Літва завяршае будаўніцтва плота на мяжы з Беларуссю, але беларускія памежнікі яго пашкоджваюць


У пачатку верасня Літва плануе завяршыць будаўніцтва агароджы на мяжы з Беларуссю, паведаміла міністр унутраных спраў Літвы Агне Білатайце.

Фота: VSAT

Да заканчэння будаўніцтва агароджы на літоўска-беларускай мяжы засталося некалькі кіламетраў. Цяпер больш за палову агароджы на мяжы аснашчана сістэмамі відэаназірання – гэта 362 км з 679 км. Да канца гэтага года плануецца ўстанавіць відэаназіранне ўздоўж усёй мяжы.

На будаўніцтва агароджы было выдаткавана 70 млн еўра ад Еўракамісіі. За гэтую суму прадугледжана будаўніцтва плота даўжынёй 452,9 км, агароджы з калючага дроту працягласцю 356,1 км і рамонт 76,1 км плота.

Аднак у памежнай службе Літвы паведамляюць, што беларускія памежнікі спецыяльна пашкоджваюць агароджу на літоўска-беларускай мяжы.

«Беларускія памежнікі робяць гэта з помсты, робяць гэта дэманстратыўна нават там, дзе гэта фіксуюць нашыя сістэмы. Аднак большая частка пашкоджанняў фіксуецца там, дзе сістэм назірання няма», – заявіў кіраўнік Службы аховы дзяржмяжы Літвы Рустам Любаеў.

Ён таксама паведаміў, што літоўскія памежнікі фіксавалі выпадкі нанясення шкоды агароджы беларускімі памежнікамі і перадалі афіцыйнае паведамленне ў сувязі з гэтым. Аднак у выніку беларускі бок альбо не адказвае, альбо кажа, што такі выпадак высветліць не ўдалося.

Агароджа знаходзіцца на літоўскай тэрыторыі, і асобам, якія пашкоджваюць агароджу, пагражае пакаранне за парушэнне дзяржмяжы і псаванне маёмасці.

Раней падобны плот уздоўж мяжы з Беларуссю пабудавала Польшча.

Hавiны
Польская памежная ахова: беларускія памежнікі пілуюць «балгаркамі» дзіры ў плоце і прапускаюць мігрантаў
2022.08.15 17:28

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў