У Беларусі ўпершыню з леташняга снежня паменела гатоўкі ў абарачэнні


Нацбанк абнавіў на сваім сайце статыстыку шырокай грашовай масы. З яе вынікае, што цяпер беларусы трымаюць на руках 9,014 млрд рублёў – на 1% меней, чымся было 1 кастрычніка. Гэта першае зніжэнне гатоўкі ў абарачэнні амаль за два гады.

Аб’ём гатоўкі ў абарачэнні няспынна рос у Беларусі з леташняга лютага, пасля пачатку вайны ва Украіне. На той момант на руках у грамадзянаў было 4,7 млрд рублёў. З таго часу паказнік вырас амаль удвая, і на 1 кастрычніка сёлета склаў 9,1 млрд рублёў.

Паводле апошняй інфармацыі Нацбанку цяпер у гатоўкі абарачэнні – 9,014 млрд рублёў (скарачэнне за месяц – 1%).

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Акрамя таго, цягам кастрычніка зменшыліся пераводныя дэпазіты – грошы на банкаўскіх картках. На бягучых рахунках цяпер 5,4 млрд рублёў (на 6,5% меней, чымся было месяцам раней).

Гатоўка і грошы на картках – гэтак званыя хуткія грошы, якія можна ў адзін момант выдаткаваць на пакупку валюты або на тавары ў крамах, таму эканамісты звяртаюць увагу на гэты паказнік. «Калі нейкія ваганні на валютным рынку альбо проста ў эканоміцы нешта адбываецца, то гэтыя грошы могуць быць лёгка выдаткаваныя, што, вядома, павялічвае рызыку інфляцыі, дэвальвацыі і дэфіцыту», – казала раней «Белсату» старэйшая навуковая працаўніца даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна.

У статыстыцы тэрміновых дэпазітаў усё стабільна: рублёвыя растуць, валютныя скарачаюцца.

У нацыянальнай валюце беларусы трымаюць у банках цяпер 7,6 млрд рублёў (плюс 19% з пачатку года). На валютных дэпазітах – крыху болей за 3 млрд долараў (мінус 16% з пачатку года).

Замежныя грошы выносяць з банкаў праз нізкія адсоткавыя стаўкі, што не кампенсуюць нават інфляцыю, не кажучы ўжо пра адчувальны прыбытак. Затое дэпазіты ў рублях сапраўды дазваляюць прымножыць ашчаджэнні.

Яшчэ адзін важны паказнік – шырокая грашовая маса – склаў на 1 лістапада 70,5 млрд рублёў, скараціўшыся за месяц на 1,5%. Гэта лічба ўлічвае і гатоўку ў абарачэнні, і грошы грамадзянаў ды прадпрыемстваў на рахунках, і дэпазіты, і каштоўныя паперы. Як кажуць эканамісты, калі гэты паказнік заўважна расце з месяца ў месяц, то можна рабіць выснову пра запуск друкарскага станка. І хаця з пачатку года шырокая грашовая маса павялічылася ў Беларусі на 15%, пра друкаванне незабяспечаных грошай казаць пакуль не выпадае.

Агляд
Што трэба зрабіць для здароўя беларускай эканомікі? Тлумачаць эксперты BEROC
2023.11.02 15:36

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў