Ва Украіне сканфіскавалі і перадалі ЗСУ маёмасць беларускай кампаніі на $61 млн


Ва Украіне перадалі Ўзброеным сілам 26 тысяч тон металічных вырабаў, сканфіскаваных у беларускага прадпрыемства. Гэтую маёмасць знайшлі на тэрыторыі марскога порта ў Адэсе, паведамляе Дзяржаўнае бюро расследаванняў.

Сканфіскаваная ва Украіне маёмасць беларускай кампаніі.
Фота: Державне бюро розслідувань / dbr.gov.ua

Супрацоўнікі Дзяржаўнага бюро расследаванняў Украіны знайшлі 26 тысяч тон металічных вырабаў, што належаць беларускаму прадпрыемству, на тэрыторыі марскога порта. У паведамленні ведамства Беларусь названая краінай-агрэсарам:

«Дзяржаўнае бюро расследаванняў працягвае планамерную працу ў выяўленні і вяртанні на карысць нашай дзяржавы маёмасці краіны-агрэсара. У зоне мытнага кантролю Адэскай мытні былі выяўленыя арматура, трубы і сталёвыя нарыхтоўкі, якія належаць прадпрыемству з Рэспублікі Беларусь».

Партыю гэтых вырабаў ацанілі ў $61 млн. Якой кампаніі яны належалі, не ўдакладняецца, але на адным з фота Бюро бачны вытворца: Беларуская металургічная кампанія.

Сканфіскаваная ва Украіне маёмасць беларускай кампаніі.
Фота: Державне бюро розслідувань / dbr.gov.ua

«Маёмасць краіны-агрэсара сканфіскаваная, а 412 вагонаў з металапрадукцыяй перададзеныя на патрэбы Узброеных сілаў Украіны. Актыўная дзейнасць Бюро працягваецца – маёмасць акупанта будзе выкарыстоўвацца для яго знішчэння», – заявілі ў ведамстве.

Гэта не першы такі выпадак: летась ва Украіне арыштавалі амаль 12 тысячаў тон угнаенняў «Беларуськалію» і «Уралкалію» на 100 мільёнаў грыўняў (каля $2,7 млн). У 2022 годзе паведамлялася пра канфіскацыю ў Валынскай вобласці 23 беларускіх цяжкавікоў з грузам, а таксама 60 адзінак тэхнікі беларускіх дарожна-будаўнічых прадпрыемстваў.

Аб’ектыў
Чым расплочваецца Беларусь за суагрэсію ў вайне супраць Украіны?
2022.05.24 23:28

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў