«Нас за праўду караюць». Фельчарка хуткай дапамогі – пра 38 гадоў працы, артыкул 23.34 і звальненне


Валянціна Алфёрава ўсё жыццё працавала на Бабруйскай станцыі хуткай дапамогі. Пра медыцыну марыла са школы, любіла сваю працу і іншай не хацела. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года жанчына наведвала мітынгі і акцыі салідарнасці. Перажыла затрыманне, прыніжэнне ў аддзяленні міліцыі, суд і штраф. Увесну з фельчаркай не працягнулі кантракту.

У размове з «Белсатам» напярэдадні Дня медыка Валянціна распавяла, як змагалася за свае правы, лепшыя ўмовы для калегаў і як жыве цяпер без працы.

Валянціна Алфёрава на выкліку.
Фота: асабісты архіў Валянціны Алфёравай

Спачуванне кіраўніцтва было нядоўгім

Пра Валянціну Алфёраву мы распавядалі, калі яе судзілі ў кастрычніку 2020 года. Жанчыну затрымалі пасля аднаго з вераснёўскіх нядзельных шэсцяў у Бабруйску, калі людзі ўжо разышліся. Фельчарку завезлі ў УУС для складання пратаколу. Валянціна распавядала, што там давялося перанесці прыніжэнні, якіх ніколі раней не перажывала – 58-гадовую жанчыну прымушалі распранацца падчас дагляду. Хацелі адправіць у ізалятар да суда, але Валянціне зрабілася кепска, падняўся ціск, яе адвезлі ў лякарню. Пасля гэтага фельчарка месяц правяла на бальнічным.

Hавiны
Фельчарка хуткай дапамогі: «Сумленна ратавала б жыццё міліцыянта ці суддзі»
2020.10.21 15:32

Суддзя Таццяна Тарабуева пакарала Валянціну за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу (былы «народны» артыкул 23.34 КаАП) штрафам 675 рублёў – гэта месячны заробак фельчаркі.

Пасля суда жанчына казала «Белсату», што за працу не баіцца, бо калегі і кіраўніцтва падтрымліваюць яе і спачуваюць. Як аказалася, спачуванне было нядоўгім.

Напрыканцы снежня Валянціна заўважыла, што яе няма ў графіку адпачынкаў на 2021 год. Тады жанчына і зразумела, што яе звольняць. У сакавіку яна атрымала апавяшчэнне аб непрацягненні кантракту.

«Я цяпер думаю, што мяне тады адразу не звольнілі пасля суда, бо паглядзелі, што кантракт да 30 красавіка, і падумалі, што так будзе прасцей за ўсё ад мяне пазбавіцца, – кажа Валянціна. – А магчыма, тады ўвосень яшчэ і загадаў не было звальняць тых, у каго 23.34».

Валянціна Алфёрава каля суда ў Бабруйску, 20 кастрычніка 2020 г.
Фота: Белсат

«Гэтая пясчынка прагрымела на ўсю Магілёўскую вобласць»

Кіраўніцтва запэўніла фельчарку, што непрацягненне кантракту не звязанае з палітыкай, проста Валянціна дасягнула пенсійнага ўзросту 58 гадоў.

«Але ж я не адзіная пенсіянерка на станцыі хуткай дапамогі, ёсць супрацоўнікі і на 11 гадоў старэйшыя за мяне, і яны працуюць, – кажа наша суразмоўца. – Я запыталася пра гэта ў галоўнай лекаркі, яна сказала, што паступова будуць пазбаўляцца ад усіх пенсіянераў. Відаць, пачалі з маладзейшых».

Валянціна не сумняецца, што ейны ўзрост – ні пры чым. Калегі, больш блізкія да начальства, распавялі жанчыне, што ўся справа – у ейнай актыўнасці і артыкуле 23.34.

«Я заўсёды казала праўду. І дамагалася праўды, – кажа фельчарка. – Калі трэба было нешта «выбіваць», я спакойна ішла да начальства, таму там на мяне даўно коса глядзелі. Мне прамым тэкстам сказала галоўная лекарка, што я ў іх адна такая праблемная. Я кажу ёй: «Я – усяго толькі маленькая пясчынка, якія нязручнасці я магу прынесці?» А яна: «Гэтая пясчынка прагрымела на ўсю Магілёўскую вобласць».

Валянціна Алфёрава на курсах падвышэння кваліфікацыі.
Фота: асабісты архіў Валянціны Алфёравай

Валянціна спрабавала пазмагацца за працоўнае месца. Пісала заяву на імя галоўнай лекаркі з просьбай працягнуць кантракт у сувязі з добрай характарыстыкай, аўтарытэтам сярод калегаў. Хадзіла ў прафсаюз, пыталася, чаму яны не заступаюцца. Нічога не дапамагло – паўсюль, апусціўшы вочы долу, казалі: у вас ужо пенсійны ўзрост.

На пенсію фельчарку правялі граматай і 116 рублямі прэміі.

Ад несправядлівасці з «ковіднымі» даплатамі звальняюцца педыятры

Валянціна Алфёрава зазначае, што ў той час, як кіраўніцтва станцыі звальняе нязручных, персаналу не хапае. Асабліва педыятраў. Яшчэ на пачатку года адзін педыятр звольніўся, другі – перавёўся на 0,25 стаўкі. Медыкі сыходзяць, бо малыя заробкі, іх крыўдзіць несправядлівасць з «ковіднымі» даплатамі.

Hавiны
«Як можна дзяліць, хто варты даплаты, а хто – не?» У Бабруйску пратэставалі фельчары і кіроўцы хуткай дапамогі
2020.05.20 21:07

«У нас здараліся такія сітуацыі: педыятрычная брыгада прыязджае на выклік да дзіцяці, а там мама ці тата з ковідам. І, вядома, ты кантактуеш з бацькамі, асабліва калі гэта мама, але ніякіх даплатаў за гэта няма – маўляў, ты ж аглядаеш не маму, а дзіця. А якая розніца, калі ты ўсё роўна ўжо ў кантакце з інфекцыяй? – пытаецца Валянціна. – На пачатку года педыятры гучна абураліся, праўда, нічога не дамагліся. У выніку пачалі звальняцца».

У лютым педыятрычным брыгадам забаранілі браць міжстацыянарныя перавозкі (з дзіцячай лякарні ў інфекцыйную), паводле нашай суразмоўцы. Часта так перавозяць дзяцей з ковідам, і за гэта мусіць быць даплата. Цяпер у Бабруйску такія выклікі аддаюць так званым лінейным брыгадам.

«Пры гэтым могуць быць сітуацыі, калі педыятры сядзяць на станцыі вольныя, але ім усё роўна не даюць перавозкі, нават калі лінейная брыгада занятая, – кажа фельчарка. – Тое дзіця з бацькамі ў выніку могуць чакаць дзве і тры гадзіны, пакуль па іх прыедуць».

Валянціна разам з валанцёрамі «ByCovid19» на Бабруйскай станцыі хуткай медычнай дапамогі.
Фота: асабісты архіў Валянціны Алфёравай

Можа не хапіць рук на рэанімацыю дзіцяці

У лінейных брыгадах няма педыятраў, толькі два фельчары і санітар. Паводле Валянціны Алфёравай, гэта можа быць небяспечным у выпадку з дзіцячымі выклікамі.

«Асаблівасць дзіцячага арганізму ў тым, што ты прыязджаеш на выклік, бачыш дзіця ў больш-менш нармальным стане, а праз дзесяць хвілін яно становіцца «цяжкім», – кажа фельчарка. – Таму на дзіцячыя выклікі мусяць ездзіць педыятры, нават калі гэта проста перавозка. А ў нас гэта забаронена».

Часам на змене можа не быць ніводнага педыятра, распавядае Валянціна. Тады едзе фельчар з санітарам. Ці, што здараецца часцей, педыятр і санітар, без фельчара. У той час, як у педыятрычнай брыгадзе мусяць быць лекар, фельчар і санітар.

«Няпоўная камплектацыя брыгады можа быць небяспечнай. Калі неабходна рэанімаваць дзіця – не хапае рук», – зазначае Валянціна Алфёрава.

Інтэрв’ю
Запалохваюць, судзяць, звальняюць… Гісторыі медсясцёр, якім у Беларусі не лягчэй, чым лекарам
2021.05.12 08:30

Паводле фельчаркі, ніхто з супрацоўнікаў станцыі, якія атрымалі «ковідныя» надбаўкі, не заступіліся за педыятраў перад кіраўніцтвам. Як, зрэшты, і за Валянціну, калі яе звальнялі.

«Мне выказвалі спачуванні ў прыватных размовах, але заступіцца наверх ніхто не пайшоў. Баяцца, што потым не працягнуць кантракту, – кажа фельчарка. – А я ж хадзіла, і не за сябе адну, за ўсіх заступалася. Пыталася, чаму аднаго фельчара адпраўляюць у брыгадзе, а не двух, як гэта мае быць? Дамаглася, каб ездзілі па правілах, удвох. Ніхто нават не падзякаваў».

Праўда вызваляе ад страху

Медыкаў на Бабруйскай станцый хуткай дапамогі змушаюць выпісваць газету «Медицинский вестник». Валянціна адмаўлялася.

«Па-першае, кошт 40 рублёў на паўгода – гэта нямала. Па-другое, чаму я мушу? – пытаецца фельчарка. – Я тэлефанавала ў рэдакцыю з пытаннем, ці могуць нас прымушаць падпісвацца. Мне адказалі, што не, гэта асабісты выбар кожнага, а таксама дадалі, што ніхто раней ім такога пытання не задаваў.

Валянціна Алфёрава на выкліку. Фота6 асабісты архіў Валянціны Алфёравай

Паводле Валянціны, астатнія супрацоўнікі выпісвалі газету. Скардзіліся паміж сабой, былі незадаволеныя, але адмовіцца баяліся – не хацелі рызыкаваць кантрактам.

«Баяцца. А я не баюся. Бо люблю праўду. Праўда вызваляе ад страху, – кажа фельчарка. – Чаму я не магу пайсці да кіраўніцтва і сказаць, што мне не падабаецца? Галоўная лекарка не такі чалавек, як я? Хоць, напэўна, лічыць так. Нядаўні выпадак – забараніла працаўнікам станцыі пакідаць на тэрыторыі свае асабістыя машыны. А сваю ставіць. І ўсе абураюцца і маўчаць. Нам нельга казаць праўду, нас за праўду караюць. А яны хлусяць – і ў іх усё добра».

«Пісала ў сачыненнях, што буду змагацца з небяспечнымі інфекцыямі»

Валянціна Алфёрава нарадзілася і правяла дзяцінства ў вёсцы пад Беразіно ў Менскай вобласці. З пятага класу марыла пра медыцыну.

«У суседняй вёсцы быў ФАП, і мне вельмі падабалася фельчарка, якая там працавала, яна была прыкладам для мяне. Тады я вырашыла, што таксама буду медыкам, – узгадвае жанчына. – Памятаю, як пісала ў сачыненнях, што буду змагацца з небяспечнымі інфекцыямі. Мара здзейснілася, калі прыйшоў ковід», – смяецца Валянціна.

Пасля школы Валянціна паехала ў Менск паступаць у медычны ўніверсітэт, але не атрымалася. Тады пайшла ў Менскую медычную вучэльню. Калі скончыла ў 1983 годзе, выйшла замуж і пераехала ў Бабруйск, дзе да красавіка бягучага года працавала на станцыі хуткай дапамогі. Нарадзіла дзаюх дачок. Адна з іх таксама хацела звязаць сваё жыццё з медыцынай, але не паступіла з першай спробы і пайшла ў іншую сферу.

Валянціна вельмі любіла сваю працу, і калі даведалася, што кантракту не працягнуць, не ўяўляла, як будзе жыць пасля звальнення.

«Люблю ездзіць на выклікі, дапамагаць людзям, калі я бачу, што дзякуючы маім ведам і дзеянням чалавеку проста на вачах робіцца лепш. Гэта – самае каштоўнае ў працы, – кажа фельчарка. – Апошнія два гады я працавала ў педыятрычнай брыгадзе, гэта яшчэ цікавей – дзеці ўсе такія розныя, непасрэдныя. Я жыла сваёй працай».

Валянціна Алфёрава.
Фота: асабісты архіў Валянціны Алфёравай

«Патрэбныя салідарнасць і смеласць – тады будуць перамены»

Валянціна ўжо амаль два месяцы не працуе, 28 красавіка была ейная апошняя змена. Уладкавацца ў лякарню ці паліклініку жанчына не спрабавала, хоць і праглядала вакансіі нават у Менску. Але бабруйчанка ўпэўненая, што яе не возьмуць з «народным» артыкулам. Думала жанчына і за мяжу паехаць, але, кажа, страшна эміграваць ці выпраўляцца на заробкі ў 58 гадоў.

Таму пакуль што фельчарка займаецца гародам, бавіць час з дзецьмі і ўнукамі, адпачывае. Адзінае, што моцна турбуе, – маленькая пенсія, на якую немагчыма нармальна жыць – 500 рублёў.

Валянціна са смуткам глядзіць на тое, як медыкаў звальняюць, кідаюць за краты, катуюць, як усё больш першакласных спецыялістаў з’язджае з Беларусі. Бабруйская фельчарка спадзяецца, што змены ў нашай краіне ўсё ж наступяць, і што ўсе цярпенні і ахвяры яе, ейных калегаў і простых беларусаў – недарэмныя. Але дзеля гэтага, перакананая жанчына, трэба працаваць на карысць пераменаў.

Hавiны
«Спачатку мы не паспявалі ратаваць ахвяраў каронавірусу, цяпер – гвалту сілавікоў». Медыкі – пра тое, чаму выходзяць на пратэсты
2020.11.04 09:14

«Мы плачамся, што нічога не змяняецца, але самі дзеля гэтага нічога не робім, – кажа Валянціна. – Я гэта добра бачу ў медычным асяродку, дзе тыя, што атрымалі даплаты, маўчаць, у той час як нехта не атрымаў нічога. Маўчаць, калі трэба заступіцца за калегу, бо баяцца застацца без працы. А патрэбная салідарнасць, узаемная падтрымка, смеласць. Тады будуць перамены».

Хацела б Валянціна і пэўных зменаў у медыцыне.

«Перш за ўсё – памяняць стаўленне кіраўніцтва да падначаленых, каб у іх убачылі людзей, а не працоўную сілу, – кажа фельчарка. – Хацелася б, каб далі час працаваць з пацыентамі, бо сёння праца выглядае так: паперы, паперы і пяць хвілінаў на хворага. І ясна, што заробкі, каб медык не думаў, прыйшоўшы дамоў, дзе б яшчэ зарабіць, каб сям’ю ўтрымаць».

Ганна Ганчар, belsat.eu

 

Стужка навінаў