Вадзім Пракоп'еў пра падраздзяленне «Пагоня»: Мазгі ўжо пабудаваныя – будзем прырастаць мускуламі


Хто камандуе беларускім вайсковым падраздзяленнем «Пагоня» ва Украіне, як арганізуецца яго забеспячэнне і – калі ў бой? Пра гэта пасля завяршэнні заняткаў на палігоне ва Украіне «Белсат» пагутарыў з прадстаўніком фармавання «Пагоня» Вадзімам Пракоп’евым.

Вадзім Пракоп’еў. Скрыншот відэа «Белсату».

«Белсат»: Што гэта былі за заняткі, і хто іх праводзіў?

Вадзім Пракоп’еў: Гэта былі заняткі пра элементы для асабовага складу: баявая стральба з выкананнем тактычных задачаў, вывучэнне матэрыяльнай часткі правілаў стральбы з РПГ і АГС, стральба з рознага віду стралковай зброі (ПКМ, АКС-74У, ПМ), а таксама эвакуацыя параненых і наданне медычнай дапамогі.

Заняткі праводзілі ўкраінскія інструктары – яны ўсе як адзін франтавікі. Перадаюць нам самае каштоўнае – свой досвед.

«Хто і калі ў бой – вызначаць інструктары»

– Вас стала болей. Колькі чалавек цяпер у падраздзяленні, і ці гатовыя вы вырасці да палка?

Так і ёсць. Планы не змяніліся. Мы па-ранейшаму займаемся фармаванне палка. Той асабовы склад, які вы бачылі сёння на занятках, толькі частка нашага падраздзялення. Другая частка цяпер на іншых занятках. І яшчэ частка людзей засталася праз лёгкія траўмы ў месцы размяшчэння часткі.

Той асабовы склад, які сёння адпрацоўваў баявую стральбу, – гэта так званыя мускулы нашага падраздзялення. Ёсць яшчэ мазгі, і вось у іх іншыя функцыі. Гэта забеспячэнне выведкі ўсіх відаў, збор і аналіз звестак навакольнай абстаноўкі, арганізацыя і ўзаемадзеянне ўсіх відаў забеспячэння і планаванне баявых дзеянняў.

– Ці можна сказаць, што аснова атраду ўжо існуе?

– Абсалютна дакладна. Мы ўвайшлі ў той перыяд, калі мазгі ўжо пабудаваныя, і цяпер мы будзем прырастаць мускуламі.

– Ці прымалі байцы падраздзялення ўдзел у баявых дзеяннях?

Пакуль што не, хаця ў падраздзяленні ёсць некалькі вайскоўцаў, якія мелі досвед удзелу ў баях ва Украіне. Цяпер працягваецца цыкл навучання. І завяршальным этапам яго будзе баявое зладжванне. З намі працуюць інструктары, якія самі вызначаюць, хто і калі будзе гатовы да баявога зладжвання – гэта фактычна і ёсць праца на перадавой. Або, як тут кажуць, на перадку. Вызначаць будуць украінскія інструктары.

«Усе грошы падсправаздачныя і ўсе пойдуць на вайсковую справу»

– Хто ў вас камандзіры, і якая вашая роля ў падраздзяленні?

Мы з самага пачатку зрабілі стаўку на прафесійных вайскоўцаў, так што ў нашых шэрагах ёсць афіцэры УС РБ, якія звольніліся адтуль з розных прычынаў у розны час. Уласна кажучы, гэта і ёсць наш камандны склад.

Мая роля больш сціплая. У мяне быў досвед вайсковай справы ў юнацтве, 30 гадоў таму, і я не лічу свае кампетэнцыі дастатковымі для камандзіра, таму займаюся пытаннямі арганізацыі, забеспячэння, прэсы, штабной працы. Яшчэ мой асабісты ўнёсак у навучанне заключаецца ў тым, што я чытаю курс англійскай мовы для байцоў нашага падраздзялення. Усе перадавыя вайсковыя тэхналогіі прыходзяць да нас разам з інструктарамі, запланаваная праца з інструктарамі ЗША.

– Як арганізоўваецца забеспячэнне, і адкуль бераце грошы?

Так, утрыманне палка – справа дарагая. З самага пачатку мы пастанавілі (я і малая група маіх сяброў-бізнесоўцаў), што інвестуем у яго ўласныя сродкі. І толькі прадэманстраваўшы нейкі патэнцыял, будзем звяртацца да вонкавага фінансавання. Цяпер ужо можна з упэўненасцю казаць, што гэты шлях і этап станаўлення пройдзены. Так што ў хуткім часе звернемся да патэнцыйных фундатараў. Бухгалтэрыя ў нас на аўтсорсінгу. Усе грошы падсправаздачныя і ўсе пойдуць на вайсковую справу.

«Час расставіць усё па сваіх месцах»

– Чаму б вам не аб’яднацца з батальёнам імя Каліноўскага?

Сапраўды, шмат пытанняў наконт нашых узаемінаў з батальёнам імя Кастуся Каліноўскага. Я не выключаў бы сітуацыі, калі ў нейкі момант мы змаглі б аб’яднацца. Мы некалькі разоў выходзілі з імі на перамовы. Але я канстатую, што мы, відавочна, разышліся ў падыходах.

Тактычнае трэнаванне байцоў батальёну Кастуся Каліноўскага.
Фота: асабісты архіў Вадзіма Кабанчука

Апошні раз мы спісваліся са штабам батальёну Каліноўскага ў той момант, калі ГУБАЗіК вельмі карава паспрабаваў дыскрэдытаваць усе добраахвотніцкія беларускія сілы ва Украіне. Памятаеце, такія смешныя людзі сталі на фоне беларускага лесу ў вельмі дзіўнай экіпіроўцы і заявілі, што яны цяпер брыгада імя Касцюшкі? Менавіта тады я напісаў каліноўцам і прапанаваў разам пасмяяцца з ГУБАЗіКу. У адказ мне было прапанавана прадэманстраваць жывучасць у канкурэнцкай барацьбе.

Ну што ж, я спакойна і па-філасофску гэта ўспрымаю. Урэшце, у нас агульная справа, у нас агульныя ворагі, і я ўпэўнены, што час расставіць усё па сваіх месцах.

– Хто ўваходзіць у асабовы склад падраздзялення?

– Нашыя байцы – гэта ў асноўным людзі, якіх рэжым Лукашэнкі пазбавіў дому, і яны не могуць вярнуцца ў краіну. Яны адмаўляюцца быць эмігрантамі, і каб вярнуцца, ім трэба вызваліць сваю радзіму. Ад акупацыі. У гэтым выпадку – ад падвойнай акупацыі.

Hавiны
«Маральны выбар не позна зрабіць яшчэ сёння». Вадзім Пракоп’еў звярнуўся да вайскоўцаў РБ
2022.03.01 17:49

Я бачу якасць гэтых людзей і смела сцвярджаю, што гэта залаты запас, генафонд нацыі. Гэтыя людзі прыйшлі ваяваць не за лычкі, не за грошы, не за ўкраінскае грамадзянства. Іхная матывацыя, узровень адукацыі і грамадзянскай свядомасці вельмі высокія. І атмасфера ў нашым падраздзяленні моцна адрозніваецца ад таго, што я памятаю са службы ў савецкім войску. Я магу дакладна сказаць, што для мяне вялікі гонар – служыць з такімі людзьмі побач.

– Нешта хочаце яшчэ дадаць?

– Я думаю, што можна смела казаць пра тое, што нашае фармаванне, а таксама іншыя фармаванні беларусаў ва Украіне ўжо можна назваць пачаткам такога важнага працэсу, як фармаванне нацыянальна-вызваленчага руху Беларусі. І, карыстаючыся выпадкам, хацеў бы сказаць нашым суайчыннікам наступнае: не існуе чыста палітычнага развязання беларускага крызісу. Гэтак жа, як не існуе і чыста ваеннага развязання. Тое, што прывядзе нас да перамогі, – ваенна-палітычнае развязанне. Менавіта гэтым і трэба займацца цяпер беларускім лідарам.

30 сакавіка 2022 года Вадзім Пракоп’еў заявіў пра пачатак фармавання беларускага палка «Пагоня». У паведамленні гаварылася, што полк ствараецца з беларускіх афіцэраў дзеля абароны незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласці Украіны. Паводле Пракоп’ева, «Пагоня» ўваходзіць у склад міжнароднага легіёну ЗСУ.

Артыкулы
За вашу і нашу свабоду. Якія вайсковыя падраздзяленні стварылі беларусы для абароны Украіны
2022.04.13 17:02

«Белсат»

Стужка навінаў