Год калоніі за адно слова пра Лукашэнку, «хатняя хімія» за БЧБ-стужкі і жэст V. Рэпрэсіі 19 лістапада


Два з паловай гады ў Беларусі працягваюцца палітычныя рэпрэсіі. Амаль не бывае дня без навінаў пра новыя затрыманні, суды або катаванні палітвязняў. «Белсат» расказвае, што стала вядома за адзін дзень 19 лістапада.

Палітвязень Антон Якавук.
Фота: spring96.org

У Маскоўскім судзе Берасця 16 і 18 лістапада разглядалі справу 29-гадовага мясцовага жыхара Антона Якавука, расказвае «Берасцейская Вясна». Яго вінавацілі ў «Абразе Лукашэнкі» (ч.1 арт. 368 КК РБ) за кароткае відэа ў сацсетках (stories) з Аляксандрам Лукашэнкам і адным абразлівым словам. Суддзя Марына Скалковіч пагадзілася з прапановай пракурора і прысудзіла Якавуку 1 год калоніі агульнага рэжыму. Праваабаронцы прызналі яго палітычным зняволеным.

Гэты артыкул 368 актыўна выкарыстоўваецца для палітычнага пераследу. У спісе «Вясны» больш за тры сотні асуджаных паводле гэтага артыкулу.

Агулам жа ў Беларусі ўжо 1450 чалавек прызнаныя палітычнымі зняволенымі: 19 лістапада праваабаронцы дадалі ў спіс яшчэ 23 чалавек, асуджаных пераважна за «абразы» Аляксандра Лукашэнкі, службовых асобаў і суддзяў.

Абноўлена
За акцыю пратэсту ў краме «IKEA» у Чэхіі затрымалі беларуса
2022.11.19 09:52

Суд Ленінскага раёну Менску яшчэ 27 кастрычніка завершыў разгляд крымінальнай справы супраць мужа і жонкі Віталя Мацюша і Наталлі Ганапольскай, але пра вырак «Вясна» паведаміла толькі сёння. Суддзя Юлія Шчоткіна прызнала іх вінаватымі ў «Грубым парушэнні парадку» (ч.1 арт. 342 КК РБ) за ўдзел у мірным пратэсце супраць вынікаў выбараў 2020 года. Абодвум прысудзіла 3 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову (у народзе – «хатняя хімія»).

Паводле матэрыялаў справы, яны ў жніўні 2020 года падыходзілі да стэлы «Менск – горад-герой», дзе адбывалася акцыя пратэсту, дэманстравалі жэст «Вікторыя» і стужкі белага і чырвонага колеру (яны кажуць, стужкі павязалі на запясце), рухаліся з натоўпам па праезнай частцы (яны кажуць, выйшлі на перакрытую сілавікамі дарогу, каб сфатаграфавацца). Мацюша цалкам прызнаў віну і раскаяўся, падобныя паказанні дала Ганапольская.

Hавiны
Экс-кіраўнік ГУБАЗіК Карпянкоў анансаваў новы батальён спецназу: з улікам досведу Казахстану і Украіны
2022.11.19 15:38

Звязаны з сілавікамі Telegram-канал апублікаваў 19 лістапада «пакаяннае відэа» з чарговым затрыманым. Мужчына з «зацэнзураным» тварам заяўляе, што нібыта сам прыйшоў да сілавікоў, каб раскаяцца ва ўдзеле ў мірных пратэстах. Больш нічога пра сябе не расказвае, вызначыць асобу з відэа немагчыма.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў