10 гадоў за вяртанне ў Беларусь і 5 гадоў за данаты палку Каліноўскага. Рэпрэсіі за 19 снежня


Працягваем фіксаваць хроніку рэпрэсіяў рэжыму супраць беларусаў. 

На фабрыцы «Элема» затрымалі швачак.
Фота: тэлеграм-канал сілавікоў

Сілавікі затрымалі як мінімум дваіх супрацоўніц швейнай фабрыкі «Элема». Іх пакаяннае відэа апублікаваў 19 снежня набліжаны да ГУБАЗіК тэлеграм-канал.

Прапагандысты распавялі, што жанчыны «зладзілі сабе на працоўным месцы бчб-капішча», і паказалі фатаграфіі бел-чырвона-белых тканін і нітак, якія віселі ў цэху.

«Працавала на швейнай фабрыцы «Элема». Упрыгожвала сваё працоўнае месца і сябе незарэгістраванай сімволікай», – прымусілі сказаць на камеру адну з жанчын.

Адна з затрыманых кажа, што была падпісаная на «экстрэмісцкія каналы».

Набліжаны да ГУБАЗіК тэлеграм-канал сцвярджае, што супрацоўніц прадпрыемства затрымалі па даносе.

30-гадовую жыхарку Ваўкавыска Аляксандру Каско, якая сёлета вярнулася ў Беларусь з Польшчы, асудзілі на 10 гадоў калоніі. Яе справу разглядаў Гродзенскі абласны суд (суддзя – Дзмітрый Бубенчык). Прысуд быў агучаны 19 снежня.

Каско абвінавачвалі ў «распальванні іншай сацыяльнай варожасці», «незаконных дзеяннях у дачыненні да персанальных звестак», «стварэнні экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзеле ў ім», «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці», «паклёпе на Лукашэнку», «абразе Лукашэнкі», «абразе прадстаўніка ўлады» і «абразе суддзі».

Пра затрыманне Аляксандры Каско пасля вяртання з-за мяжы стала вядома ў лютым. Яе арыштавалі на 10 сутак за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». На волю жанчына так і не выйшла. У сакавіку беларускія праваабаронцы прызналі Аляксандру Каско палітзняволенай.

Hавiны
Следчы камітэт распачаў супраць трох менчукоў крымінальную справу «за рэабілітацыю нацызму»
2023.12.19 15:33

Менскі абласны суд прызначыў беларусу пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за данаты палку Каліноўскага.

Паведамляецца, што ён зрабіў каліноўцам 10 банкаўскіх пераводаў на агульную суму больш за 1200 рублёў. Беларуса прызналі вінаватым у «фінансаванні дзейнасці па вярбоўцы, навучанні, іншай падрыхтоўцы і выкарыстанні грамадзян Рэспублікі Беларусь, а таксама асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Беларусі, для ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні аднаго з супрацьлеглых бакоў, узброеных канфліктах і ваенных дзеяннях пры адсутнасці прыкмет наёмніцтва».

Як пішуць праваабаронцы, гаворка ідзе пра 31-гадовага Чэслава Канановіча.

Замежніцу ў Беларусі асудзілі за знятае відэа з вайсковай калонай. Вярхоўны суд пакінуў без змен прысуд Брэсцкага абласнога суда ў дачыненні да 30-гадовай грамадзянкі замежнай дзяржавы. Жанчыну асудзілі на 2 гады і 6 месяцаў, абвінаваціўшы ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці».

Прэс-служба Генпракуратуры паведамляе, што замежніца пастаянна пражывала ў Беларусі з 2016 года і працавала перакладчыцай у шэрагу буйных кампаній.

У сакавіку 2022 года яна зняла на відэа калону ваеннай тэхнікі, якая перамяшчалася па тэрыторыі Мінскага раёна. Хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра расійскую вайсковую тэхніку, якая накіроўвалася ва Украіну.

Два відэаролікі жанчына адправіла ў чат-бот тэлеграм-канала, які беларускія ўлады прызналі «экстрэмісцкім». Яна папрасіла зарэтушаваць асобныя элементы відэа, каб яе не змаглі знайсці.

Паведамляецца, што ўлетку 2023-га следчыя здолелі аднавіць перапіску з чат-ботам, а таксама адасланыя відэа. За іх замежніцу і асудзілі.

У апеляцыйнай скарзе яна ўказвала на празмерную строгасць пакарання, але суд вырашыў, што яна ўчыніла грамадска небяспечнае дзеянне.

Хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра ўкраінку Кацярыну Бруханаву. Яна працавала ў Беларусі перакладчыцай з кітайскай мовы. У ліпені 2023-га яе затрымалі на беларускай мяжы і забралі тэлефон на праверку. Пасля гэтага на Бруханаву пачалі крымінальную справу.

У Гомлі за «экстрэмізм у тэлефоне» адправілі пад арышт старшыню Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза банкаўскіх і фінансавых работнікаў Таццяну Хацкову. У судзе яна казала, што губляла тэлефон, і гэтую «экстрэмісцкую» спасылку на яе старонцы ў Facebook ад яе імя размясціў нехта іншы, паведамляюць праваабаронцы.

Hавiны
Сілавікі палююць на адміністратараў сацсетак, якія аб’ядноўваюць сваякоў асуджаных
2023.12.19 16:21

Міліцыянеры, якія затрымалі Хацкову, склалі пратакол па артыкуле «Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці альбо прапагандуе такую дзейнасць». Справа разглядалася ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля. У судзе высветлілася, што абвінавачаная аб згубленым тэлефоне нікуды не паведамляла, а праз нейкі час яго ёй вярнула невядомая асоба. Суддзя Сяргей Кармановіч палічыў, што «якіх-небудзь дакладных звестак, якія падцвярджаюць выбыццё з валодання Хацковай яе мабільнага тэлефона», няма. І прысудзіў жанчыне 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

СП, belsat.eu

Стужка навінаў