Нарвежскі масавы забойца Андэрс Брэйвік падаў у суд на дзяржаву за «скрайнюю ізаляцыю»


Андэрс Брэйвік, які 12 гадоў таму забіў у Нарвегіі 77 чалавек і цяпер адбывае пакаранне ў турме, падаў судовы пазоў на дзяржаву за тое, што яго ўтрымліваюць у «скрайняй ізаляцыі», а таксама чарговае хадайніцтва аб умоўна-датэрміновым вызваленні. Пра гэта паведаміў адвакат Брэйвіка Ойстэйн Сторвік, піша Reuters.

Андэрс Брэйвік.
Фота: Ole Berg-Rusten/NTB scanpix via AP

Андэрс Брэйвік 22 ліпеня 2011 года зладзіў выбух у цэнтры Осла і напаў на моладзевы летнік Нарвежскай працоўнай партыі на востраве Утойя. У выніку гэтых тэрактаў загінулі 77 чалавек і 151 былі параненыя.

Суд прызначыў Брэйвіку самае жорсткае пакаранне, магчымае ў Нарвегіі – 21 год пазбаўлення волі. Зняволенне могуць працягнуць, калі будзе лічыцца, што асуджаны – усё яшчэ пагрозы для грамадства.

Нарвежскі забойца знаходзіцца за кратамі ўжо 12-ы год, цяпер яму 44 гады.

«Ён падае ў суд на дзяржаву, таму што цягам 11 гадоў знаходзіўся ў скрайняй ізаляцыі і не кантактаваў з іншымі людзьмі, акрамя сваіх ахоўнікаў, – зазначыў адвакат Брэйвіка. – <…>. Летась яго перавялі ў новую турму, і мы спадзяваліся, што там будуць лепшыя ўмовы і што ён зможа сустракацца з іншымі людзьмі».

Чакаецца, што акружны суд Осла разгледзіць пазоў увесну 2024 года.

Падобны пазоў Брэйвік падаваў у 2017 годзе – тады суд прызнаў, што ізаляцыя асуджанага ў трохпакаёвай камеры была бесчалавечнай. Аднак апеляцыйны суд адмяніў гэтае рашэнне. У 2022 год нарвежскі суд таксама адхіліў хадайніцтва Брэйвіка аб умоўна-датэрміновым вызваленні з фармулёўкай, што асуджаны ўсё яшчэ прадстаўляе пагрозу для грамадства.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў