Растуць і складскія запасы, і рэнтабельнасць. Што адбываецца на беларускіх заводах?


Флагманы беларускай прамысловасці адначасова паказваюць як рост складскіх запасаў, гэтак і рэзкае паляпшэнне фінансавых паказнікаў. Пра супярэчлівую сітуацыю распавядаюць і работнікі прадпрыемстваў.

У Беларусі працягваецца рост складскіх запасаў у прамысловасці. Паводле Белстату, у ліпені яны павялічыліся яшчэ на Br 160 млн і склалі на 1 жніўня Br 8,02 млрд. Гэта найбольшы паказнік складскіх запасаў у вартасным выяўленні за апошнія гады.

Здымае мае ілюстрацыйны характар. Лагістычны склад.
Фота: Donat Sorokin / TASS / Forum

Узровень складскіх запасаў таксама вырас. На 1 жніўня ён склаў 72,9 % ад сярэднямесячных аб’ёмаў вытворчасці супраць 71,7 % на 1 ліпеня. Год таму запасы складалі Br 5,23 млрд, або 54,2 % ад сярэднямесячнага абʼёму вытворчасці.

Пры гэтым узровень запасаў расце на тле паніжэння абʼёмаў вытворчасці. У ліпені ў прамысловасці вырабілі прадукцыі на Br 13,84 млрд, што на 12,2 % менш, чым у ліпені 2021 года. А па выніках сямі месяцаў абʼём прамысловай вытворчасці скараціўся на 6,2 % да Br 95,18 млрд.

Фінансавыя паказнікі паляпшаюцца

Адначасова з гэтым статыстыка паказвае рэзкае паляпшэнне фінансавых паказнікаў флагманаў рэальнага сектару. За шэсць месяцаў прыбытак флагманскіх кампаніяў краіны ад рэалізацыі прадукцыі вырас (у параўнанні з 2021 годам) на 21,4 %, да Br 14 млрд. Найбольшы абʼём прыбытку ад рэалізацыі паказала апрацоўчая прамысловасць – Br 7,129 млрд (рост на 24 %).

Больш за тое, па выніках чэрвеня 2022 года дынаміка прыбытку ад рэалізацыі была лепшай, чым у цэлым за паўгоддзе. Памер прыбытку ўсіх флагманаў вырас на 29,1 % да 2021 года, у апрацоўчай прамысловасці – на 50,5 %. Рэнтабельнасць продажу за паўгоддзе склала 8,6 % супраць 7,9 % у 2021 годзе. У апрацоўчай прамысловасці сярэдняя рэнтабельнасць вырасла з 9,9 % да 11,3 %.

Здымае мае ілюстрацыйны характар. Дрэваапрацоўчае прадпрыемства.
Фота: Yurii RylchukUkrinform / ddp images / Forum

У чэрвені паказнікі рэнтабельнасці продажаў сталі найлепшымі за паўгоддзе. У цэлым рэнтабельнасць у эканоміцы дасягнула 11 %, а ў апрацоўчай прамысловасці – 19 %.

Выданне banki24.by адзначае, што прычынай узлёту фінансавых паказнікаў у флагманаў у чэрвені стаў рост цэнавай канкурэнтаздольнасці на расейскім рынку. Істотнае зніжэнне курсу беларускага рубля да расейскага паспрыяла росту абʼёму экспарту ў РФ, які за чэрвень склаў $ 2,032 млрд у эквіваленце, што стала гістарычным максімумам за даступны перыяд замераў. У першым паўгоддзі Расея сфармавала 53,1 % экспарту беларускіх тавараў, у тым ліку ў чэрвені – 64,3 %. Галоўныя прамыслоўцы ўвогуле накіроўвалі ў Расею каля 4/5 сваіх паставак.

«Паколькі курс склаўся для экспарцёраў у РФ спрыяльна, гэта дало вялікі штуршок пастаўкам і прывяло да скачка фінансавых вынікаў», – пішуць аналітыкі выдання.

А вось экспарт у Еўразвяз, паводле Еўрастату, якраз скарачаецца. За шэсць месяцаў ЕЗ стаў набываць тавараў у Беларусі ў 2,2 раза менш: з € 512,6 млн у студзені да € 225,5 млн у чэрвені. Агулам жа Беларусь прадала ў аб’яднаную Еўропу больш як на € 2 млрд.

Беларускі цягнік з цыгарэтамі ў Літве.
Фота: Muitinės kriminalinė tarnyba / Facebook

Найлепш прадаваліся прадукты хімічнай вытворчасці, драўніна і вырабы з яе (цяпер трапіла пад санкцыі), машыны і механічнае абсталяванне, а таксама мінеральныя прадукты.

З іншага боку, паводле Белстату, адбылася пераарыентацыя экспартных патокаў на краіны Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі, у некаторыя – шматкроць. Гэтак, экспарт беларускіх тавараў у Аб’яднаныя Арабскія Эміраты вырас за паўгода ў 14 разоў (да $ 337,8 млн), у Ліван – у 11 разоў (да $ 12,2 млн), у Малі – у 10 разоў (да $ 14,2 млн). У топ-10 паводле тэмпаў росту паставак з Беларусі ўвайшлі таксама Гана, Егіпет, Гватэмала, Іран, Зімбабвэ, Мексіка і Палестына. На 89,2 % да $ 752,8 млн вырас таксама экспарт з Беларусі ў Кітай.

«Усе разумеюць, што будучыні няма»

Супярэчлівасць сітуацыі дэманструюць і крыніцы «Белсату» на беларускіх прадпрыемствах.

Гэтак, на МТЗ двое працоўных сцвярджаюць, што завод працуе, заробкі выплачваюцца рэгулярна, і нават часам іх выклікаюць на працу ў выходныя. Прынамсі аднаго токара нават не пусцілі ў адпачынак. Пры гэтым прадукцыя прадаецца не ўся, а шмат машынаў стаіць на тэрыторыі прадпрыемства недаўкамплектаванымі, бо не хапае камплектных дэталяў.

«Наагул усё пачалося пасля выбараў: наклалі санкцыі, і цэхі не надоўга сталі, але праз пару месяцаў зноў запрацавалі. А цяпер, з пачатку вайны, да красавіка яшчэ неяк працавалі, а потым сталі. Большасць працаўнікоў раскідалі па цэхах, а тым, каму месца не хапіла, накіравалі на 2/3 і за свой кошт, на месяц, напэўна, мо больш. А цяпер, мабыць, грошы заканчваюцца», – паведамляюць чытачы «Белсату» з «Белмедпрэпаратаў».

Аналітыка
Упруцца ў плот ці зоймуць нішу? Беларусь хоча рабіць у сябе кубінскія і кітайскія лекі. Зноў
2022.08.18 08:00

Засмучае сітуацыя працоўных і на наваполацкім «Нафтане».

«Заробак без дадатковых выплатаў, голы аклад і 40 % прэміі. Таму ідзе пастаянны паток звальненняў, плюс працягваюцца чысткі за 2020 год непажаданых. Загрузка сыравіны мінімальная на заводзе, бо завод працуе на ўнутраны рынак. Маральная абстаноўка, як у канцлагеры: ахове і службе бяспекі дазволена ўсё, работнікі – ніхто», – паведамілі ў мясцовым стачкаме.

І дадалі: «спадзяюцца на лепшае адзінкі, усе разумеюць, што будучыні няма, таму імкнуцца пакінуць краіну».

А вось на Бабруйскім гідролізным заводзе наадварот заяўляюць, што і з працай, і з заробкамі праблемаў няма. Кажуць, што «ўсё добра» і на берасцейскім «Гефесце».

Аналітыка
«Чыноўнік у найлепшым выпадку ўмее рабіць сур’ёзны твар». Як «Мотавела» дакацілася да такога жыцця
2022.08.16 19:37

У каментары «Белсату» сябра рады Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Дзяніс Садоўскі адзначыў, што сітуацыя на заводах залежыць ад таго, наколькі іх вытворчасць залежала раней ад заходняга імпарту.

«Прынцып на заводах такі – калі самі выраблялі, то ўсё ок, працуюць. Калі імпарт быў, то ўсё стаіць колам. Людзей пакуль не звальняюць, нават на працу ходзяць, але ва ўсіх на заводах збольшага здзельна-прэміяльная форма аплаты, таму заробкі ў такіх выпадках упалі ў 2–3 разы», – кажа суразмоўца.

А што далей?

Як сітуацыя будзе развівацца далей, частковы адказ даюць аналітыкі banki24.by.

На іхную думку, Беларусь працягне пераарыентаваць замежны гандаль з Еўразвязу і Украіны на Расею і Кітай, дый розніца ў курсах будзе спрыяць экспарту ў РФ. У выніку «прыбытак і рэнтабельнасць у флагманаў улетку застануцца адносна высокімі».

Аналітыка
«Галоўны крытэрый работніка – палітычная лаяльнасць». Як звальненні нязгодных спараджаюць кадравы голад
2021.12.03 10:17

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў