Лукашэнка прамяняў «Maybach» на расейскі «Aurus». Што гэта за машына?


Аляксандр Лукашэнка 19 снежня сустрэў Уладзіміра Пуціна ў менскім аэрапорце, яны разам паехалі ў Палац незалежнасці на лімузіне «Aurus». Раней Лукашэнка аддаваў перавагу нямецкім «Maybach». Глядзім, што за расейскі лімузін ён здабыў.

Лімузін «Aurus».
Фота: aurusmotors.com

«Aurus» – даволі новая марка машынаў. Ейную распрацоўку з 2013 года вёў расейскі дзяржаўны інстытут НАМИ, які ў савецкія часы распрацоўваў грузавікі і канцэпт-кары. У 2018 годзе на лімузін «Aurus» перасеў Уладзімір Пуцін, а серыйную вытворчасць машынаў пачалі ў 2020 годзе ў Татарстане. Прадстаўнікі кампаніі казалі, што расейскіх дэталяў у машынах каля 60 %.

Аляксандр Лукашэнка яшчэ год таму казаў, што перасядзе з «Maybach» на расейскі «Aurus». Сёлета ў кастрычніку Лукашэнка пакатаўся на «Аўрусе» ў Санкт-Пецярбурзе. У снежні ён казаў пра «Aurus»: «Хутка давядуць гэтую машыну – будзе прыстойнага ўзроўню, не горш за «Mersedes»».

Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка выходзяць з лімузіну «Aurus». Менск, Беларусь. 19 снежня 2022 года.
Фота: Kremlin.ru

Колькі цяпер каштуе лімузін «Aurus», публічна не кажуць. Але ў 2021 годзе называлі цану браніраванай версіі: 1,42 млн долараў (прыблізна столькі ж, колькі просяць за браніраваны «Maybach», які Лукашэнка атрымаў летам 2019 года). Звычайны не браніраваны седан «Aurus» каштуе ў пяць разоў меней.

Лімузін – гібрыд, мае электраматор і звыклы рухавік унутранага згарання, бензінавы V8 аб’ёмам 4400 см³ і магутнасцю 598 конскіх сілаў. Браня дае ўзровень балістычнай абароны VR8/VR10, то бок можа вытрымаць стрэл са снайперскай вінтоўкі Драгунова. «Aurus» сцвярджае, што іхны лімузін – адзіная ў свеце люксавая машына, якая ад пачатку праектавалася ў браніраванай версіі.

Прафесійных аглядаў лімузінаў «Aurus» не публікавалі. Але пра просты седан «Aurus» пісалі: не ўражвае і нават не адпавядае ў якасці сярэднім прэміум-машынам.

Расейскія «Масквічы» аказаліся цалкам кітайскімі: у Расею прывозяць гатовыя машыны

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў