў