Ці быў шанец узяць уладу 9 жніўня? Рэфлексія з нагоды «страчанага шанцу»

Вадзім Пракоп’еў запісаў добрую праграму, з асэнсаваннем і рэфлексіяй з нагоды «страчанага шанцу» на хуткую перамогу.

Характэрна, што быўшы паслядоўным праціўнікам «гандызму», Вадзім Пракоп’еў адзначае ролю мірных маршаў і сумняваецца ў тым, што быў шанец узяць уладу пры той структуры грамадзянскай супольнасці, якую мы мелі на 9 жніўня 2020. Што мне здаецца важным у выступе Вадзіма:

«Без той веры ў прыгожы мірны спосаб мы не сабралі б столькі людзей».

Адзначу, што мы як быццам забыліся пра тое, якое палітычнае поле было ў краіне да 2020 года. Гэта цяпер фраза «я па-за палітыкай» гучыць як «я ем з падлогі». Нагадаю, пасля здушэння пратэстаў 2010 года палітыка ў Беларусі 10 гадоў была выціснутая ў маргінальнае поле. Займацца палітыкай было маветонам. Можна было займацца бізнесам, адукацыяй, дабрачыннасцю, стрымана крытыкаваць мясцовую ўладу – але не замахвацца на «святое». Штабы Бабарыкі, Ціханоўскай і Цапкалы ўцягнулі ў перадвыбарчую кампанію нябачаную да гэтага колькасць людзей. Для параўнання: у ініцыятыўныя групы незалежных кандыдатаў на выбарах 2010 года запісваліся ад 1301 да 3271 чалавека. У ініцыятыўную групу Віктара Бабарыкі зарэгістраваліся 8904 чалавекі. Гэта цяпер 700 тысяч галасоў за Святлану Ціханоўскую на «Голасе» чамусьці ўспрымаюцца як «добра, ды мала». Да 2020 года такая колькасць людзей у палітыку не ўключалася ў прынцыпе. І тое, што колькасць гэтых людзей вырасла кратна, – дасягненне новых палітыкаў 2020 года і мірных маршаў.

«У многіх з гэтых людзей расплюшчыліся вочы на тое, што злачынная, жлобская ўлада тварыла».

Менавіта так. Шмат хто ў сацыяльных сетках лічаць добрым тонам у каментарах да любой навіны пра зверствы напісаць «а што вы дзівіцеся, ужо 20 гадоў тут такое». На жаль так, гэта так. Мы ведалі аб злачынствах і раней, але нічога не рабілі, каб гэта выправіць. Гэта наша віна, і мы цяпер вымушаныя за яе расплачвацца. З іншага боку – шчыра не разумею злараднасці. Маштабнаму росту прыхільнікаў трэба радавацца, а не гнабіць новапрыбылых «адсутнасцю палітычнага досведу». Калі вы ў палітыцы даўно – то факт, што аб найважнейшых эпізодах жыцця краіны не ведае пераважная яе частка – гэта і бяда гэтых людзей, але і вашае недапрацоўванне, шаноўныя «мацёрыя апазіцыянеры».

Агітацыйны мітынг кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай у Маладзечне. Сустрэча адбылася на стадыёне па вул. Машэрава, 6а. Паводле ацэнак «Белсату», прысутнічала ад 3 да 5 тысячаў чалавек. 31 ліпеня 2020 года.
Фота: Белсат

Вадзім кажа, што для ўзяцця ўлады ў 2020-м нам усім «не хапіла ўзаемнага даверу». Гэта вельмі важная заўвага. Для згуртаванасці патрэбны давер, гэта крытычны фактар. Мы, беларусы, толькі пачалі пазнаваць сябе і адзін аднаго, гледзячы ў люстэрка і на знаёмых у экстрэмальнай сітуацыі. Экстрэмальныя сітуацыі для таго і патрэбныя, у іх выплывае, з чаго насамрэч зроблены чалавек. Паспяховыя банкір і юрыст добраахвотна ідуць у турму, рэстаратар і геданіст, рызыкуючы жыццём, робяцца рупарам супраціву, а некаторыя з тых, каго дзесяцігоддзямі лічылі «сімвалам нацыянальнага адраджэння», просяць аслабіць ціск на дыктатара. Для таго, каб супольна ісці на дзеянні, якія ў выпадку няўдачы могуць прывесці на дзесяцігоддзі ў турму ці нават на смерць, патрэбная максімальная ступень даверу. У нармальных краінах людзі маюць магчымасць спазнаць адзін аднаго, быўшы ў адной партыі, грамадскім руху – у Беларусі такая магчымасць адсутнічала дзесяцігоддзі. І нават цяпер, перад абліччам дыктатуры канцлагера або нават анексіі, відаць, якія мы раз’яднаныя, схільныя бачыць у апаненце «руку Масквы» або «шпіёна КДБ». Узаемны давер – гэта неабходная ўмова паспяховай кампаніі. Чым хутчэй мы навучымся давяраць адзін аднаму, тым хутчэй даможамся перамогі.

«Нас так шмат, ён убачыць і зразумее, што без нас няма краіны».

Так, мы сапраўды занадта добра пра іх думалі. Што вайсковым генералам кроў народу будзе важнейшая за кавалак хлеба. Што міліцэйскім генералам катаванні будуць больш агідныя, чым страта дачы ў Драздах. Што суддзям, пракурорам, следчым страта крэдытнай кватэры не адчуцца больш балюча, чым тысячы беспакарана збітых і згвалтаваных беларусаў. Што многім рабочым збіццё іх калегаў будзе важнейшае, чым праславутая «чарка і скварка».

«Ці быў шанец на хуткую перамогу ў нацыі, што толькі нарадзілася?»

Так, мы сучасныя беларусы – мы не ліцвіны часоў ВКЛ і РП, але ў гэтым няма нічога жудаснага. Дакладна гэтак жа, як сучасныя італьянцы і грэкі – не раўназначныя старажытным дахрысціянскім этнасам. Перад намі яшчэ будзе працэс нацыябудаўніцтва, задушаны саветамі на пачатку ХХ стагоддзя, мы ў пачатку шляху.

Вераніка Цапкала, Марыя Калеснікава і Святлана Ціханоўская ў машыне пасля заканчэння сустрэчы з выбарнікамі. Салігорск, Беларусь. 4 жніўня 2020 года.
Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

«Не былі гатовыя на такія ахвяры. Ці быў шанец, што сотні тысяч людзей пойдуць расставацца з найвышэйшай каштоўнасцю – жыццём – дзеля свабоды іншых людзей?»

1000 гадоў таму найвышэйшай каштоўнасцю было жыццё племені, і людзі аддавалі за яго сваё жыццё. 500 гадоў таму найвышэйшай каштоўнасцю была вера, прыналежнасць да канфесіі, і людзі ваявалі за права быць пратэстантам або каталіком. 100 гадоў таму такой каштоўнасцю была нацыя, і людзі паміралі і забівалі за яе ў дзвюх сусветных войнах. Цяпер эпоха постмадэрну, постусяго, і калі найвышэйшая каштоўнасць гэтай эпохі – жыццё (і жыццё камфортнае), тады не дзіўна, што беларусы адмовіліся паміраць і забіваць за тое, каб у іх суграмадзянаў зʼявілася магчымасць (не гарантыя, а толькі шанец!) пабудаваць больш справядлівае грамадства. І зноў я адмаўляюся з гэтай нагоды кідаць камень у сваіх суграмадзянаў – мы не лепшае і не горшае адлюстраванне гэтай эпохі, чым амерыканцы, якія выводзяць войскі з Афганістану. Так што перад тым, як цкаваць беларусаў за асцярожнасць перад тварам узброенага ворага, на баку якога паабяцаў выступіць Крэмль, што сем год вядзе вайну з суседняй краінай (у 4 разы большай за Беларусь у колькасці насельніцтва), скажыце гэта для пачатку генералам ЗША – адной з найбагацейшых краінаў і наймацнейшых арміяў на планеце.

«Ці прывяла б нас хуткая перамога да пабудовы ўстойлівай грамадзянскай супольнасці? Ці змаглі б мы абараніцца ад подлага Крамля і новых папулістаў?»

Мне ўяўляецца, што ўстойлівая грамадзянская супольнасць – гэта не толькі ўмова перамогі дэмакратыі, але адзіны дзейсны інструмент абароны і ад вонкавых пагрозаў і ад унутраных злоўжыванняў уладай. Ці існавала яна ў Беларусі ў жніўні 2020-га? Пытанне рытарычнае.

Агітацыйны мітынг кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай у Маладзечне. 31 ліпеня 2020 года.
Фота: Белсат

«У архаіку не вернемся. Гіпноз больш не працуе».

Беларуская нацыя цяпер – падлетак. Тынэйджар, які не змог выступіць у адкрытым супрацьстаянні з узброенымі і экіпаванымі сіламі праціўніка (не тая вагавая катэгорыя), але асмеліўся ўстаць, гучна і адкрыта сказаць пра тое, што не будзе больш трываць здзекаў, – ужо важны крок на шляху станаўлення. Сталенне немагчыма спыніць. У эпоху «шчаснага несвядомага» дзяцінства дарога ўжо закрытая назаўжды. Уступіўшы ў падлеткавы ўзрост, юнак ужо не стане дзіцем, нават калі яго збіваць. Не зможа, нават калі захоча.

«Катаванні – гэта памылка».

Масавыя катаванні – гэта якаснае адрозненне эпохі Лукашэнкі да 2020 года і пасля. І гэта ўжо адыграла і яшчэ адыграе вызначальную ролю ў стаўленні беларусаў да яго. Гэта водападзел у стаўленні беларусаў да хунты. Калі раней можна было заплюшчваць вочы на беззаконне, што адбываецца ў Беларусі, то абыякавыя працяглыя катаванні не ідэйных лідараў, а нявінных людзей, выпадковых мінакоў – гэта пункт незвароту.

«Гэта не спрынт, гэта марафон».

Працэс стварэння нацыі ў многіх народаў, што былі ў больш спрыяльнай сітуацыі, чым мы, займаў стагоддзі. Пабудова ўласнай дзяржавы пры цалкам разбураных інстытутах – дзесяцігоддзі. Зрынанне дыктатуры, якая выбудавала за 27 гадоў вертыкаль улады і падсілкоўваецца багатым усходнім суседам, што не вагаецца ваяваць з у разы большым за на насельніцтвам, можа заняць гады. Трыццаць гадоў таму мы атрымалі незалежнасць, але ў барацьбу за яе ўключалася толькі малая частка энтузіястаў. На жаль, лёс дару, да атрымання якога вялікая частка беларусаў была не датычная, такі, што праз трыццаць гадоў мы зноў сутыкаемся з рэальнай пагрозай страты дзяржаўнасці.

Пахаванне Мікіты Краўцова
Пахаванне ўдзельніка менскіх пратэстаў Мікіты Краўцова, якога не маглі знайсці дзесяць дзён. Маладзечна, Беларусь. 25 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

«Сістэма не толькі антычалавечная, яна нежыццяздольная».

Адзначу, што нежыццяздольная менавіта таму, што антычалавечная. Канцлагеры эканамічна неэфектыўныя. Праца зняволеных мае вельмі нізкую прадукцыйнасць. Хунта дамаглася таго, што кожны беларус цяпер адчувае сябе жыхаром лагеру. Менавіта гэта забівае эканоміку, а не санкцыі.

«Ці значыць гэта, што дастаткова проста пачакаць?»

Не, ні ў якім выпадку. «Трэба, каб да вонкавага ціску дадаўся ўнутраны». Лёс Беларусі вызначаецца не ў Крамлі, не ў Драздах і не ў Бруселі. Ён будзе вызначацца ў бітве за розумы мільёнаў беларусаў і затым на вуліцах нашых гарадоў.

Меркаванні
Пра што можна весці перамовы з Лукашэнкам?
2021.09.11 12:26

Міхаіл Кірылюк/ІР, belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў