Памежны камітэт: Амаль 78 тысяч украінцаў прыехалі ў Беларусь з пачатку вайны


У Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі паведамілі пра колькасць украінскіх уцекачоў, якія прыехалі ў Беларусь пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне: з 24 лютага 2022 года – 77 897 чалавек. Бальшыня прыбыла ў краіну транзітам праз Польшчу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Эвакуацыйны аўтобус з украінскімі ўцекачамі прыбыў са Львова ў Жэшаў, Польшча. 30 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Паводле Памежнага камітэту, усяго з 24 лютага 2022 года ў Беларусь з украінскай тэрыторыі прыбылі:

  • праз украінска-беларускую мяжу – 15 890 чалавек;
  • транзітам праз Польшчу – 48 871 чалавек;
  • праз Літву – 10 787 чалавек;
  • праз Латвію – 2 349 чалавек.

З пачатку 2023 года ў Беларусь заехалі 3193 грамадзяніны Украіны: транзітам праз Польшчу – 2366, праз Літву – 637, праз Латвію – 190.

Паводле звестак ААН, з пачатку вайны з Украіны выехалі больш за 8,13 мільёна чалавек. У еўрапейскіх краінах зарэгістраваныя 7,86 мільёна ўкраінскіх уцекачоў. 2,85 мільёна ўкраінцаў выехалі ў Расею, 1,54 мільёна – у Польшчу, 1,02 мільёна – у Нямеччыну, 472 тысячы – у Чэхію, 173 тысячы – у Італію, 159 тысячаў – у Іспанію. У Вялікай Брытаніі, якая ўваходзіць у лік нешматлікіх еўрапейскіх краінаў, што патрабуюць ад украінцаў уязных візаў, знайшлі прытулак 152,2 тысячы грамадзянаў Украіны.

Каля паловы тых, хто выехаў у еўрапейскія краіны, складаюць дарослыя жанчыны, 40 % – дзеці, 10 % – мужчыны. Таксама паведамляюць, што за апошнія месяцы шмат якія ўкраінцы пераехалі з краінаў, якія мяжуюць з Украінай, у іншыя краіны Еўропы.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў