Хлопец, якому прабілі аўта польскім сцягам: Галоўныя героі гэтай гісторыі – беларусы


На мінулым тыдні ў Варшаве аўтамабілю на беларускіх нумарах прабілі шыбу польскім сцягам. Беларусы знайшлі аўта і за дзве гадзіны сабралі патрэбную суму на рамонт. Аляксандр у размове з «Белсатам» сціпла просіць прыгадваць яго меней, а больш казаць пра беларусаў, якія салідарызаваліся вакол яго.

Прабітае шкло ў машыне з беларускімі нумарамі з дапамогай дрэўка, на якім замацаваны польскі сцяг у варшаўскім раёне Грохуў. Варшава, Польшча. 15 верасня 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Аляксандр бачыў сцяг у шыбе аўтамабіля толькі на здымках. Машыну разбілі ў чацвер, а ў пятніцу, калі ён даведаўся пра здарэнне, сцяга ўжо не было. Таксама нехта забраў цыдулку ад мясцовых жыхароў, якія прапанавалі Аляксандру дапамогу:

«Я ехаў на працу, па дарозе чытаў «экстрэмісцкія тг-каналы», потым зайшоў у Instagram – і бачу там машыну на беларускіх нумарах, з яе сцяг тырчыць. Думаю, якая знаёмая машына. І тут зразумеў, што гэта ж мая.

Калі пастанавіў яе направіць, то напісаў у адзін з беларускіх чатаў Варшавы, што шукаю СТА для рамонту. І мне напісаў хлопец, што ў іншай групе беларусаў ужо адкрылі рахунак для ахвяраванняў, і папрасіў мой нумар карты. Ён усё зрабіў за мяне. Я б сам, напэўна, гэтым не займаўся».

Аляксандр паказвае аўтамабіль, шыбу якога нехта прабіў дрэўкам з польскім сцягам. Варшава, Польшча. 18 верасня 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Грошы на замену шыбы ў аўтамабілі Аляксандра збіралі два беларусы. Неабходная сума – 770 злотых (прыблізна Br 412, або $164) была сабраная за дзве гадзіны. Хлопец паказвае пераводы, якія да яго паступілі. У тэме трансакцыі людзі збольшага пісалі «Жыве Беларусь!».

«Я прыехаў сюды адзін, мае сябры і сям’я засталіся ў Беларусі, і я адчуваў сябе самотна. Зараз я настальгічна прыгадаў 2020 год. Той момант, калі мы былі згуртаваныя. Я хачу падзякаваць беларусам! Аднаго з хлопцаў, які дапамагаў мне, запрашу на кальян», – зазначае Аляксандр.

Хлопец не плануе падаваць заявы ў паліцыю. Хоць якраз на ягонае аўта накіраваная камера відэаназірання, усталяваная на жылым доме:

«Я думаю, маю машыну разбіў нейкі неадэкват. У паліцыю пісаць заяву не буду, бо кожнае такое пытанне прывядзе да яшчэ большай розні. Крыўды на палякаў няма. Вельмі шмат цяпер да іх прыехала замежнікаў, і які б ты ні быў добрасуседскі, пры ўсім, што яны робяць, але ўсё зацягнулася. Тут яшчэ інфляцыя… Можа, гэта было б не так прыкметна, калі б усе прыезджыя прыгожа сябе паводзілі. Хапае выпадкаў, калі ў прыезджых спажывецкае стаўленне, і гэта вельмі непрыемна. Палякі максімальна талерантныя».

Прабітае шкло ў машыне з беларускімі нумарамі з дапамогай дрэўка, на якім замацаваны польскі сцяг у варшаўскім раёне Грохуў. Варшава, Польшча. 15 верасня 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

У мясцовых чатах людзі задаваліся пытаннем, чаму гаспадар не заклеіў чырвона-зялёнага сцяжка на аўтамабілі. Аляксандр патлумачыў, што машына належыць ягонай сястры, яна пакінула яе на захоўванне брату. У польскіх чатах пісалі, што аўта ўжо было з дзіркай, а сцяг проста ўставілі ў яе. Але Аляксандр сцвярджае, што машына была цэлая: «Я ёю не карыстаюся, яна проста стаіць пад маім домам. Калі мая сястра прыехала заклейваць дзірку на шыбе, да яе падышоў паляк, папрасіў прабачэння і сказаў «мы не ўсе такія», – распавёў суразмоўца.

Напярэдадні здарэння ў раёне, дзе жыве Аляксандр, прайшоў Марш супраць нянавісці, зарганізаваны мясцоваю супольнасцю як рэакцыя на інцыдэнт, калі на адрас беларусаў і ўкраінцаў з боку некалькіх мясцовых жыхароў прагучалі пагрозы ды ксенафобскія выказванні.

«Я ведаў пра марш, але не пайшоў, бо марш, хутчэй, іх злуе. Ты прыехаў у чужую краіну і пачынаеш тут маршаваць, правы свае заяўляць».

Прабітае шкло ў машыне з беларускімі нумарамі з дапамогай дрэўка, на якім замацаваны польскі сцяг у варшаўскім раёне Грохуў. Варшава, Польшча. 15 верасня 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Аляксандр зʼехаў з Беларусі ў траўні 2021 года ў Львоў. Да гэтага жыў у Менску ў адным з пратэставых дамоў. Пасля адʼезду да яго прыйшлі з ператрусам. Ва Украіне атрымаў гуманітарную візу, некаторы час паспрабаваў жыць у Латвіі ды пераехаў у Польшчу. Сваёй асобы раскрываць не хоча, бо ў Беларусі ў яго засталіся сваякі.

Аліса Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў