«MILEX–2023»: якімі навінкамі хваліцца беларускі ВПК?


У Менску 20 траўня завершыцца міжнародная выстава ўзбраення і вайсковай тэхнікі «MILEX–2023». Аляксандр Лукашэнка казаў, што беларуская экспазіцыя стане прыкладам «найбольш перадавых» распрацовак абароннага сектару, у тым ліку з выкарыстаннем высокіх тэхналогіяў і штучнага інтэлекту. Belsat.eu паглядзеў, што цікавага прэзентуе беларускі ВПК.

Беспілотнікі як прыярытэт

Стварэнню беларускіх беспілотнікаў апошнім часам надаваў асаблівую ўвагу Аляксандр Лукашэнка. Летась у кастрычніку ён інспектаваў новыя распрацоўкі на палігоне «Обуз-Лясноўскі». Лукашэнка тады назваў Беларусь сусветным лідарам па вытворчасці беспілотнікаў (незразумела на якой падставе), але разам з тым папярэджваў супрацоўнікаў ВПК, каб яны не займаліся «паказухай». Потым тэма вытворчасці беспілотнікаў абмяркоўвалася на нарадзе ў Лукашэнкі ў лютым 2023 году.

На выставе «MILEX–2023» былі прэзентаваныя адразу некалькі новых беларускіх беспілотнікаў. Найбольш перпеспектыўнымі з іх лічацца дроны «Чэкан» і «Лоўчы», вытворчасці «558 Авіяцыйнага рамонтнага заводу».

Дрон-камікадзэ «Чэкан».
Фота: modmilby / Telegram

«Чэкан» – гэта дрон-камікадзэ. Баявая нагрузка – 2 кг, працягласць палёту – 45 хвілін, паталок – да 1000 метраў, хуткасць – да 88 км, радыус – да 25 кіламетраў. «Лоўчы» – тактычны ўдарны дрон. Ён можа несці да 20 кг. баявой нагрузкі, лётае на адлегласць у 70 км, паталок – 3000 метраў, хуткасць – 150 км, працягласць палёту – 6,5 гадзінаў.

Беспілотнік «Лоўчы».
Фота: modmilby / Telegram

«Лоўчы» і «Чэкан» разлічаны на паражэнне жывой сілы і тэхнікі ў светлы час сутак у візуальных метэаўмовах. Абодва дроны былі створаны на базе больш старых, выведвальных апаратаў «Грыф-100» і «Бекард-2».

Упершыню «Лоўчага» і «Чэкана» прэзентавалі яшчэ на «MILEX–2021» яшчэ на стадыі распрацоўкі. У Дзяржаваенпраме абяцалі завершыць працу над апаратамі ў першым квартале 2022 году. У ліпені 2022-га заяўлялася пра паспяховае правядзенне выпрабаванняў «Чэкана». Тады ж сеціве з’явілася інфармацыя, што ва Украіне знайшлі абломкі беларускага «Чэкана» – праўда, афіцыйнага пацверджання гэтай інфармацыі не было.

Цяпер няма звестак пра тое, што «Чэкана» і «Лоўчага» запусцілі ў серыйную вытворчасць і пачалі пастаўляць у войска. Гэтая тэма абмяркоўвалася падчас нарады ў Лукашэнкі ў лютым 2023 года, але наўрад ці за наступныя тры месяцы гэтае пытанне было вырашана.

Мяркуючы па адкрытых звестках, «Чэкан» і «Лоўчы» цяжка назваць нейкім тэхналагічным прарывам. Напрыклад, калі параўноўваць «Чэкан» з расейскім дронам «Ланцэт-3», які актыўна выкарыстоўваецца ў вайне супраць Украіны, то расейскі БПЛА пераўзыходзіць беларускі амаль па ўсіх характарыстыках.

«Кветка», «Усход» і «Небасхіл»

Дзяржваенапрам таксама актыўна рэкламуе беларускія навінкі ў сферы радыёэлектроннай барацьбы і радыёлакацыі – комплексы «Кветка», «Усход» і «Небасхіл». Усе тры распрацоўкі належаць КБ «Радар».

Станцыя перашкодаў «Кветка».
Фота: modmilby / Telegram

Станцыя перашкод Р-327 «Кветка» (на шасі МАЗ) прызначана для выяўлення, пеленгавання, месцавызначэння і радыёпрыгнечання наземных і авіяцыйных лініяў радыёсувязі КВ (HF) дыяпазону. «Кветка» дазваляе душыць сістэмы спадарожнікавай навігацыі GPS, ГЛОНАСС, BeiDou, Galileo. Новы комплекс складаецца з двух машынаў (раней у аналагічных комплексах, якімі карысталіся ў Беларусі, выкарыстоўвалася тры машыны).

На сёлетняй выставе «Кветка» была ўпершыню паказана шырокай публіцы, хаця, як сцвярджаюць улады, у войска пастаўлена ўжо «дастаткова вялікая колькасць» такіх станцыяў. «Беларускі Гаюн» зафіксаваў, што першыя комплексы былі пераданы вайскоўцам у снежні 2022 году.

Комплекс «Усход».
Фота: modmilby / Telegram

Таксама з канца 2022 году на ўзбраенне беларускай арміі пачаў паступаць трохкаардынатны радыёлакацыйны комплекс «Усход». Ён разлічаны на аўтаматычнае выяўленне паветраных аб’ектаў на далёкасці ад 10 да 360 км і вышыні 100 км. Адной з асаблівасцяў комплексу з’яўляецца тое, што на адным транспартным сродку размяшаюцца два РЛС.

А вось мабільная радыёлакацыйная станцыя выяўлення і цэлеўказання «Небасхіл» у войска яшчэ не паступіла. У Мінабароны кажуць, што ў цяперашні час «ідзе яго поўны выраб – яшчэ дадасца пост кіравання». Але ў перспектыве «Небасхілам» плануецца замяніць старыя радыёлакацыйныя станцыі.

Радыёлакацыйныя станцыя «Небасхіл».
Фота: modmilby / Telegram

Праца над «Небасхілам» вялася з 2020 году, але згадак пра яе ў адкрытых крыніцах амаль не было. Станцыя прызначана для выяўлення паветраных абʼектаў на адлегласці да 470 км і перадачы інфармацыі пра іх у камандныя пункты. Мяркуецца, што адначасова можна адсочваць не менш за 250 аб’ектаў.

Знішчальнік дронаў і першы беларускі БТР

Упершыню на «MILEX-2023» быў прэзентаваны баявы модуль для барацьбы з дронамі «Крэчат» на базе БРДМ «Кайман» (распрацоўка 2566 заводу па рамонту радыёэлектроннага ўзбраення). Фактычна на «Кайман» проста ўстанавілі радыёлакацыйную станцыю і два кулямёты. У склад модуля ўваходзіць таксама дрон-перахопнік.

Баявы модуль «Крэчат».
Фота: modmilby / Telegram

Інфармацыі пра «Крэчат» зусім мала: у кантэксце сёлетняй выставы пра яго наогул упершыню распавялі публічна.

Значна больш звестак ёсць пра бронетранспарцёр МЗКТ‑690003 Volat-2. V2 быў упершыню прэзентаваны на «MILEX–2021» і выклікаў тады павышаны інтарэс у прэсы – усё-такі гэта першы беларускі БТР.

МЗКЦ паказаў першы ў гісторыі беларускі БТР V-2. БТР V-2 (МЗКТ-690003) на выставе.
Фота: VOLAT.MZKT / Facebook

Сёлета ўлады не надта піяраць V2. Напрыклад, у аглядзе беларускіх распрацовак ад кіраўніка Дзяржваенпраму Дзмітрыя Пантусу «Волат» нават не згадваўся. Гэта наводзіць на думку, што перспектывы першага ў гісторыі беларускага БТР уладам пакуль здаюцца туманнымі.

Серыйная вытворчасць машыны на наладжана, на ўзбраенне «Волат» не паступіў. Улетку 2022 году ведамственны часопіс «ВПК» паведамляў, што пакуль на МЗКЦ працуюць толькі над першымі вопытнымі ўзорамі гэтай тэхнікі.

Па звестках Zerkalo.io, галоўная праблема цяпер заключаецца ў тым, дзе браць браню: Беларусь не вырабляе ўласную бранявую сталь, а з-за санкцыяў закупаць браню за мяжой вельмі цяжка. Крыніцы выдання сцвярджаюць, што першую партыю ад 8 да 16 машынаў плануецца выпусціць да ліпеня 2024 году

«Сапфір», якім хваляцца ўжо тры гады

Сярод лёгкай зброі найбольшую ўвагу на «MILEX–2023» прыцягнуў беларускі гранатамёт «Сапфір» калібру 61 мм. Гэта вельмі лёгкі і кампактны апарат: важыць усяго 4,5 кг, мае даўжыню 750 мм. Сцвярджаецца, што ён здольны паражаць цэлі на далёкасці да 1000 м, а прыцэльна біць на 500 м. Можа прабіць жалезабетонную сцяну таўшчынёй да 15 см, а гамагенную стальную браню – да 20 см.

Гранатамёты «Сапфір».
Фота: modmilby / Telegram

Мінабароны рэкламуе гэты гранатамёт як супрацьтанкавы, але, мяркуючы па тэхнічных характарыстыках, ён разлічаны ўсё ж на барацьбу з жывой сілай і лёгкай бранятэхнікай. Як распавёў Sputnik.by галоўны канструктар, задача заключалася у тым, каб максімальна адаптаваць распрацоўку для баёў у гарадскіх умовах, дзе танкі рэдка задзейнічаюць.

Асаблівасць гранатамёту ў тым, што некалькі адзінак можна аб’ядноўваць у кластар (да чатырох штук) і весці агонь залпам за кошт электроннага кіравання.

Праца над «Сапфірам» яшчэ не скончана: заяўляецца, што зброя знаходзіцца на стадыі выпрабаванняў. Да канца года вытворцы плануюць выйсці на завяршэнне распрацоўкі вопытнага ўзору, пасля чаго пачнуць планаваць праграму серыйнай вытворчасці.

Цікава, што «Сапфір» прэзентуецца як абсалютная навінка. Прадстаўнік «Белспецзнештэхнікі» у інтэрв’ю «ВоенТВ» заявіў, што яны займаюцца распрацоўкай гэтага апарату ўжо год – гэта зусім невялікі тэрмін для вытворчасці новай зброі. Аднак насамрэч праца над праектам вядзецца значна даўжэй. «Сапфірам» улады хваліліся яшчэ на вайсковым парадзе 9 траўня 2020 году ў Менску. Потым яго прэзентавалі на «MILEX-2021».  Першую згадку пра палявыя выпрабаванні гранатамёту можна знайсці ў навінах за верасень 2021 году.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў