Вынікі пошуку для:

«Мой сын – у закладніках». Маці палітычнага вязня – пра дапамогу, інтэрв’ю для БТ і спіс Васкрасенскага

Палітычнага вязня Ігара Пражэннікава асудзілі на 1,5 года пазбаўлення волі за налепкі на камерах назірання на Акрэсціна. Акрамя таго, Міністэрства транспарту і камунікацыяў выставіла маладзёну патрабаванне выплаціць кампенсацыю памерам амаль 9 тысяч долараў ЗША за блакаванне руху. Іна Жыгарава, маці Ігара, кажа, што гэта падвойнае пакаранне. Жанчына раней пагадзілася на інтэрв’ю з дзяржаўным тэлебачаннем, у якім раскрытыкавала фонды дапамогі беларусам, а палітычны вязень прызнаў віну. Спадарыня Іна распавяла «Белсату», што фактычна сюжэт рабіўся пасля настойлівых парадаў, а шмат чаго проста не паказалі ў эфіры.

21-гадовы Ігар Пражэннікаў падчас Маршу вызвалення палітвязняў 4 кастрычніка летась заляпіў налепкамі камеры назірання на Акрэсціна. Юнака затрымалі, а потым завялі крымінальную справу і асудзілі на паўтары года калоніі паводле ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Працэс Ігара вяла суддзя Юлія Чыж. Дзяржаўная абвінаваўца – Крысціна Асран.

Палітычны вязень Ігар Пражэннікаў. Фота для «Белсату»

Сітуацыя з Ігарам набыла рэзананс, бо ён з маці, Інаю Жыгар, сталіся галоўнымі героямі на тэлеканале «Беларусь 1», дзе ў эфіры зʼявіўся сюжэт «Гісторыя адной сямʼі, чый сын паддаўся ўплыву дэструктыўнага тэлеграм-каналу».

«Калі выйшаў сюжэт на БТ, першыя некалькі дзён я не магла адбіцца ад паведамленняў з абразамі з боку многіх людзей. Я адказвала, наколькі магчыма, і пісала, што гэта мой сын, я гатовая на шмат што, каб яго выцягнуць з турмы. У мяне цяпер галоўная задача – выйсці з пекла так, каб не страціць байца. Мне ж пісалі, што не падтрымліваюць такога. А я запытвала: ці ваш сын, брат, родзіч сядзіць цяпер? Многія проста нават не выходзілі на вуліцы. Таму ў мяне пытанне: а хто даў права ім мяне абражаць? А майго сына не толькі пасадзілі ў турму, але яшчэ выставілі і выплату матэрыяльнай кампенсацыі, гэта ж падвойнае пакаранне.

Ігару выставілі 9 тысяч долараў спагнання. Гэта вялізная сума. І праблема таксама ў тым, што калі раз на месяц не заплоціш, то супраць Ігара адразу ж пачынаюць крымінальную справу і могуць арыштаваць на 6 месяцаў. Гэта позва з боку Мінтрансу. Я размаўляла з судовым выканаўцам, яна кажа, што гэта даволі небяспечная позва. І калі сына пасадзяць яшчэ на 6 месяцаў, то я гэтага проста не перажыву. Дый сума для нас проста нерэальна вялікая. Падчас суда, калі разглядалі гэтую позву, пракурор запытала Ігара, ці лічыць ён абгрунтаваным такое спагнанне. Ігар задумаўся на хвіліну і адказаў, што, на ягоную думку, рэальныя страты ад ягоных дзеянняў склалі 10 беларускіх рублёў, і засмяяўся. Бо складу злачынства ў ягоных дзеяннях няма», – распавяла «Белсату» Іна Жыгарава, маці палітычнага вязня.

Іна Жыгарава, маці палітычнага вязня Ігара Пражэннікава. Фота прадстаўленае Белсату

Інтэрвʼю пасля парадаў

Жанчына кажа, што яна, як мама, гатовая на любыя крокі, каб вызваліць і дапамагчы сыну.

«Пасля інтэрв’ю я адчула сябе такім чынам, што абмазалася брудам з ног да галавы. На БТ выразалі шмат рэчаў, якія былі агучаныя. Напрыклад, я шмат распавядала пра салідарнасць простых беларусаў, казала словы падзякі за гэта, але гэта проста не паказалі. І выглядаць сюжэт стаў зусім іначай. Я разумею, што калі нехта паглядзіць відэа, не зразумее мяне. Я змагла паглядзець праграму з сваім удзелам толькі праз некаторы час.

Выступіць на БТ мяне пераканалі, бо Ігару мог пагражаць вялізны тэрмін. Але калі мы распавядзем пра сваю сітуацыю, будзе для нас лепей. Умовай было не толькі інтэрв’ю са мной, але і з Ігарам. Мне вельмі складана было яго пераканаць у гэтым. Чамусьці Раман Пратасевіч пасля выступу на дзяржтэлебачанні стаў героем, а я з сынам – адшчапенцы. Мне кажуць, што Пратасевіч быў закладнікам. А мой сын хто? У якім ён статусе? Ён таксама закладнік, як і я закладніца сітуацыі.

Я на парахавой бочцы. Я баюся, каб яны не запатрабавалі ад мяне яшчэ якіх сюжэтаў. Гэта проста невыносна.

Я перадаю яму, што людзі яго не цкуюць за інтэрв’ю, разумеюць яго. Ён моцна перажываў, што ад яго могуць адвярнуцца ягоныя сябры. Але я ім яшчэ да выхаду сюжэту распавяла пра гэта і сказала, што яны могуць развярнуцца і сысці. Але ніводзін такога не зрабіў».

Абвінавачанні ў «карагоднай справе» ў Берасці выстаўленыя 108 пратэстоўцам

Спіс Васкрасенскага

«Я змяшала сябе з такім брудам ужо, што нават аж млосна робіцца. Але мушу нешта рабіць. Ігар у спісе Васкрасенскага на памілаванне ў першых радках. Ігар таксама сказаў, што не будзе падпісваць прашэнне на памілаванне, ён нават не хоча слухаць пра гэта наагул. Ён толькі нядаўна больш-менш адышоў ад сюжэту на БТ, таму цяпер я не буду яго ўцягваць у яшчэ адную авантуру», – адзначае маці палітвязня.

Палітвязень Ігар Пражэннікаў. Фота для «Белсату»

Крытыка фондаў і салідарнасць беларусаў

У сюжэце на БТ Іна Жыгарава раскрытыкавала фонды дапамогі рэпрэсаваным беларусам. Жанчына распавядае, што часта даводзіцца рабіць высілкі, каб даказаць нейкія відавочныя моманты.

«Ігара прызналі палітвязнем, але толькі дзякуючы таму, што я сама звярталася да праваабаронцаў, да медыяў. І толькі пасля публікацыяў у СМІ мне дапамаглі фонды, кшталту «BySol». Раней звароты былі без асаблівай увагі. Заяўкі месяцамі разглядаюць. «BY_help» да гэтага часу разглядае маю заяўку, бо я яе не зусім правільна запоўніла. У выніку аказалася так, што за мяжою людзі жывуць сваім жыццём, а ўнутры краіны – сваім. Мы тут проста па капейчыне збіраем грошы на дапамогу адно аднаму. Я прадала машыну, каб аплаціць шмат рэчаў. І вось мой сусед цяпер пазычае сваё аўта. Я кажу, што трэба паехаць у Менск да сына, а ён нават слова не пярэчыць, кажа, бяры і ўсё. Я нават ніводнага літра паліва яшчэ не заліла ў бак. Гэта рэальная дапамога.

Медыі мне вельмі дапамаглі. Пасля публікацыяў людзі бачылі інфармацыю, рэквізіты і пералічвалі сродкі. Я вельмі ўдзячная за гэта. А вось фонды падыходзяць не зусім добра да людзей, бюракратычныя зацягванні. Ніхто з фондаў не цікавіўся Ігарам. А ён жа перахварэў на ковід, мае праблемы з ныркамі. Ці хоць некага з фондаў гэта ўвогуле цікавіць? Тым больш гэта толькі аднаразовая дапамога ў межах каля 300 еўраў. А ездзіць да сына трэба шмат. Ён жа не адзін у камеры, хлопцы патрабуюць вітамінаў, падтрымання. Я напісала таксама ў дыяспару, каб даслалі хоць нейкія рэчы. Перапісала памеры хлопцаў, даслала ім усё. Яны абяцаюць, што вышлюць пасылкі ў турму», – кажа жанчына.

Іна Жыгарава, маці палітычнага вязня Ігара Пражэннікава. Фота для «Белсату»

Іна Жыгарава намагаецца як мага часцей трапляць з Магілёва ў Менск. Але не кожны раз мае магчымасць зрабіць перадачы ці паразмаўляць з сынам праз відэасувязь.

«Ігар у ШІЗА, яму далі адразу ж 15 содняў пакарання. А што паслужыла прычынаю для спагнання, мне ніхто не кажа. Але я ведаю Ігара, ён не правакатар, не канфліктны чалавек. Пасля апошніх дзвюх сустрэчаў настрой у Ігара быў не вельмі. Але калі нейкая правакацыя і яго абражаюць, то Ігар не сцерпіць і адкажа. Ён не дасць сябе пакрыўдзіць. Таму, верагодна, менавіта гэта і паслужыла падставаю для ШІЗА», – кажа жанчына.

Іна Жыгарава распавядае, што раней была апалітычным чалавекам. Яна працавала ў Маскве, вучыла сына, аплочвала крэдыты. Шмат сілаў, сродкаў і часу выдаткоўвала на выхаванне сына.

Ігар Пражэннікаў – майстар спорту па шахматах. Займаўся хакеем 8 гадоў. Вучыўся на інжынера-праграміста. Пасля вучобы пастанавіў паехаць у Менск і марыў стаць акторам, навучаўся на акторскіх курсах.

Ягоныя калегі адгукаюцца пра хлопца толькі станоўча.

Калі вы хочаце дапамагчы Ігару Пражэннікаву, пакідаем нумар карткі:

«Сбербанк Расеі» (у расейскіх рублях): 5336 6902 6252 2537, тэрмін дзеяння да 05/23. Карта аформленая на Іну Леанідаўну Жыгараву (ZHIGAREVA INNA). Разліковы рахунак атрымальніка: 4082 0810 2381 2812 2265 ПАО «Сбербанк» БІК Банку: 0445 25225

У турме палітзняволеная Вікторыя Кульша зрабіла бел-чырвона-белы пярсцёнак, каб усе бачылі, за што яе асудзілі

«Не ведаю ніводнага выпадку, каб ён з кімсьці пабіўся». Гісторыя Ціхана Восіпава, якога абвінавацілі ў наўмысным наездзе на сілавікоў

СК belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны