Бляха для Расеі. Былы працаўнік Металапракатнай кампаніі расказаў, як працуе завод у Мёрах


Улетку 2021 года ўлады кінулі за краты кіраўніцтва Металапракатнага заводу ў Мёрах, прызначылі кіраўніком былога генерала, абвясцілі прастой, а пазней – і банкруцтва прадпрыемства. У жніўні 2022-га Аляксандр Лукашэнка яго проста «нацыяналізаваў». Адзін з рабочых, які да нядаўняга часу працаваў на заводзе ў Мёрах, ананімна распавёў «Белсату», наколькі загружанае прадпрыемства, хто ім кіруе і колькі зарабляюць працаўнікі.

Магутнасць выкарыстоўваецца на 40–45 %

«Наколькі ведаю, у канцы 2022 года прадпрыемства было загружанае ўсяго на 40–45 %. Пры магутнасці 12 тысяч тонаў мы выраблялі самае большае 4–4,5 тысячы тонаў белай бляхі за месяц. За некалькі гадоў мы, па сутнасці, ні разу не дасягнулі нават 50 %», – кажа былы супрацоўнік Мёрскага металапракатнага заводу Аляксандр (імя змененае).

Мёрскі металапракатны завод.
Фота: mmpz.by

Аляксандр расказвае, што да 90 % вырабленай прадукцыі завод прадае ў Расею, хаця яшчэ ў пачатку 2021 года асноўным кірункам экспарту была Еўропа. Завод пачынаў з вырабу чорнай бляхі (пракатвалі тоўстую, горача катаную бляху, якую закуплялі ў Нямеччыне і Расеі), а ў сярэдзіне 2021 года пачалі пераходзіць на белую (тонкі пракат пакрываўся волавам).

Аднак у чэрвені 2021 года кіраўніцтва заводу было ўзятае пад варту. «Сілавікі» затрымалі тады каля 15 чалавек, бальшыню якіх праз 10 дзён выпусцілі. На гендырэктара прадпрыемства Пятра Шымуковіча, ягонага намесніка ў пытаннях эканомікі і фінансаў Дзмітрыя Слаўнікава і кіраўніка савету дырэктараў Аляксея Кавалёнка завялі крымінальную справу. Абвінавацілі ў тым ліку ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі (ч. 2 арт. 424 КК) і ўхіленні ад выплаты падаткаў (ч. 2 арт. 243 КК).

«Усе працаўнікі былі тады абураныя тымі затрыманнямі. Бо працавалі мы добра. Рэальна гэты завод для Мёраў быў ратункам, і ўсе цанілі яго кіраўніцтва.

Ну і, вядома, рабочых цікавіла, што наагул станецца з заводам, дзе яны атрымлівалі, як на Мёры, нармальныя заробкі. Мы нават ліст рыхтавалі, збіралі подпісы, каб вызвалілі кіраўнікоў. Усе шкадавалі іх і перажывалі. Бо людзі вельмі шмат зрабілі для Мёраў», – дзеліцца наш суразмоўца.

Паводле Аляксандра, генеральны дырэктар Пётр Шымуковіч і ягоны намеснік Дзмітрый Слаўнікаў выйшлі на свабоду ў пачатку 2022 года, але ў якім статусе – невядома. Падобна, што следства ў распачатай супраць іх справе трывае (Аляксей Кавалёнак, паводле інфармацыі нашай крыніцы, да сёння застаецца пад вартай, але пацвердзіць гэтую інфармацыю нам не ўдалося).

Генерал замест бізнесоўца

Як расказвае былы працаўнік Металапракатнага заводу, пасля затрымання генеральнага дырэктара кіраваць прадпрыемствам паставілі былога намесніка начальніка Генштабу ЗС РБ генерал-маёра ў адстаўцы Ігара Глода. Але, паводле Аляксандра, ён нічым не займаўся. Пачаліся праблемы, найперш з банкамі.

«Мы яшчэ ў ліпені 2021-га дакатвалі тое, што было раней закупленае на расейскай «Северсталі» і «Магнітцы» – і больш сродкаў на закуп сыравіны прадпрыемства не мела. У жніўні абвясцілі прастой. Недзе, напэўна, паўгода стаялі. Большасць працаўнікоў пайшла на вымушаны адпачынак і атрымлівалі дзве траціны заробку. Усё гэта і прывяло да банкруцтва», – расказвае Аляксандр.

Суразмоўца кажа, што падчас прастою частка рабочых звольнілася з заводу. Збольшага – праз няпэўнасць, бо нават на дзве траціны заробку – каля 600 рублёў – у Мёрах можна было пражыць. Але былі і скарачэнні. З Мёраў з’ехалі таксама кіраўнікі сярэдняга звяна, якіх наймалі ў Расеі. Увогуле ж сярэдні заробак на прадпрыемстве да лета 2022 года складаў 1100 рублёў (звычайныя рабочыя атрымлівалі 900–1000 рублёў). А ў ліпені 2022-га, калі на завод прызначылі антыкрызіснага кіраўніка, заробак паднялі ў паўтара разу. Звычайны рабочы зарабляў 1300–1500 рублёў.

Пасля пачатку вайны ва Украіне мёрскі завод стаў працаваць паводле давальнай схемы з прадпрыемствам «Белкалярмет». Яно закупляла сыравіну, давала заводу на перапрацоўванне, забірала гатовую прадукцыю. Каму «Белкалярмет» яе прадаваў, дакладна невядома, але, паводле чутак, 90 % ішло ўжо тады ў Расею, часткова – у Казахстан. Пра магчымасць экспартаваць у Еўропу гаворкі ўжо не было – пачалі дзеяць санкцыі.

«Каб далі працаваць не з-пад палкі»

У жніўні 2022 года завод стаўся ўласнасцю дзяржавы. Пра яго нацыяналізацыю заявіў Аляксандр Лукашэнка, калі 8 жніўня наведаў Мёры. Прызначыў таксама новага гендырэктара. Заводам кіруе былы намеснік генеральнага дырэктара ў справе вытворчасці Уладзімір Д’яканаў – грамадзянін Расеі, які працаваў раней намеснікам галоўнага пракатчыка на Магнітагорскім металургічным камбінаце. Усю маёмасць былога «ММПЗ-груп» перадалі новай арганізацыі – Металапракатнай кампаніі, якую яшчэ ўвесну таго ж года заснаваў «Белкалярмет».

Новы кіраўнік заводу Уладзімір Д’яканаў прыехаў у Мёры з Расеі.
Фота: sb.by

«Нас за некалькі дзён папярэдзілі, што, па-мойму, з 15 лістапада 2022 года нас усіх перавядуць у гэтую кампанію, а таксама аддадуць ёй усю маёмасць заводу. І вось цягам аднаго дня перавялі ўсіх – каля 600 чалавек. Цяпер завод працуе пад шыльдаю Металапракатнай кампаніі», – гаворыць Аляксандр.

Каб неяк выправіць сітуацыю, Металапракатную кампанію залучылі таксама ў СЭЗ «Віцебск» (прадпрыемства мае цяпер падатковыя ільготы), але асаблівых поспехаў пакуль не назіраецца. Паводле былога работніка заводу, асноўныя абʼёмы белай бляхі, якую прадукуюць у Мёрах, ідуць у Расею. Заўважае, што мала імаверна, каб у вайсковых мэтах, бо мёрская бляха вельмі тонкая (0,1–0,2 мм). З яе, прыкладам, вырабляюць бляшанкі для піва ці згушчонага малака (сыравіну закупляе Рагачоўскі малочны камбінат).

Свае магутнасці кампанія выкарыстоўвае толькі на 40–45 %, адзначае Аляксандр:

«Каб далі працаваць не з-пад палкі і не па ўказцы дзяржавы, а акурат пад кіраўніцтвам прыватніка, які ведае, куды збыць прадукцыю і паводле якіх цэнаў, то, думаю, завод быў бы загружаны на ўсе 100 %. Нават у сітуацыі санкцыяў. Гэтыя людзі, якім шыюць артыкулы, былі вельмі прадпрымальныя і штосьці прыдумалі б».

Санкцыі і запчасткі

Наш суразмоўца кажа, што санкцыі не толькі закрылі для цяпер ужо дзяржаўнай кампаніі заходні рынак, але і вельмі ўскладнілі сітуацыю з запчасткамі, бо на заводзе стаіць якаснае нямецкае абсталяванне. Кітайскія дэталі ў выпадку паломак не вельмі прыдатны варыянт. Расказвае, як праз сапсаваны падшыпнік спынілася цэлая лінія, бо ніяк не маглі знайсці аналагаў:

«Я мяркую, што нават калі гэта працягнецца год ці два, нашыя дзяржаўныя «дзеячы» не здолеюць цалкам «закапаць» гэтага заводу. Я аптыміст. У будучыні, у новай, вольнай Беларусі, калі здымуць санкцыі і мы будзем мець выхад у Еўропу, а людзі выйдуць з турмаў, будзем мець добрыя перспектывы».

Паводле афіцыйнай інфармацыі, Металапракатная кампанія прадае ў Расею 80 % сваёй прадукцыі. На заводзе працуюць каля 600 чалавек. Сярэдні заробак на прадпрыемстве складае 1700 рублёў (афіцыйныя звесткі).

У цэху металапракатнага заводу ў Мёрах.
Фота: mijory.by

У лістападзе 2022 года на мёрскім заводзе зноў адбыўся хапун, падчас якога былі затрыманыя сама мала пяць чалавек. Наш суразмоўца мяркуе, што затрыманні не былі звязаныя з «нацыяналізацыяй заводу» і зменаю кіраўніцтва, а прайшлі ў межах «звычайнага рэгіянальнага налёту», як да гэтага ў Паставах і Верхнядзвінску, а пазней – у Браславе.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў