Ва Украіне сканфіскавалі 170 вагонаў беларускіх і расейскіх тавараў на суму больш за $ 2,7 млн


Арыштавалі прадукцыю «Беларуськалію» і «Уралкалію» – усяго 170 вагонаў з 11,8 тысячы тонаў угнаенняў на суму каля 100 мільёнаў грыўняў (больш за $ 2,7 млн). Пра гэта паведамляе Офіс генеральнага пракурора Украіны.

Вагоны «Беларуськалію». Крыніца: delfi.lt

Чыгуначныя кантэйнеры з угнаеннямі прыбылі ва Украіну яшчэ да пачатку поўнамаштабнага ўварвання 24 лютага 2022 года. Яны былі ў рэжыме «транзіт» у Мікалаеве на тэрыторыі Марскога спецпорту, які ўваходзіць у бізнес-структуру санкцыйнага алігарха, паведамляюць у Офісе генеральнага пракурора.

У далейшым уладальнікі прадукту планавалі адправіць яго ў трэція краіны для продажу і атрымаць мільённыя прыбыткі. Адзначаецца, што частка з іх у выглядзе падаткаў пайшла б на фінансаванне вайны РФ супраць Украіны. Бюро эканамічнай бяспекі Украіны таксама паведамляе, што частку грузу нелегальна прадавалі і ва Украіне. Страты ўкраінскага бюджэту ацанілі на 10 мільёнаў грыўняў (каля $ 270 тыс.).

Пры суправаджэнні СБУ праводзіцца дасудовае расследаванне па факце ўхілення ад выплаты падаткаў.

Арыштаваную маёмасць перададуць у Нацыянальнае агенцтва выяўлення, пошуку і кіравання маёмасцю, атрыманай ад карупцыйных ды іншых злачынстваў (АРМА).

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў