Фізічны рэсурс палітвязняў мае абмежаванні. А ці мае бар’ер псіхалагічны рэсурс іх блізкіх?

Напярэдадні ад самай раніцы ўскалыхнуў пост Насты Дашкевіч.

Сам пост гэта сапраўдны крык душы. Насця піша: «Зміцер прабыў у Жодзіна паўгода ў бетоннай клетцы. Увесь час у карцары: ад ліпеня і да студзеня. Зараз яго перавялі зноў у Навасады. Туды ж, дзе яму завялі крымінальную справу. Зараз ён зноў у ШЫЗА, дзе скардзіцца на дзікі холад. Кажа, што яму прыходзіцца па 8 разоў за ноч уставаць на зарадку, каб сагрэцца. А за гэта яму складаюць рапарты, што ён не ляжыць пасля адбоя. Я не магу зразумець, чаму проста зняволення не дастаткова? Чаму ён не можа адбыць свой тэрмін і павернуцца дамоў да сваіх дзяцей? Да сваёй працы і сваёй сям’і?

Задушша. Вось што я адчуваю ад думкі, што мой каханы чалавек праходзіць праз гвалт, а з гэтым нічога немагчыма зрабіць. Я не ведаю, як даваць рады з усімі побытавымі пытаннямі і 4-мі дзецьмі без яго, як рабіць усе дамашнія заданні дзяцей, рабіць працу, даваць рады з кружкамамі і баршчамі, калі я ведаю, што мой муж трасецца ад холада ў навасадаўскай камеры? Я так і не навучылася з гэтым жыць. Я баюся за ягонае жыццё і ягонае здароўе. І адзінае аб чым малю, гэта для палёгкі для яго. Я хачу, каб тата маіх дзяцей павярнуўся дахаты жывым і здаровым…»

Зміцер і Наста Дашкевічы.
Фота: Наста Дашкевіч / Facebook

У апошні месяц улады сталі прымяняць у дачыненні да палітвязняў новую тактыку – іх сталі этапаваць з адной установы ў іншую. Мы заўсёды спрабуем зразумець логіку і таму шукаем адказ на пытанне: «Навошта раптам палітычных пачалі пераводзіць адбываць пакаранне ў розныя турмы?». Няўжо мала таго, што яны і так знаходзяцца за кратамі ў адмысловых умовах – да іх ужываюцца самыя жорсткія метады ўтрымання. Мала таго, што людзей трымаюць у камерах штрафных ізалятараў, дадаюць увесь час новыя тэрміны за нібыта парушэнні турэмнага рэжыму, дык яшчэ і ўжываюць новыя катаванні. Менавіта да катаванняў адносяцца пазбаўленне якой бы там ні было сувязі са знешнім светам, утрыманне людзей у каменных мяшках, дзе яны, каб не памерці ад холаду, робяць практыкаванні, таму што ім не даюць ні цёплую вопратку, ні коўдры. І гэта пры тым, што людзі і так не маюць магчымасці легчы да адбою. Аб элементарнай медычнай дапамозе наогул нават гаворка не ідзе. Усё гэта накіравана толькі на тое, каб максімальна нанесці шкоду здароўю чалавека. І грамадства ў гэтым ужо ўпэўнілася.

Дык навошта ж спатрэбілася яшчэ і этапаванне? У Расеі гэтае дадатковае і мабыць самае цяжкае выпрабаванне падчас адбыцця пакарання. Там зэкаў перавозяць у так званых сталыпінскіх вагонах з зафарбаванымі і закратаванымі вокнамі. У адным купэ часам едуць да 14 чалавек. Ні аб якім паўнавартасным сне не можа быць і гаворкі. Расея вялікая і там могуць этапаваць тыднямі.

Гісторыі
Гісторыя былога вязня «Віцьбы» Сяргея Сабалеўскага, які перажыў на зоне інсульт і выйшаў з анкахваробай
2024.01.18 07:00

У Беларусі пашчасціла, калі чалавека забралі з СІЗА, напрыклад, і на аўтазаку адвезлі на месца, дзе ён будзе адбываць тэрмін зняволення. Усё значна горш, калі з адной калоніі перавозяць у іншую. Часам вагон з арыштаванымі могуць прычапляць да цягнікоў, якія едуць то ў адну вобласць, то ў іншую, каб патрапіць у трэцюю. Зэкі такое этапаванне празвалі «кругасветкай». Калі няма прамога цягніка з Бабруйску ў Гародню, то і будуць вазіць спачатку ў Гомель, потым у Берасце, адтуль у Баранавічы пакуль не прывязуць.

Ці могуць чалавека этапаваць у нейкіх асаблівых умовах? Мне запомніўся аповед Васіля Старавойтава. Ён казаў, што асабіста для яго этапаванне было самым цяжкім выпрабаваннем. Навошта спатрэбілася вазіць арыштанта ў нечалавечых умовах амаль па ўсіх вобласцях краіны? І гэта пры тым, што ў СІЗА пажылы чалавек перанёс два сардэчныя прыступы, мікраінсульт, пасля якога не мог нават паўнавартасна размаўляць, і амаль цалкам страціў зрок. Васіль Канстанцінавіч успомніў, як вагон стаяў на сонцапёку некалькі гадзін і ў яго было адчуванне, што ён знаходзіцца ў кансервавым слоіку. У нейкі момант дзверы прыадчыніліся і канваір паставіў ваду і сухую пайку. На просьбу даць хоць крыху падыхаць свежым паветрам, рушыў услед кароткі адказ: «Не паложана».

Інтэрв’ю
Леанід Судаленка пра віцебскую калонію: Хто сядзеў у Расеі, казалі, што на «Віцьбе» цяжэй
2023.08.23 08:32

Ці ведаў гэты служака, што перад ім вядомы на ўсю краіну чалавек, двойчы герой сацыялістычнай працы, старшыня знакамітага на ўвесь былы СССР калгасу «Світанак»? Ці ведаў ён, што гэты вязень хлапчуком быў у партызанах і ваяваў у адным атрадзе са сваім бацькам на Магілёўшчыне? Ці ведаў ён, што ўся віна гэтага чалавека заключаецца толькі ў тым, што ён выступаў з крытыкай Аляксандра Лукашэнкі і не падтрымаў ягоную кандыдатуру на выбарах 1994 года?

Ці ведаюць сённяшнія канваіры ў чым віна Змітра Дашкевіча? А іншых палітвязняў, якіх тысячы?

Турмы перапоўненыя, але людзей працягваюць арыштоўваць кожны дзень. І гэта не злодзеі ці хуліганы. Гэта людзі, якіх ніяк нельга прылічваць да крымінальнага кантынгенту. Адміністрацыі калоніяў не могуць не разумець, што гэтыя людзі не пойдуць на турэмны бунт, а замена аднаго вядомага палітычнага на другога ніяк не вырашае праблему перанасялення камер. Навошта тады здзяйсняюць гэтае дадатковае выпрабаванне? Якая мэта гэтых ператасовак? Калісьці мы задавалі такія пытанні наконт кадравых прызначэнняў. Тады не маглі зразумець логіку. Але логіка была – паказаць, што на практыцы нібыта вырашаецца кадравая палітыка. Усё роўна, што кадры адны і тыя ж. Калі таварыш не спраўляўся са сваёй працай у адным ведамстве, то ён паспяхова будзе не спраўляцца і ў другім, і трэцім. Бо не гэта ж галоўнае. Галоўнае, каб гэта былі свае людзі. А вось з гэтымі ператасоўкамі ў турмах падобна таксама справа ў паказусе. Турэмнае начальства паказвае, што працуе напоўніцу. Не даюць палітычнаму спатканняў, пазбаўляюць лістоў? А хто вінаваты? Няўжо начальства? Ну тады паглядзіце ці лепш яму будзе ў іншай турме.

Ужо востра стаіць пытанне элементарнага захавання жыцця. Бо фізічны рэсурс чалавека не бясконцы. А як пры гэтым быць з псіхалагічным станам блізкіх, якія на свабодзе? Там жа таксама ўсё на мяжы рэсурсу.

Любоў Лунёва belsat.eu

Стужка навінаў