«Politico»: Францыя падтрымала прапанову Польшчы абмежаваць імпарт у ЕЗ харчоў з Украіны


Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон і прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск абмеркавалі пытанне імпарту харчоў з Украіны 15 сакавіка на сустрэчы ў фармаце «Ваймараўскага трохкутніка». Выданне «Politico» піша, што Макрон пагадзіўся з прапановаю Туска пашырыць абмежаванні на пастаўкі ўкраінскіх прадуктаў.

Збожжасховішча ў Хмяльніцкай вобласці Украіны. 19 красавіка 2023 года.
Фота: Глеб Гараніч / Reuters / Forum

«Краіны ЕЗ, якія больш за ўсіх дэманструюць сваё падтрыманне Украіны, адначасова наносяць ёй найбольшую шкоду», – сказаў выданню «Politico» на ўмовах ананімнасці еўрапейскі дыпламат.

На саміце на гэтым тыдні еўрапейскія лідары будуць думаць, што рабіць з украінскімі харчамі. З увагі на вайну Брусель раней істотна палегчыў доступ на рынак ЕЗ прадуктаў з Украіны. Аднак гэта моцна ўдарыла па еўрапейскіх фермерах, якія не могуць канкураваць з таннымі харчамі з краіны, што ваюе. Аграрыі зладзілі масавыя пратэсты.

Агляд
Еўрапейскія фермеры пратэстуюць амаль месяц. Чаго яны хочуць?
2024.02.22 09:59

За абмежаванне імпарту харчоў найперш выступаюць дзяржавы, якія мяжуюць з Украінаю, у тым ліку Польшча, дзе фермеры таксама правялі серыю дэманстрацыяў.

Пытанне паставак сельскагаспадарчай прадукцыі прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон і прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск абмеркавалі 15 сакавіка ў Берліне. Паводле неафіцыйных звестак, Макрон пагадзіўся з прапановаю Туска, і Парыж цяпер будзе выступаць за абмежаванне імпарту.

«Мы працуем з Польшчаю, каб знайсці развязанне, што дазволіць нам працягнуць часовыя захады. Мы бяром пад увагу заклапочанасць Варшавы», – кажуць у сталым прадстаўніцтве Францыі ў ЕЗ.

Захады, што прапаноўваюцца, прадугледжваюць абмежаванне імпарту розных збожжавых і мёду. Паводле ацэнак выдання, гэта будзе каштаваць Украіне 1,2 млрд еўраў.

«Гэта велічэзнае скарачэнне для краіны, што мае патрэбу ў любой дапамозе, якую яна можа атрымаць», – канстатуюць дыпламатычныя крыніцы.

Раней Еўракамісія выступіла за абмежаванне імпарту ў ЕЗ цукру, курынага мяса і яек з Украіны пры свабодных пастаўках іншых прадуктаў. У лютым гэтую прапанову еўрапейскія краіны з большага падтрымалі. Цяпер, калі Францыя заняла пазіцыю Польшчы, ухваленне гэтай пастановы аказалася пад пагрозаю.

Аналітыка
Чаму польскія фермеры не перакрылі мяжу з Беларуссю і колькі Польшча купляе беларускага збожжа?
2024.03.05 16:21

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў