5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму – за 10 данатаў палку Каліноўскага


Менскі абласны суд агучыў 18 снежня вырак у дачыненні 31-гадовага Чэслава Канановіча, якога вінавацілі ў «фінансаванні дзейнасці для ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні, альбо ва ўзброеных канфліктах» (ч. 2 арт. 361-3 КК). Мужчыну прызналі вінаватым. Прысуд – 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, паведамляе «Вясна».

Чэслаў Канановіч, якога асудзілі на 5 гадоў калоніі за данаты палку Каліноўскага. Крыніца: spring96.org

Крымінальную справу разглядаў так званы суддзя Вячаслаў Тулейка, ён жа агучыў прысуд.

Паводле версіі абвінавачання, апублікаванай прэс-службай Генеральнай пракуратуры, Чэслаў Канановіч зрабіў на карысць «экстрэмісцкага фармавання» 10 грашовых пераказаў. Палку Каліноўскага ён нібыта перавёў агулам больш за 1200 рублёў. Ці прызнаў віну падсудны, невядома, іншыя падрабязнасці справы таксама невядомыя. Разбор справы пачаўся 14 снежня.

Чэслава Канановіча прызналі вінаватым і прысудзілі да 5 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

У спісе палітычных зняволеных Чэслава Канановіча пакуль няма. Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», на 19 снежня ў Беларусі 1465 чалавек прызнаныя ў Беларусі палітвязнямі. Толькі ў лістападзе праваабарончая супольнасць прызнала палітычнымі зняволенымі 20 асобаў. Паводле праваабарончай ініцыятывы «Dissidentby», у краіне – 1637 палітзняволеных. Насамрэч іхная колькасць можа быць большая ў некалькі разоў.

Агляд
Ператрус у доме Аляксандра Мілінкевіча і затрыманне блогера Аляксея Бацюкова
2023.12.18 23:00

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў