У следчым упраўленні УСК па Берасцейскай вобласці заявілі, што ўстанавілі 115 асобаў, датычных да падзеяў 13 верасня 2020 года, калі на скрыжаванні праезных частак у цэнтры Берасця людзі сабраліся ў карагод.
Абвінавачанні выстаўленыя 108 пратэстоўцам паводле ч. 1 арт.342 КК («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, што пацягнула парушэнне працы транспарту і прадпрыемстваў»).
Крымінальныя справы супраць 88 чалавек, якія бралі ўдзел у «пратэставым карагодзе» накіраваныя ў суд, а 70 асобаў у «карагоднай справе» ўжо асуджаныя.
Нагадаем, што 13 верасня мінулага года ў Берасці адбывалася чарговая пратэставая акцыя. Людзі маршам прайшлі па праезнай частцы праспекту Машэрава і спыніліся на яго скрыжаванні з бульварамі Касманаўтаў і Шаўчэнкі. Некалькі соцень асобаў утварылі карагод.
Разганяць карагод прыехаў вадамёт, ужыты ўпершыню падчас пратэстаў у Беларусі. З таго часу берасцейцы называюць гэтае скрыжаванне вадамётным, а распачатая крымінальная справа стала звацца карагоднаю.
АД, belsat.eu