Калі скончыцца міграцыйны крызіс?


Не аднойчы, а двойчы званіў тэлефон у Палацы незалежнасці на гэтым тыдні. На тым баку слухаўкі – канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель, і размаўляла яна з Аляксандрам Лукашэнкам. Беларуская прапаганда неадкладна абвесціла факт перамоваў прыкметаю безумоўнага прызнання беларускага рэжыму. У Еўразвязе ж дыялог бачаць трохі іначай. Ці сапраўды Лукашэнка атрымаў прынамсі тактычную перамогу і чаму часам даводзіцца размаўляць нават з дыктатарам?

Канцлерка Нямеччыны пасля дзвюх тэлефонных размоваў з Уладзімірам Пуціным, відавочна, прыслухалася да парадаў гаспадара Крамля і набрала нумар з кодам + 375. Цягам першай размовы Лукашэнка меўся зняпраўдзіць Ангеле Мэркель абвінавачанні ў жорсткім абыходжанні з мігрантамі і распавёў, што беларускі бок забяспечвае мігрантаў усім неабходным:

«Мы таксама дамовіліся, што будзем увесь час у кантакце да развязання гэтай праблемы. Бліжэйшым часам паразмаўляем яшчэ раз у гэтым пытанні, ну, і мне хацелася б пачуць адказ на маю прапанову спадарыні Мэркель у развязанні гэтага канфлікту».

Аналітыка
Ці прывядуць «хаатычныя перамовы» Еўразвязу да прызнання Лукашэнкі?
2021.11.18 19:47

Калі верыць міністарцы замежных справаў Эстоніі Эве-Марыі Ліймэтс і крыніцам нямецкай газеты «Bild», Лукашэнка прапаноўваў ні многа ні мала прызнаць яго легітымным прэзідэнтам, адмяніць санкцыі, забраць у Еўразвяз прынамсі палову мігрантаў з нашай краіны і вылучыць сродкі на абсталявання лагеру для тых уцекачоў, якія яшчэ будуць прыбываць у Беларусь. Паводле ж версіі Наталлі Эйсмант, прэсавай сакратаркі Аляксандра Лукашэнкі, санкцыі з Мэркель не абмяркоўваліся, бо «гэта было б ніжэй за годнасць кіраўніка Беларусі». У Еўрапарламенце на годнасць Лукашэнкі глядзяць іначай.

«Тое, што мы бачылі ад Лукашэнкі за апошні год, можна апісаць толькі як міжнароднае злачынства. Еўрапейская супольнасць мусіць яго пакараць. Што яшчэ на маё меркаванне важна, дык гэта тое, што мы маем абранага і легітымнага прадстаўніка ды прэзідэнта Беларусі. Гэта прэзідэнтка Ціханоўская, а Лукашэнка абсалютна такім не ёсць, ён усяго толькі міжнародны тэрарыст у гэтай сітуацыі», – заявіла ў праграме «ПраСвет» шведская еўрадэпутатка Карын Карлсбра.

У пацверджанне такой пазіцыі, з таго нешматлікага, што дакладна вядома пра размову Мэркель і Лукашэнкі, слова «прэзідэнт» з вуснаў канцлеркі не гучала. Дык ці ўдаецца Менску на гэты момант выйграць для сябе палітычныя перавагі?

«Еўразвяз, асабліва ўсходнія краіны, Польшча і Літва, занялі жорсткую, напэўна, нечакана жорсткую пазіцыю. З беларускім кіраўніцтвам пастанавілі размаўляць на ягонай мове. Гэта адзін бок праблемы. А з другога боку, ужо і Масква стала церабіць, бо да Пуціна ўжо апелявалі, і Масква гуляе тут у сваю гульню», – мяркуе палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Меркаванні
Ці азначаюць званкі Мэркель, што Лукашэнка «нахіліў» Еўропу?
2021.11.18 17:27

Пакуль усё ідзе сапраўды так, як бы Крамлю і хацелася. Пуцін параіў Мэркель звярнуцца да Лукашэнкі, і калі тая прыслухалася – вынік бачны амаль адразу. Уцекачоў забралі з мяжы, частку нават размясцілі ў лагістычным цэнтры ды накармілі без страляніны. І менавіта ў гэтым, хутчэй за ўсё, і была мэта званкоў у Менск ды ў Маскву.

Андрэй Елісееў, аналітык «East Center / ISANS»:

«Гэта не працягнутая далоні да дыялогу, а, хутчэй, гуманітарная акцыя. Еўразвяз хацеў бы дапамагчы лёсам і здароўю мігрантаў, якія апынуліся ў Беларусі і якіх Лукашэнка выкарыстоўвае ў палітычных мэтах. І Мэркель хацела пачуць з першых вуснаў Лукашэнкі, чаго ён уласна хоча».

Размовы без удзелу Польшчы абурылі Варшаву. Прэзідэнт Анджэй Дуда неадкладна заявіў свайму нямецкаму калегу пра непрыняцце якіх заўгодна дамоўленасцяў без удзелу Польшчы. Мясцовае МЗС заявіла, што ні ў якім выпадку не пойдзе на перамовы з Лукашэнкам. Гэта і быў план Лукашэнкі – атрымаць хоць нейкае прызнанне і пасварыць Еўразвяз?

Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік:

«Як мінімум – насаліць суседзям. Бо менавіта краіны Балтыі і Польшча займалі найбольш жорсткую пазіцыю: пасля выбараў 2020 года выступалі за моцныя санкцыі, у Літве акрамя ўсяго атабарылася Ціханоўская са сваім штабам. І тут проста пачуццё помсты».

І гэтая мэта ў прынцыпе дасягнутая: усе суседзі, акрамя Расеі, не чакаюць з боку нашых межаў нічога добрага. Украінская армія і памежныя службы таксама гатовыя перанакіраваць плынь мігрантаў на поўдзень. Серада – дзень другога званка Мэркель у Менск – стала самым спакойным днём з пачатку гібрыднай атакі на еўрапейскія межы. Аляксандр Класкоўскі мяркуе, што гэта можа быць пачаткам завяршэння міграцыйнага крызісу:

«Рэсурс беларускага рэжыму, каб падтрымліваць градус гэтай эскалацыі, не бясконцы. З улікам таксама таго, што мігранты ствараюць праблему і ўнутры Беларусі. Таму тут для Лукашэнкі пытанне, як саступіць без страты твару».

Было б што страчваць… Але сапраўды, калі саступаць, то цяпер: калі можна распавесці ўнутры краіны пра вяртанне легітымнасці і саступкі еўрапейцаў. З боку рэжыму гэта была б першая саступка са жніўня мінулага года. Рэсурсаў сапраўды ўсё меней, і, паводле Андрэя Елісеева, аналітыка «East Center / ISANS», менавіта таму ніякіх саступак чакаць не варта:

«У чым больш фінансава складанай сітуацыі застаецца Лукашэнка, з тым, каб выбіць рэсурсу ці то з Захаду, ці то з Расеі, ці то з тым, каб зняць санкцыі, Лукашэнка ўвесь час падымае стаўкі і ўвесь час робіць сітуацыю болей напружанай. Лукашэнку выгадная гэтая напружанасць цягам бліжэйшых месяцаў, прынамсі да рэферэндуму».

То бок да лютага наступнага года. Раней – ужо ў найбліжэйшы панядзелак – адбудзецца іншая палітычная падзея: міжнародная канферэнцыя ў Вене. І калі б рэжым сапраўды хацеў перамоваў, то там бы зʼявіўся.

Людас Мажыліс, літоўскі еўрадэпутат:

«Каб перамовы былі паспяховымі, выніку мусяць хацець абодва бакі… Еўразвяз можа колькі заўгодна намагацца ўгаварыць яго, але калі іншы бок не хоча чуць, то нічога з такіх перамоваў не выйдзе».

Афіцыйны Менск ужо катэгарычна адмовіўся браць удзел у венскай перамоўнай пляцоўцы, бо пачуць там давялося б усё тое ж: вызваліць палітвязняў, спыніць рэпрэсіі, а потым можна і размаўляць. А значыць, калі Еўропа не прадэманструе ахвоты пайсці на сапраўдныя саступкі, хутчэй за ўсё, трэба чакаць толькі новых гібрыдных атак з боку рэжыму.

ПраСвет
Як далёка гатовы зайсці Лукашэнка ў канфлікце з Захадам? «ПраСвет» з Алінаю Коўшык
2021.11.12 13:11

Усевалад Шлыкаў для праграмы «ПраСвет»

Калаж з фота: Mikhail Metzel / TASS / Forum; Zucchi/Euc / Forum, Facebook

Стужка навінаў